Актывістка «ІнфаCпецНаз» Вольга Бондарава змагаецца з аднарогамі

Праўладная актывістка Вольга Бондарава, вядомая сваім змаганнем з усім беларускім, накінулася на айчыннага вытворцу калгот і шкарпэтак «Чобат». Цяпер ёй прыйшоўся не даспадобы лагатып лінейкі тавараў для дзяцей — вясёлкавы аднарог.

czobat.jpg

«У крамах Беларусі ў продажы прадукцыя ў стылі ЛГБТ, прычым ад мясцовага вытворцы, які парушае Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь», — напісала прапагандыстка.

Адзначым, што гэта не першы выпадак змагання Бондаравай з аднарогамі. Яна ўжо змагалася на поўным сур’ёзе з аднарогамі і паветранымі змеямі ў краме FUNtastik у гродзенскім гандлёва-забаўляльным комплексе Triniti. Там яна накінулася на паветраных змеяў з аднарогамі «ў падазроных колерах»

Цацка была ў колерах вясёлкі, але для Бондаравай вясёлка не можа быць проста вясёлкай — гэта сімволіка ЛГБТ.

На думку Бондаравай, «дэманстрацыя ЛГБТ-сімволікі дзецям пагражае дэмаграфічнай бяспецы нашай краіны, парушае закон «Аб правах дзіцяці» ў частцы абароны дзяцей ад інфармацыі, якая можа нанесці шкоду іх нармальнаму маральна-маральнаму развіццю, і Канстытуцыю РБ».

Глядзіце таксама

У самой краме толькі ад самой Бондаравай даведаліся, што, аказваецца, яны дэманструюць сімвал ЛГБТ.

«Вобраз Аднарога — гэта казачны персанаж, і на афіцыйных крыніцах адсутнічае інфармацыя, дзе ён асацыюецца з ЛГБТ ці іншай аналагічнай абрэвіятурай. (…)

У заканадаўстве Рэспублікі Беларусь адсутнічае забарона на маляванне Аднарогаў на якім-небудзь прадмеце, рэчы. У выніку мы не знайшлі парушэнняў з нашага боку», — адказаў скаржніцы дырэктар гандлёвага ўнітарнага прадпрыемства «Пупс і К» Андрэй Кунскі.

Кунскі адзначыў таксама, што малюнак аднарогаў быў размешчаны на ружовым фоне. Пры гэтым тавар мае ўсе сертыфікаты адпаведнасці і дазволы на рэалізацыю.

Цікава, на каго паскардзіцца Бондарава, калі пабачыць вясёлку ў небе? Мабыць, на Белгідрамет?

Паводле «Наша Ніва»

Глядзіце таксама