Алесь Чаркашын, які загінуў на Украіне, быў капэлянам добраахвотнікаў

Іна, дзяўчына загінулага беларуса, распавяла, што Алесь Чаркашын далучыўся да добраахвотніцкага атраду амаль ад самога пачатку баявых дзеянняў. Ва Украіне ён вучыўся ў Херсоне ў Біблейскім інстытуце. На вайне стаў капеланам добраахвотнікаў. 



aliesj_carkashyn.jpg

«Гэта быў чалавек з вялікай літары, чалавек-абаронца, з якім заўжды было цёпла. Я заўжды адчувала абарону і спакой на душы. Ён служыў Богу і быў божым дзіцём. Я ведаю, што ён цяпер з Богам на нябёсах. 

Гэта быў мірны чалавек, які загінуў за ўсіх нас. Не зважаючы на тое, што ён беларус, ён усіх любіў — і Украіну, і Беларусь, усіх людзей любіў. Ён заўжды змагаўся за справядлівасць. 

Ён нёс людзям Евангелле, перабываў з тымі людзьмі, якія там, на вайне. Яны ўсе разам маліліся: ідзем да перамогі і верым у перамогу разам з Богам. Цяпер не стала Сашы».

Іна прыехала да Тараса два дні таму з Івана-Франкоўску, дзе яны пазнаёміліся ў сакавіку. Апошнія хвіліны ягонага жыцця яна правяла з ім разам.

33-гадовы беларус, былы старшыня берасцейскай гарадской арганізацыі БХД Алесь Чаркашын ваяваў у складзе Добраахвотнага ўкраінскага корпусу Правага сектару. 10 жніўня ён быў цяжка паранены ў баі пад Белакаменкай у Данбасе і памёр у шпіталі ў Запарожжы пасля некалькіх тыдняў комы.

 

www.svaboda.org