Афіцыйная версія міліцыі і версія сваякоў параненага ў навагоднюю ноч істотна адрозніваюцца
У навагоднюю ноч на пляцоўцы каля сваёй кватэры быў паранены 28-гадовы працаўнік «Кераміну». У яго двойчы страляў міліцыянт.
Абодва шпіталізаваныя: міліцыянт — з чэрапна-мазгавой траўмай, гаспадар кватэры — з агнястрэльнымі раненнямі.
На афіцыйным сайце гарадскога ўпраўлення ўнутраных спраў паведамляецца, што «па факце нападу на міліцыянта заведзеная крымінальная справа».
Паводле версіі ГУУС, 1 студзеня 2017 года ў 6.40 жыхары аднаго з дамоў па праспекце Любімава выклікалі міліцыю — суседзі гучна святкавалі Новы год:
«Супрацоўнік міліцыі прыбыў, прадставіўся, патлумачыў прычыну візіту, папрасіў перастаць перашкаджаць суседзям. У адказ грамадзянін Г., які знаходзіўся ў стане моцнага алкагольнага апʼянення, раптам нанёс удар супрацоўніку міліцыі ў вобласць грудзей, пасля чаго яшчэ серыю ўдараў у галаву, а потым паспрабаваў завалодаць табельнай зброяй міліцыянта.
Супрацоўнік міліцыі папярэдзіў грамадзяніна аб выкарыстанні табельнай зброі, калі той не спыніць сваіх супрацьпраўных дзеянняў. Але дарэмна: правапарушальнік схапіўся за запясце міліцыянта, спрабаваў вырваць пісталет. У выніку сяржант міліцыі ў барацьбе зрабіў папераджальны стрэл у бок, а потым два стрэлы з пісталета, імкнучыся прычыніць нападніку найменшыя страты. Пасля гэтага правапарушальнік быў затрыманы і дастаўлены ва ўстанову аховы здароўя на лячэнне. Супрацоўнік міліцыі быў шпіталізаваны з чэрапна-мазгавой траўмай і іншымі пашкоджаннямі».
Паводле жонкі параненага гаспадара кватэры Анастасіі Г., як толькі яе муж адчыніў дзверы, госці пачулі крыкі і стрэлы. Як распавяла парталу tut.by жонка параненага, першай у тамбур выбегла яе сястра, на якую міліцыянт наставіў пісталет. Жонка ўбачыла мужа, які ляжаў на падлозе ў лужыне крыві. Міліцыянт, што страляў, адразу ж збег. Потым Анастасія ўбачыла яшчэ дваіх міліцыянтаў, але яна не ведае, прысутнічалі яны ў момант здарэння ці падышлі пазней.
Па словах сведак, суседзяў працаўнік «Кераміну» быў цалкам спакойны чалавек, не валодаў навыкамі рукапашнага бою і не меў пры сабе ніякай зброі.
Да разгляду справы падключыўся Следчы камітэт. 28-гадовы жыхар Мінску знаходзіцца ў вайсковым шпіталі ў рэанімацыі ў цяжкім стане.