Забарона патрапіць у прыбіральню — новы від катаванняў?
Гісторыя, пра якую праваабаронцам распавёў актывіст «Еўрапейскай Беларусі» Леанід Кулакоў, уражвае цынізмам і бесчалавечнасцю.
Фактамі жорсткіх і прыніжаючых годнасць відаў абыходжання
з адміністрацыйна арыштаванымі ў апошні час нікога ў Беларусі не здзівіш.
Асабліва пасля масавых сакавіцкіх акцый пратэсту, калі іх удзельнікаў каралі
арыштамі і змяшчалі ў ізалятары часовага ўтрымання і цэнтры ізаляцыі
правапарушальнікаў. Інфармацыя арыштаваных аб умовах утрымання была пакладзеная
ў аснову “Аналітычнага агляду па ўмовах утрымання адміністрацыйна
арыштаваных за мірныя акцыі ў сакавіку 2017 года” ў Мінску".
Аднак гісторыя, пра якую праваабаронцам распавёў Леанід Кулакоў, уражвае сваім цынізмам і бесчалавечнасцю.
Леаніда Кулакова затрымалі падчас святкавання ў Мінску Дня Волі і да суда змясцілі ў ЦІП на Акрэсціна. Раніцай 27 сакавіка некалькі затрыманых адканваявалі ў суд Савецкага раёна. Разгляд адміністратыўных спраў расцягнуўся на цэлы дзень, і толькі ў 18 гадзін тых, каго суд пакараў арыштамі, прывезлі назад у ЦІП. Але з аўтазака па нейкай тэхнічнай прычыне некаторы час не выпускалі.
Атрымалася, што ад самага ранку і да вечара ў Леаніда Кулакова не было аніякай магчымасці скарыстацца прыбіральняй. Зразумела, што ўрэшце з’явілася пільная неабходнасць справіць малую патрэбу.
— Я стаў прасіць канваіраў, якія знаходзіліся непасрэдна ў аўтазаку, каб мне дазволілі патрапіць у прыбіральню. Але нягледзячы на настойлівыя і неаднаразовыя просьбы, мне некалькі разоў адмаўлялі і нават папярэдзілі, што калі я спраўлю патрэбу проста ў стакане аўтазака, дык яны прыбяруць лужыну маім целам, — распавядае актывіст.
— Такое катаванне працягвалася працяглы час. Урэшце канвойныя прапанавалі вызваліць пластыкавую бутэльку з-пад вады і справіць у яе натуральную патрэбу. У мяне не было іншага выйсця, як на вачах у супрацоўнікаў міліцыі, у тым ліку двух жанчын, а таксама іншых арыштаваных, прычым знаёмых, зрабіць гэта ў нязручных і непрыстасаваных умовах.
На дзеянні, ці хутчэй бяздзеянне, супрацоўнікаў сталічнай міліцыі, актывіст падаў скаргу на імя начальніка ГУУС Мінгарвыканкама.
Ён справядліва лічыць, што такія нялюдскія адносіны супрацоўнікаў міліцыі нанеслі яму маральныя і фізічныя пакуты, зняважылі яго як чалавека, прымусіўшы спраўляць натуральную патрэбу пры непасрэднай блізкасці іншых людзей.
Леанід Кулакоў просіць начальніка мінскай міліцыі правесці праверку па факце бесчалавечных і прыніжаючых годнасць адносінаў, устанавіць асоб, вінаватых у прычыненні яму фізічных і маральных пакутаў, а таксама выправіць падобныя недахопы, каб такія сітуацыі больш не ўзнікалі.