«Адзін пачаў ціснуць мне на вочы і крычаць, што зараз іх выцісне, бо я за бел-чырвона-белы-сцяг»

16 снежня актывіста і блогера Андрэй Бодзілева жорстка затрымалі невядомыя ў масках. Удома ў актывіста адбыўся ператрус. Андрэй пастанавіў, што ў Беларусі яму цяпер заставацца небяспечна, ужо 17 снежня выехаў з краіны і папрасіў гуманітарнага прытулку ў Літве, распавядае Белсат.

Андрэй Бодзілеў. Фота: Белсат

Андрэй Бодзілеў. Фота: Белсат


16 снежня невядомыя ў масках спынілі таксі, на якім Андрэй Бодзілеў ехаў на працу. «З крыкамі «Выходзь, сука!» мяне выкінулі з аўта, пасля збівалі па галаве, надзелі кайданкі, зацягнулі ў бус і працягнулі біць там. Адзін з працаўнікоў пачаў ціснуць мне на вочы і крычаць, што зараз іх выцісне, бо я за бел-чырвона-белы-сцяг. У бусе ў мяне з носу лілася кроў, але працаўнікам было важна толькі тое, што кроў можа патрапіць на іхныя рэчы», – так Андрэй апісвае сваю дарогу ва ўпраўленне барацьбы з арганізаванай злачыннасцю.
На месцы Андрэю не далі пазваніць адвакату. Блогера апыталі ў якасці сведкі ў крымінальнай справе ў сувязі з вывешваннем дроту на чыгунцы. А таксама цікавіліся тэлеграм-каналамі. Працаўнікі выдалілі тэлеграм-чат і канал «Свабодны беларус», якія ён стварыў і адміністраваў. Пыталіся пра іншыя каналы.
У кабінеце з Андрэем запісалі відэа, якое ўжо было прадэманстравана на СТВ. «Каб маё апытанне скончылася, мяне папрасілі сказаць на відэа, што я заклікаю не рабіць супрацьзаконных дзеянняў. Я сказаў гэта такім чынам, каб словы былі звернутыя ў першую чаргу да працаўнікоў міліцыі», – каментуе блогер.
Пасля размовы Андрэя павезлі дадому і ўчынілі там ператрус. У яго забралі тэхніку. Супраць блогера нічога не знайшлі ні ў «Тэлеграме», ні ў кватэры, таму адпусцілі. Але папярэдзілі, каб маўчаў, асабліва пра збіццё. Андрэй адразу звярнуўся ў Магілёўскі траўмапункт, дзе паведаміў, што яго збівалі невядомыя людзі ў масках. Ва ўстанове падалі сігнал у міліцыю. Пасля гэтага блогера зноўку пачалі шукаць.
17 снежня міліцыя двойчы прыходзіла да яго ў кватэру і адзін раз на працу.
«Я падумаў, што ад мяне ўжо так проста не адстануць і ў экстраным парадку выехаў з Беларусі. На сваім прыкладзе я зразумеў, што цяпер закону няма ўвогуле. Я лічу, што цяпер на Радзіме для мяне заставацца небяспечна», – так актывіст патлумачыў сваё рашэнне з’ехаць у Літву.