Актывісты БХД са Свіслачы сабралі амаль 150 подпісаў за дадатковы рэйс аўтобуса
Хрысціянскія дэмакраты Марыя Грушэўская і Віктар Пяцельчыц выступілі ініцыятарамі звароту ў Свіслацкі райваканкам наконт арганізацыі дадатковага рэйса грамадскага транспарта ў в. Навасёлкі.
У Навасёлкі, дзе змешчаны каталіцкі касцёл, наведваюцца вернікі навакольных вёсак, якія не маюць такой магчымасці ў сваіх населеных пунктах. Аднак з-за адсутнасці пастаяннага транспартнага злучэння вернікі, асабліва старэйшага ўзросту, не могуць патрапіць у касцёл нават падчас рэлігійных святаў.
З дапамогай хрысціянскіх дэмакратаў жыхары вёсак Цярэспаль, Новы Двор і Студзенікі Свіслацкага раёна сабралі 144 подпісы за арганізацыю дадатковага рэйса грамадскага транспарту ў вёску Навасёлкі па нядзелях і ў дні рэлігійных святаў.
Віктар Пяцельчыц: “Гэтая праблема існуе ўжо даўно, на што жыхары неаднаразова звярталі ўвагу ўладаў. Зараз мы сабралі болей за 140 подпісаў і перадаем іх у райвыканкам. Улады павінны адрэагаваць і пайсці насустрач вернікам. Мы не просім бясплатнага аўтобуса. Людзі гатовыя плаціць грошы, каб мець магчымасць наведваць касцёл”.