“Ян Карскі. Чалавек свабоды”
6 кастрычніка ў Музеі гісторыі горада Мінска адкрылася гістарычная выстава “Ян Карскі. Чалавек свабоды”, арганізаваная Музеем гісторыі Польшчы (Варшава) і Польскім Інстытутам у Мінску пры падтрымцы генеральнага консульства Польшчы ў Санкт-Пецярбургу.
У экспазіцыі, падрыхтаванай дырэктарам Цэнтра дыялогу імя Марэка Эдэльмана Іаанай Падольскай, дэманструюцца 22 плакаты, на якіх прадстаўлена жыццё і дзейнасць выбітнага дзеяча польскага антыфашысцкага супраціву, Праведніка народаў свету Яна Карскага (сапраўднае прозвішча Казалеўскі, 24.06.1914, Лодзь — 13.07.2000, Вашынгтон).
Пасля заканчэння ў 1935 годзе факультэту права і дыпламатыі Львоўскага ўніверсітэту Ян Казалеўскі вучыўся ў артылерыйскай вучэльні падхарунжых ва Уладзіміру-Валынскім, з студзеня 1939 году пачаў працаваць у МЗС Польшчы. Пасля нападу Германіі на Польшчу мабілізаваны ў войска, быў паранены, спачатку апынуўся ў савецкім, затым у нямецкім палоне. У лістападзе 1939 года збег з палону, уступіў у польскі антыфашысцкі супраціў, прыняў псеўданім “Карскі”, які пазней стаў яго прозвішчам, здзейсніў патаемную паездку ў Францыю з інфармацыяй для ўраду Польшчы ў выгнанні.
Летам 1940 году захоплены гестапа ў Славакіі, аднак вызвалены у выніку ўзброенага нападу антыфашыстаў на шпіталь у горадзе Новы-Сонч. Затым нелегальна вярнуўся ў Польшчу і працаваў у галоўным штабе Арміі Краёвай. Пасля сустрэчы з габрэйскімі дзеячамі Ян Карскі двойчы таемна ўваходзіў у Варшаўскае гета, а ў форме нямецкага салдата — у гета ў Ізбіцы Любельскай, адкуль вязняў адпраўлялі ў лагеры смерці Белжэц і Сабібор.
У 1942 годзе Карскі быў накіраваны ў Лондан, дзе распавёў галаве ўраду Польшчы ў выгнанні генералу Уладыславу Сікорскаму як пра дзейнасць Арміі Краёвай, так і пра лёс ахвяраў Халакосту. Сікорскі пазнаёміў урады Велікабрытаніі і ЗША з дакладам Карскага.
Летам 1943 года падчас прыёму ў прэзідэнта ЗША Франкліна Рузвельта Карскі распавёў пра трагедыю еўрапейскага габрэйства. Аднак ні прэзідэнт ЗША, ні выбітныя дзеячы амерыканскай палітыкі і культуры не паверылі Яну Карскаму. У 1944 годзе ён напісаў кнігу “Кур’ер з Польшчы: гісторыя таемнай дзяржавы”, якая была надрукавана накладам у 360 тысяч паасобнікаў.
Пасля вайны Ян Карскі жыў у ЗША, стаў доктарам паліталогіі і прафесарам Джорджтаўнскага ўніверсітэту, атрымаў амераканскае грамадзянства, ажаніўся на вядомай польскай танцорцы і харэографе Паліне Нірэнскай, усе 69 сваякоў якой загінулі пад час Халакосту.
Пасля таго, як у 1978 годзе Ян Карскі зняўся ў фільме “Шоа”, сусветная грамадскасць асэнсавала ролю гэтага чалавека ў барацьбе супраць Халакосту. У 1982 годзе Як Карскі стаў Праведнікам народаў свету, пасадзіў дрэва на тэрыторыі інстытуту “Яд-Вашэм” у Ерусаліме, быў прыняты прэзідэнтам Ізраілю, а праз 12 гадоў атрымаў ганаровае грамадзянства Дзяржавы Ізраіль.
Ян Карскі быў узнагароджаны польскім ордэнам Белага Арла і амерыканскім медалём Свабоды (пасмяротна). Ён — ганаровы доктар васьмі ўніверсітэтаў ЗША і Польшчы. У 1996 годзе ў Польшчы пра Карскага быў зняты дакументальны фільм “Мая місія”, у 1998 годзе ён быў намінаваны на Нобелеўскую прэмію міру. Помнікі Яну Карскаму ўзведзены насупраць польскага консульства ў Нью-Ёрку, у кампусах Джорджтаўнскага і Тэль-Авіўскага ўніверсітэтаў, а таксама ў польскіх гарадах Кельцэ і Лодзь.
У 1992 годзе Габрэйскі навукова-даследчы інстытут у Нью-Ёрку заснаваў прэмію імя Яна Карскага і Полі Нірэнскай. Ёй штогод адзначаюцца аўтары публікацый пра жыццё габрэяў у Польшчы і іх унёсак у польскую культуру.
Дырэктар Музея гісторыі Польшчы Роберт Костра распавёў, што паколькі ў 2014 годзе споўнілася 100 гадоў з дня нараджэння Карскага, польскі Сейм абвясціў гэты год Годам Яна Карскага. Спадар Костра назваў Яна Карскага “сапраўдным патрыётам Польшчы, сапраўдным хрысціянінам і сапраўдным чалавекам, які мог спачуваць іншым”. З выставай, якая з'яўляецца часткай праграмы "Ян Карскі. Няскончаная місія " і знаходзіцца пад патранатам прэзідэнта Польшчы Браніслава Камароўскага, пазнаёміліся жыхары 20 краінаў свету, сказаў Роберт Костра.