Алесь Бяляцкі: Трэба жыць на сваёй зямлі

Старшыня Праваабарончага цэнтра “Вясна”, віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека (FIDH) Алесь Бяляцкі ў панядзелак правёў першую пасля выхаду на волю сустрэчу з журналістамі. 



20140623_110202.jpg

Былы палітвязень распавёў пра ўмовы ўтрымання за кратамі, пра свае адчуванні ў калоніі і планы на будучыню.

Да офіса “Вясны”, што на вуліцы Мяржынскага ў Мінску, яшчэ за гадзіну да вызначанага часу пачалі падцягвацца не толькі журналісты, але і калегі Бяляцкага з іншых праваабарончых арганізацыяў. Алесь з’яўляецца і сябрам Беларускай асацыяцыі журналістаў, таму не дзіва, што з вялікім букетам бел-чырвона-белых кветак павітаць яго прыйшлі старшыня БАЖ Жанна Літвіна і яе намеснік Андрэй Бастунец. Заскочыў паціснуць руку кіраўніку “Вясны” і лідар Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька. А вочы саміх вясноўцаў літаральна свяціліся радасцю з таго, што іх любімы шэф зноў побач.

Вызваліць усіх палітвязняў

На самым пачатку прэс-канферэнцыі Алесь Бяляцкі падзякаваў тым, хто рабіў усё магчымае дзеля яго як мага хутчэйшага вызвалення — калегам-праваабаронцам, грамадзянскай супольнасці, журналістам, якія пастаянна пісалі пра яго. Былы вязень ведае гэта, бо меў магчымасць атрымліваць у Бабруйскай калоніі незалежныя выданні.

Потым Алесь выкрасліў чырвоным маркерам з майкі са спісам палітвязняў сваё імя. “Адным палітвязнем у Беларусі стала меней, але яшчэ сем палітычных застаюца ў вязніцах, — нагадаў Бяляцкі. — Я спадзяюся, што маё вызваленне — толькі пачатак, і іншыя палітвязні будуць таксама на волі. Я звяртаюся да ўладаў з патрабаваннем не спыняцца на вызваленні толькі Бяляцкага, бо сітуацыя з маім вызваленнем не паляпшаецца. Мы павінны быць краінай без палітвязняў, і мы знаходзімся ад гэтага даволі блізка. Дастаткова выпусціць гэтых сем чалавек — Мікалая Статкевіча, Эдуарда Лобава, Арцёма Пракапенку, Васіля Парфянкова, Яўгена Васьковіча, Ігара Аліневіча, Мікалая Дзядка — і абвясціць мараторый, выявіць добрую волю адносна грамадзянскай супольнасці, да людзей з іншымі поглядамі”.

Умова для пацяплення стасункаў

Хтосьці з калегаў запытаўся ў кіраўніка “Вясны”, што ён думае наконт актывізацыі апошнім часам дзейнасці афіцыйнага Мінска на заходнім накірунку і магчымага пацяплення ў дачыненняў паміж Беларуссю і Еўропай. 

Першае, чаго трэба дамагацца, — гэта вызвалення палітвязняў. Усялякія размовы пра пацяпленне могуць весціся толькі пасля гэтага. Пакуль ёсць палітвязні, мы не павінны дапускаць такой сітуацыі падвойных стандартаў, як, напрыклад, у Азербайджане, дзе ёсць палітвязні, але таварыш Аліеў катае па Еўропах, і з ім усе вітаюцца. Такога ў нас не павінна быць, і мы мусім рабіць тое, што і рабілі да маёй пасадкі. Надзвычай важна стварэнне сітуацыі накшталт таго, як бывае "бяз’ядзерная зона", то ў нас павінна быць зона без палітвязняў. І калі мы даб’емся гэтага, і калі ўлады зразумеюць, што для іх гэта выгадна ў палітычным і эканамічным плане — не мець палітвязняў у Беларусі, вось тады могуць ісці і іншыя размовы і перамовы. Пакуль гэтага няма, гаварыць пра паляпшэнне сітуацыі не выпадае. Калі сядзіць хоць адзін чалавек, гэта азначае, што паўторыцца сцэнар, які быў у 2010 годзе. Зноў нейкі зрыў, і ў нас не адзін, а сто чалавек у турме. Зноў у нас чарговы чэмпіянат — і пачынаюцца незразумелыя затрыманні, дэбільныя пратаколы за лаянку матам. Мы не павінны скатвацца да сітуацыі бяспраўя і беззаконня, якое фактычна прыкрываецца ўладай. Калі мы спрабуем пабудаваць нешта на законных падставах, дык давайце гуляць больш-менш шчыра ў гэтай сітуацыі”, — падкрэсліў Бяляцкі.

Высокая мэта

Па словах экс-палітвязня, тое, што яго ўнутрана трымала пад час трох гадоў знаходжання ў няволі, — гэта мэта, дзеля якой ён “сядзеў”. “Сядзець за дэмакратычную Беларусь, за Беларусь незалежную — гэта нармальна, гэта можна. Я не ўпадаў ні ў якія стрэсавыя сітуацыі, не знаходзіўся ў нейкім унутраным заламанні. Бо мэта, дзеля якой і актывісты грамадзянскай супольнасці, і дэмакратычна настроеныя беларусы дабіваюцца змяненне сітуацыі ў нашай краіне ў лепшы бок, высокая. І гэтая мэта патрабуе пэўных намаганняў, і калі трэба, то нават вось такіх ахвяраў, хаця, можа быць, гэта занадта высокае слова”, — сказаў праваабаронца. І дадаў, што проста так, без высілкаў “у нас нічога не будзе”. “З тым пачуваннем, за што я сяджу, мне ўнутрана сядзелася вельмі лёгка”, — адзначыў Алесь.

Поўная нечаканасць

Бяляцкі прызнаўся, што датэрміновае вызваленне сталася для яго поўнай нечаканасцю. Яшчэ а 8-й раніцы ў суботу, 21 чэрвеня, ён быў на працы, а ўжо а 9-й яго выклікалі да начальства калоніі, дзе паведамілі, што ён вызваляецца “згодна артыкула 6 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб амністыі” ад 17.06.2014 на неадбытую частку тэрміна”.

20140623_104244.jpg

Паўтары гадзіны спатрэбілася амніставанаму на зборы, пасля чаго Алеся і яшчэ аднаго таксама амніставанага чалавека на машыне “хуткай дапамогі” (?!) даставілі на вакзал Бабруйска і пасадзілі ў электрычку да Мінска. “Відаць, яны вельмі баяліся, каб інфармацыя пра маё вызваленне не прасачылася за муры калоніі, і каб тут нешта не здарылася. Таму вось так яны спяшаліся”, — усміхнуўся Бяляцкі.

Аб памілаванні нават не задумваўся

Праваабаронца падкрэсліў, што ў яго нават у думках не было падаваць прашэнне аб памілаванні. Хоць прапановы такія паступалі.

Выбару, пісаць ці не пісаць прашэнне, у мяне не было. Фармальна, мне прапаноўвалі два разы напісаць прашэнне на імя Лукашэнкі — спачатку ў верасні 2011-га, а пасля ў студзені 2014-га пасля прэс-канферэнцыі Аляксандра Лукашэнкі. Дарэчы, у калоніях шмат што не гаворыцца на словах, але цябе падштурхоўваюць сваімі ўчынкамі, нейкімі дробнымі правакацыямі ды абмежаваннямі”, — адзначыў Бяляцкі.

Жыць на сваёй зямлі

На пытанне, ці не збіраецца ён пасля вызвалення па прыкладзе Андрэя Саннікава і Змітра Бандарэнкі з’ехаць з Беларусі, Алесь Бяляцкі катэгарычна адказаў: “Не!”. “З’язджаць я не збіраюся, мне тут вельмі камфортна. Я нават на зоне, пра што пісаў у лістах, адчуваў сябе вельмі камфортна, бо вакол мяне свае людзі. Для мяне важная атмасфера беларускага грамадства — такога, якое яно ёсць. Добра, калі людзі, асабліва маладыя, едуць за мяжу вучыцца, каб набрацца ведаў, а потым вярнуцца ў Беларусь і рабіць жыццё лепшым. Але жыць за мяжою я б не змог. Жыць трэба на сваёй зямлі”, — сказаў праваабаронца.