У Мінску можна наведаць выставу "Вышэйшая мера"
У сядзібе “Галіяфы” 7 кастрычніка адбылася прэзентацыя сумеснага фотапраекта “Вышэйшая мера” фотажурналіста Сяргея Балая і кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі”.
Фотавыставу наведалі Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Вялікабрытаніі ў Беларусі Брус Бакнел, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Чэхія ў Беларусі Мілан Экерт,
старшыня Камітэта па замежных справах Парламента Чэшскай Рэспублікі Карэл Шварцэнберг, часовы павераны ў справах Балгарыі ў Беларусі Івайла Іванаў, ганаровы госць
беларускага Тыдня супраць смяротнага пакарання і адна з гераінь фотапраекта "Вышэйшая мера", грамадская дзяячка Тамара Чыкунова, праваабаронцы, прадстаўнікі
грамадскасці.
Героямі фотапраекта Сяргея Балая сталі Святлана Жук, Любоў Кавалёва,Тамара Сялюн, Вольга Грунова і Тамара Чыкунова — маці, чыіх сыноў дзяржава вырашыла пазбавіць жыцця, прыкрываючыся антыгуманным законам.
Сяргей Балай распавёў наведвальнікам выставы і гасцям Тыдня супраць смяротнага пакарання аб тым, як узнікла задума такога псіхалагічна складанага праекта:
— Я даведаўся з даследванняў, што больш паловы беларусаў шчыра ўпэўненыя ў тым, што смяротнага пакарання ў Беларусі няма, што дзейнічае мараторый. І гэта затым знайшло сваё падцвярджэнне. Калі я размаўляў з бацькамі і сваякамі прыгавораных да вышэйшай меры, яны таксама казалі пра тое, што да таго моманту, пакуль гэтая страшная навіна не прыйшла да іх у дом, яны таксама былі ўпэўненыя, што смяротнага пакарання ў краіне няма. А калі закруціліся колы нашай судовай сістэмы, толькі ў гэты момант яны і даведаліся пра жахлівую праўду. Вось тады ў мяне цалкам сфарміравалася ідэя праекта і я вырашыў заняцца ім усур’ёз. Ня ведаючы, з чаго пачаць, я звярнуўся ў Праваабарончы цэнтр “Вясна”, каб знайсці кантакты такіх людзей, сваякоў пакараных смерцю, Нейкім натуральным чынам у нас з’явілася агульная цікавасць і мы вырашылі рабіць праект у тым выглядзе, у якім ён сёння прадстаўлены тут. Вынікам паўгадовай цяжкай працы сталася гэтая выстава, якая складаецца з 26 прац, хаця іх нашмат болей.
Тамара Чыкунова, якая 8 год змагалася за адмену смяротнага пакарання ва Узбекістане і дамаглася гэтага, распавяла прысутным паказальную гісторыю са свайго ўласнага жыцця, пра тое, як пакаралі смерцю яе сына, а праз нейкі час высветлілася, што ён быў не вінаваты. Гэтая трагедыя не зламала яе, яна стала змагацца супраць смяротнага пакарання ня толькі ў сваёй краіне, але і ў іншых месцах. Яна перакананая: “Жыццё чалавека — гэта бясцэнны дар, дадзены пры нараджэнні. Дзяржава не нараджае людзей, не дарыць жыццё. Чаму тады дзяржава бярэ на сябе права рашаць, хто мае права жыць, а хто — павінен памерці. Мэта крымінальнага пакарання тое, што чалавек павінен раскаяцца ў здзейсненым, загладзіць сваю віну перад грамадствам, рэабілітавацца…"
"Кожны прысуд мае вялікі працэнт памылкі, — кажа Тамара Чыкунова. — З больш чым ста чалавек, асуджаных да смяротнай кары, са справамі якіх я непасрэдна працавала, толькі 12 атрымалі пажыццёвае зняволенне пасля перагляду іх прысудаў. Тыя, хто адбыў працяглыя тэрміны зняволення і выйшаў урэшце на волю, а я ведаю справы 21 чалавека, ніводзін не вярнуўся на шлях злачынства: жаніліся, вучацца, гадуюць дзяцей, працуюць.
Няма апраўдання законнаму, наўмыснаму, жорсткаму забойству ў імя правасуддзя. Я за жыццё, за жыццё супраць смяротнага пакарання!”
Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Вялікабрытаніі ў Беларусі Брус Бакнел у сваім выступе зрабіў акцэнт на міжнародны досвед адмены смяротнага пакарання, распавёў пра шлях Вялікабрытаніі да адмены вышэйшай меры і выказаў упэўненасць, што Беларусь урэшце далучыцца да краін, вольных ад смяротнай кары.
Старшыня Камітэта па замежных справах Парламента Чэшскай Рэспублікі Карл Шварцэнберг сваім прыездам у Беларусь падтрымаў кампанію "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання":
"Я не разумею, як увогуле нехта з тых, хто жыў у 20-м стагоддзі і памятае пра тое, колькі нявінных людзей было забіта, пакарана вышэйшай мерай, як увогуле такія людзі могуць быць за смяротнае пакаранне. Я мяркую, што ў 21 стагоддзі, пры той ступені цывілізацыі, якой мы дасягнулі сёння, у цывілізаванай еўрапейскай краіне не можа існаваць смяротнае пакаранне Ніводнае кіраўніцтва ніводнай краіны не мае права пакараць смерцю свайго грамадзяніна".
Карэл Шварцэнберг пажадаў усім хто прыйшоў сюды, усім, хто змагаецца супраць смяротнага пакарання, вялікіх поспехаў у іх справе, і запэўніў, што будзе падтрымліваць іх усюды усімі спосабамі, якімі толькі зможа.
“Я веру, што і тут мы дасягнем поспеху” — выказаў упэўненасць Карэл Шварцэнберг.
Фотавыставу Сяргея Балая “Вышэйшая мера” можна наведаць цягам дня 8 і 9 кастрычніка па адрасе: Валгаградская, 4а, сядзіба “Галіяфы”. Уваход вольны.