Алег Аблажэй: Распавесці пра смяротнае пакаранне мастацкімі алегорыямі складана
5 кастрычніка ў Мінску ў межах Тыдня супраць смяротнага пакарання адчыняецца выстава плакатаў Алега Аблажэя - вядомага беларускага мастака з Вільні.
http://spring96.org/be/news/73476
Алег Аблажэй, беларускі мастак і літаратар з Вільні
Напярэдадні адкрыцця выставы мастак распавёў сайту “Вясны” пра асаблівасці сваёй працы над серыяй "Шэсць аргументаў супраць смяротнага пакарання", якая ўзяла
назвуаднайменнага праваабарончага фільму, і асабістае стаўленне да гэтай праблемы.
— Алег, вы вядомы ілюстратар, у тым ліку дзіцячых казак. Тэма смяротнага пакарання вельмі цяжкая псіхалагічна… Як Вам у гэтым плане працавалася над плакатамі?
— Шчыра кажучы, першы імпульс быў — адмовіцца. Бо я ж прывык маляваць цмокаў з каралеўнамі, а тут такая цяжкая тэма... З іншага боку, я досыць шмат займаўся, так бы мовіць, грамадскай публіцыстыкай, таму абдумваць і асэнсоўваць даводзілася многія праблемы. Але адна справа выказвацца словамі, іншая — мастацкімі алегорыямі. Таму працаваць было досыць складана, тым больш што тэрміны былі сціслыя.
— Як Вы шукалі метафары, каб перавесці "Шэсць аргументаў супраць смяротнага пакарання" ў мастацкія вобразы, якія вельмі ўражваюць?
— З аднаго боку, хацелася, каб метафары былі лаканічныя і ёмістыя, бо мова плакату гэтага вымагае. З іншага, трэба, каб яны былі зразумелыя кожнаму. Таму я звяртаўся да традыцыйных сімвалаў — чэрап, крыж, сэрца, анёл...
— Ці ёсць у вас асабісты аргумент супраць смяротнага пакарання? Што б Высказалі прыхільнікам смяротнага пакарання ад сябе?
— Я думаў, у першую чаргу, пра Беларусь: калі нават у такой краіне, як ЗША, здараюцца судовыя памылкі, то ўжо для нашай краіны гэта яшчэ больш складана. Што і паказала справа з выбухам у метро — мала хто ўпэўнены ў тым, што пакараныя сапраўды тыя, хто гэтае злачынства здзейсніў. Бадай што гэтыя шэсць аргументаў дастаткова акрэсліваюць сутнасць праблемы, таму нейкага асабістага дадаць не магу.
Даведка:
Алег Аблажэй, мастак, літаратар. Сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў. Нарадзіўся ў 1954 годзе на Наваградчыне. З 1979 года жыве ў Вільні.
Адукацыю атрымліваў у Маскоўскім завочным народным універсітэце мастацтваў, Віцебскім педагагічным інстытуце (мастацка-графічны факультэт) і Літоўскім мастацкім інстытуце (аддзяленне графікі).
Распавядае, што першае ў жыцці ўбачанае ім возера — Свіцязь, і, магчыма, таму час ад часу піша вершы. Іранізуе, што гэта ў яго атрымліваецца не так добра, як у Міцкевіча, але суцяшае сябе тым, што затое малюе значна лепш за свайго славутага земляка.
Піша і ілюструе казкі.
У 1997 годзе ў Варшаве выйшла кніга казак "Siedembajekokrolewnach" ("Сем казак аб каралеўнах") з ілюстрацыямі аўтара.
Некалькі наступных кнігаў цярпліва чакаюць свайго выдаўца.
Для дарослых піша публіцыстыку, апавяданні і афарызмы. Супрацоўнічаў з часопісам "Дзеяслоў", альманахам "Куфэрак Віленшчыны", газетамі "Наша Ніва", "Свабода". Як ілюстратар - з выдавецтвамі Беларусі, Польшчы, Масквы.
Займаецца таксама перакладамі з польскай і літоўскай моваў.
Вядзе блог на Беларускім Радыё Рацыя.