Алесь Бяляцкі: «Адказнасць за смерць Рамана Бандарэнкі ляжыць на МУС»

«Мы, праваабаронцы, патрабуем узбуджэння крымінальнай справы, правядзення расследвання і пакарання вінаватых. Хаця я разумею, што следчы камітэт гатовы заплюшчваць вочы на любое беззаконне і гвалт, учынены сілавікамі», — сказаў праваабаронца Алесь Бяляцкі.



На "Плошчы перамен"

На "Плошчы перамен"

Увечары 12 лістапада стала вядома, што ў БХМД памёр Раман Бандарэнка, якога 11 лістапада ў лякарню даставіла хуткая дапамога з Цэнтральнага РУУС Мінска. Праваабарончы цэнтр "Вясна" патрабуе узбуджэння крымінальнай справы, правядзення расследавання і пакарання вінаватых у смерці Рамана.

«Сёння памёр актывіст Раман Бандарэнка. Ён быў затрыманы на адным з мінскіх двароў невядомымі людзьмі, хутчэй за ўсё, пераапранутымі міліцыянерамі, якія прыехалі туды здымаць бела-чырвона-белыя стужкі, — кажа старшыня ПЦ "Вясна" Алесь Бяляцкі. — “Невядомыя” перадалі Рамана нараду міліцыі, затым яго жорстка збілі ў мікрааўтобусе. У выніку Раман атрымаў чэрэпна-мазгавую траўму і ў цяжкім стане быў дастаўлены ў міліцыю. Там яму яшчэ дзве гадзіны не выклікалі хуткую дапамогу. Дактары не змаглі выратаваць Раману Бандарэнку жыццё.

Ягоная смерць адбылася ў дзень, калі праходзілі некалькі крымінальных судоў супраць актывістаў у Мінску, Гародні, Гомелі, Слуцку, Хойніках, падчас таго, калі сотні нашых суайчыннікаў пакутуюць у турмах на Валадарцы, на Акрэсціна, у Жодзіна ды іншых турмах. Сёння ж былі затрыманыя пяцёра актывістаў Задзіночання беларускіх студэнтаў, іх дапытвалі ў КДБ. Садыстамі з ГУБАЗіКа быў затрыманы і збіты актывіст Мікола Дзядок. Яго прымусілі гаварыць на відэакамеру нейкую лухту.  Цяжкі дзень.

Відавочна, што адказнасць за смерць Рамана Бандарэнкі ляжыць на міністэрстве ўнутраных справаў і тых, хто аддаваў міліцыі загад “закруціць гайкі”. Улады правакуюць яшчэ большую напружанасць паміж імі і народам.

Мы, праваабаронцы, патрабуем узбуджэння крымінальнай справы, правядзення расследавання і пакарання вінаватых. Хаця я разумею, што следчы камітэт гатовы заплюшчваць вочы на любое беззаконне і гвалт, учынены сілавікамі. Але я веру, што аніводнае злачынства, учыненае супраць людзей, не будзе дараванае. Я заклікаю людзей не ўпадаць у роспач і адчай і далей адстойваць свае правы чалавека. Бо мы — не быдла!»

spring96.org