Алесь Бяляцкі: Зблыталі праваабаронцаў з праваахоўнікамі

"Палата зрабіла самы недарэчны выбар, які толькі можна было зрабіць. Гэты выбар сведчыць пра нізкі ўзровень разумення правоў і свабодаў чалавека самой Палатай", — пракаментаваў Алесь Бяляцкі ўзнагароду Шуневіча.

bialiacki_svaboda_1.jpg

Навіну пра ўзнагароджанне  міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча граматай Нацыянальнага сходу за дзейнасць ва «ўмацаванні правоў і свабодаў грамадзян» пракаментаваў Радыё "Свабода" старшыня Праваабарончага цэнтру «Вясна», былы палітвязень Алесь Бяляцкі.

«Рэагую на гэта спакойна, бо Палата прадстаўнікоў, мабыць, мае права даваць нейкія ўзнагароды, але, вядома, гэтая навіна выклікае пачуццё пэўнай іроніі і жалю. Бо з аднаго боку відавочна, што міністр Шуневіч на працягу сваёй кар’еры не з’яўляецца ярым абаронцам правоў чалавека, і ягоныя дзеянні, ягоныя выказванні, што былі ў прэсе, сведчаць якраз пра іншае. Ягонае ўяўленне аб правах чалавека вельмі далёкае ад міжнародных стандартаў і ўрэшце ад беларускай Канстытуцыі, якая гарантуе грамадска-палітычныя свабоды грамадзянам. Якія выказванні я маю на ўвазе? Ды хаця б узяць ягоныя ацэнкі, датычныя мірных масавых выступленняў. Яны сведчаць, што ў галаве ў яго адны абавязкі беларускіх грамадзянаў перад уладамі і ніякіх правоў.

Масавыя лжывыя сведчанні міліцыянтаў у якасці сведак падчас судоў над грамадскімі актывістамі гэтай вясной — гэта што, як не выкананне імі тайнага загаду? Я не сумняваюся, што міністр як мінімум у курсе гэтых ілжэсведчанняў.

Наўрад ці міністр Шуневіч з’яўляецца годнай кандыдатурай для адзначэння яго любой праваабарончай узнагародай. Гэта проста нейкая насмешка і здзек.

Таксама трэба адзначыць жаданне прыхаваць скандалы і парушэнні ў сістэме Міністэрства ўнутраных спраў, якія мы бачылі цягам ужо і гэтага года. Не заўсёды рэакцыя на гэта Шуневіча была адпаведнай, а было жаданне проста загрэбці пад кілім смецце. Замест таго, каб вучыць супрацоўнікаў МУС павазе да правоў чалавека, кіраўніцтва міністэрства бароніць свой мундзір. Гэта тычыцца і катаванняў грамадзянаў падчас затрымання і ў аддзяленнях міліцыі, і непрапарцыйнае ўжыванне спецсродкаў.

Відавочна, што стан асабовага складу міліцыі патрабуе адукацыі, асветніцкіх мерапрыемстваў, дзе б ім тлумачылі правы беларускіх грамадзянаў і што яны не маюць права заходзіць на гэтую тэрыторыю. Але гэтага не адбываецца, а ёсць вузкі ведамасны падыход.

Асобна закрану тое, што тычыцца Дэпартаменту выканання пакаранняў. Гэтая структура таксама знаходзіцца ў падпарадкаванні МУС і перманентныя парушэнні правоў вязняў, якія адбываюцца ў месцах зняволення, таксама ляжаць на сумленні міністра ўнутраных спраў, бо непасрэдна Шуневіч з’яўляецца начальнікам беларускіх калоній і турмаў. Але ў вязніцах паўсядзённа і паўсюдна парушаюць правы зняволеных. На жаль, там таксама нічога не робіцца, каб захоўваць іхную годнасць. Ніхто не думае пра тое, што яны таксама з’яўляюцца людзьмі і маюць права на годнае абыходжанне з імі, на неўжыванне да іх катаванняў, суб’ектыўных мераў пакарання, якія б абмяжоўвалі іхныя правы.

Падсумоўваючы, адзначу, што Палата зрабіла самы недарэчны выбар, які толькі можна было зрабіць. Гэты выбар сведчыць пра нізкі ўзровень разумення правоў і свабодаў чалавека самой Палатай. Верагодна, што яны зблыталі гэтыя два словы — праваабаронца і праваахоўнік — і вырашылі ўганараваць таго, хто насамрэч гэтага ніяк не заслугоўвае».

 spring96.org