Аляксандр Малчанаў на волі

Былога палітвязьня вызвалілі з калёніі ў Насадах. Ахоўнікі калоніі паведамілі, што Малчанава вызвалілі а 6-й раніцы, яшчэ да пад'ёму.  



eec706b9_d494_43fb_8787_66f4519a6189_w640_r1_s.jpg

Аляксандр Малчанаў

Малчанава на вуліцы Ленінскай у Барысаве сустракаў ягоны бацька Валеры. Бацька ўжо сталага веку і да журналістаў ды грамадскіх актывістаў, якія прыехалі пазней, не выйшаў.

Малчанаў выглядае бадзёра. Ён схуднеў і загарэў.
 

Кажа, што вельмі рады апынуцца дома.
 

Хлопец гаворыць, што гэтым разам у калоніі да яго ставіліся больш лагодна, чым калі сядзеў за Плошчу. Адміністрацыя і вязні ведалі пра ягоную першую справу за ўдзел у акцыі пратэсту супраць фальшавання вынікаў прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня 2013. Малчанаў гаворыць, што ахова ў калоніі абкружыла яго вязнямі, якія ўсё дакладалі.
 

Прафілактычны нагляд на паўгода ён атрымаў за два парушэнні. Кажа, што згодны толькі з адным.
 

Адказваючы на пытанне “Радыё Свабода”, ці лічыць ён сябе палітвязнем, Аляксандр Малчанаў заявіў: каб не было пільнага кантролю і была магчымасць знайсці працу, ён бы не краў металалом.
 

Малчанаў прызнаўся, што зрабіў высновы з той гісторыі і болей не будзе такім займацца.
 

У калоніі былы палітвязень скончыў курсы станочніка. Цяпер ён можа працаваць токарам.
 

Малчанаў сказаў, што бліжэйшым часам будзе займацца агародам, што ля дому. Маўляў, пакуль яго не было, усё зарасло.
 

У суботу вечарам ён збіраецца на могілкі, адведаць магілу маці.
 

Да 5 раніцы ў нядзелю ён павінен стаць на ўлік у міліцыі.
 

З пачаткам новага навучальнага году, Аляксандар Малчанаў зьбіраецца аднавіцца на вучобе.
 

Даведка: Аляксандр Малчанаў


Нарадзіўся 22 чэрвеня 1988 г. у Барысаве.
Вучыўся ў барысаўскай школе № 22.
На пачатку 2000-х быў сябрам руху «Зубр».
Працаваў на Барысаўскім рамонтна-механічным заводзе, «Гідраўзмацняльніку», БАТЭ.
Вучыўся ў Міжнародным гуманітарна-эканамічным інстытуце.
Браў удзел у акцыі пратэсту супраць фальшавання вынікаў выбараў 19 снежня 2010 г.
Быў затрыманы 6 студзеня 2011 г. у сябе дома ў Барысаве.
Абвінавачаны ва ўдзеле ў масавых беспарадках і ў знявазе дзяржаўнага сцяга, які сарваў з будынку КДБ.
2 сакавіка суддзя Фрунзенскага суду Мінску Тацяна Чаркас асудзіла Малчанава на 3 гады зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Адбываў пакаранне ў калоніі № 15 Магілёва.
Вызвалены 14 верасня 2011 г.
Вясной 2012-га Малчанава прызналі вінаватым у крадзяжы металалому з мясцовага заводу і асудзілі на 1,5 года зняволення.
Збіраючы металалом, ён прайшоў на тэрыторыю мясцовага заводу цяжкіх штамповак, якая не ахоўвалася. Там яго і затрымалі.
У чэрвені 2012-га ў Барысаве памерла маці — Галіна Малчанава. Адміністрацыя турмы ў Жодзіне, дзе тады ўтрымлівалі Малчанава, адмовілася адпусціць сына на пахаванне маці.

www.svaboda.org