Аляксандр Францкевіч: Ім не падабаецца? Значыць, буду рабіць гэта часцей
Вечарам 1 студзеня вызваліўся з ЦІП на вуліцы Акрэсціна Аляксандр Францкевіч. Нягледзячы на цяжкі паслясвяточны дзень, яго прыйшло сустракаць шмат сяброў і проста неабыякавых грамадзян.

Аляксандр Францкевіч — былы палітвязень. У траўні 2011-га ён быў асуджаны па «справе анархістаў» да трох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага
рэжыму. Выйшаў на волю 3 верасня 2013-га.
Францкевіч быў затрыманы 20 снежня мінулага году каля дома-музея I з'езда РСДРП. У той час на праспекце Незалежнасці праходзіла акцыя пратэсту аўтамабілістаў «Стоп-падатак».
Да Аляксандра падышлі невядомыя асобы ў цывільным без апазнавальных бэйджыкаў, калі пабачылі, што ён здымае на тэлефон супрацоўнікаў міліцыі. За Францкевіча
спрабавалі заступіцца Анастасія Кухта і Анастасія Шатэрнік, у выніку чаго больш за двое з паловай сутак усе трое правялі ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна.
23 снежня суд аштрафаваў дзяўчын, а Францкевіч атрымаў 12 сутак арышту.
Выпусцілі яго без усялякіх «фокусаў» у 18:35. Спецназаўцам, мабыць, далі адпачыць — іхнага мікрааўтобусу з таніраваным шклом і без нумароў не было відаць. За сустрэчай назіраў толькі
адзін супрацоўнік у цывільным на легкавым аўтамабілі.
Перад яго выхадам цэлую гадзіну на тэрыторыю ЦІП не пускалі міліцэйскі бусік з нейкім
затрыманым. Баяліся адчыняць вароты, каб не штурмавалі? Затрыманы лаяўся і грукаў у дзверы аўтамабіля, скардзіўся на тое, што яму кепска, міліцыянт на яго пакрыкваў, але не вельмі
злосна — ці то быў лагодны пасля навагодняга свята, ці то саромеўся
сведак.
Аляксандра сустрэлі воплескамі і воклічамі.
Ён распавёў, што адміністрацыя арыштантаў са святамі не віншавала, але ў навагоднюю ноч
выключылі святло ў камеры — такі сабе падарунак.
Усміхаючыся, Аляксандр запэўніў, што запужаць яго не ўдалося — ён і надалей будзе прымаць удзел у акцыях пратэсту. «Ім не падабаецца, што я здымаю? Значыць, буду рабіць гэта часцей, хай
ведаюць».
Нагадаем, што 20 снежня суддзя
Цэнтральнага раёна Мінска Вікторыя Шабуня пакарала адміністратыўным арыштам на 15 сутак за пікет салідарнасці з Майданам, які ладзіўся ля амбасады Украіны ў Мінску 30 лістапада, Максіма
Вінярскага.
Суд прызнаў актывіста вінаватым у парушэнні арт. 23.34 КаАП РБ (парушэнне парадку правядзення альбо арганізацыі масавага мерапрыемства).
Максім папрасіў суд адтэрмінаваць выкананне пакарання на месяц з прычыны хваробы яго маці. На знак пратэсту супраць рашэння суддзі Вікторыі Шабуня Максім
Вінярскі абвесціў галадоўку.
Сустрэць яго пасля вызвалення можна будзе 3 студзеня ў 20:00.