Адвакатка Золатавай: «Высновы абвінавачвання абсурдныя — відаць, не было чаго напісаць»

У панядзелак у судзе Маскоўскага раёна Мінска аднавіўся працэс па «справе БелТА». Сёння адбыліся спрэчкі і абвінавачаная, галоўная рэдактарка TUT.BY Марына Золатава, выступіла з апошнім словам. З гэтай нагоды на пасяджэнне прыйшло амаль столькі ж людзей, колькі ў першы дзень працэсу.

zolatava_sud_dzijana_seradzjuk__13__logo_1.jpg

Самы таямнічы дакумент

Напачатку пасяджэння замест спрэчак суддзя Аляксандр Петраш стаў запытвацца пра адпачынак Марыны Золатавай, яе камандзіроўкі і іншыя абставіны, якія заміналі ў 2017–18 гадах выконваць абавязкі галоўнага рэдактара.

Аднак і пасля гэтых дзіўных пытанняў да спрэчак не дайшло: пракурор Юлія Харчэйкіна папрасіла даследаваць доказы, якія пацвярджаюць несанкцыянаваны доступ да падпіскі БелТА нейкіх таямнічых «іншых асоб». Што гэта за асобы і ці звязаны яны ўвогуле з TUT.BY. Паводле дзяржабвінаваўцы, за ўвесь 2017 і па травень 2018 года з ІР-адрасоў TUT.BY здзейснена амаль 8 000 несанкцыянаваных доступаў да платнай стужкі інфармагенцтва. Нагадаем, што напачатку працэса гаворка ішла пра 134 несанкцыянаваныя доступы. Адкуль узяліся амаль 8000 — сказаць складана, як і не зразумела, якія адносіны гэтыя лічбы маюць да абвінавачвання Золатавай. Калі суддзя паспрабаваў паскорыць працэс і спытаў, ці ёсць у удзельнікаў іншыя дадатковыя матэрыялы, дзяржабвінаваўца не разгубілася і заявіла, што ёсць — і прадаставіла дакумент, паводле якога пракурорская санкцыя на праслухоўванне перамоў Золатавай была дадзена яшчэ 19 сакавіка 2018 года. Раней лічылася, што Золатаву праслухоўвалі беспадстаўна. Чаму гэты дакумент з’явіўся ў матэрыялах справы толькі цяпер — для ўсіх так і засталося загадкай.

1000 базавых ад пракурора

Нарэшце судовае следства абвясцілі закрытым і ўдзельнікі працэсу прыступілі да спрэчак. З пафаснай прамовы дзяржабвінаваўцы вынікала, што ўнутраная пагроза з боку супрацоўнікаў парталу больш небяспечная, чым вонкавая. На думку пракурора, тое, што несанкцыянаваны доступ да інфармацыі некаторыя не лічаць злачынствам, недапушчальна. У такім выпадку ўзнікае сустрэчнае пытанне: ці дапушчальна так халатна ставіцца да пытанняў абароны інфармацыі, як гэта рабілі супрацоўнікі БелТА? Паводле дзяржабвінаваўцы, злачынства Золатавай заключаецца ў тым, што яна «не выканала дзеянняў, якія павінна была выканаць у адпаведнасці са сваімі абавязкамі». Галоўны рэдактар TUT.BY дзейнічала (у сэнсе, бяздзейнічала) свядома і з асабістай зацікаўленасці, пераканана спадарыня Харчэйкіна. Цікава, ці верыць яна сама ў зачытанае ёй абвінавачванне, нібы спісанае з падручніка па ідэалогіі?
Пракурор працытавала закон «Аб СМІ», паводле якога галоўны рэдактар прымае канчатковае рашэнне адносна выпуску СМІ, чым і з’яўляецца TUT.BY. І раз у законе так, то па-іншаму быць не можа, лічыць пракурор. Але, як гэта часта бывае, нормы тут крыху разыходзяцца з жыццём. Справа ў тым, што TUT.BY — не звычайная рэдакцыя СМІ. Гэта не значыць, што партал ігнаруе заканадаўства. Проста там працуюць іншыя схемы. Галоўны рэдактар парталу — не тое ж самае, што галоўны рэдактар газеты. Гэта, хутчэй, менеджар, але дакладна не наглядчык над іншымі супрацоўнікамі. І ў гэтым сэнсе справа Золатавай, у дадатак да ўсяго, выкрывае хібы беларускага заканадаўства аб СМІ.  
Пазоўнікі настойваюць, што ў выніку публікацыі навін БелТА на сайце TUT.BY раней за іх з’яўленне ў стужцы інфармагенцтва прывялі да вялікага ўрону для БелТА ў сувязі са стратай інфармацыяй яе ўнікальнага значэння. Напрошваюцца пытанні: які ж кошт мае тая інфармацыя, калі праз публікацыю дзвюх нататак яна раптам страціла сваё ўнікальнае значэнне, і ці варта тады дзяржаве ўвогуле ўтрымліваць інфармагенцтва, матэрыялы якога так лёгка страчваюць унікальнасць?
Па завяршэнні свайго выступу пракурор папрасіла прызнаць Марыну Золатаву вінаватай і прызначыць ёй пакаранне ў выглядзе штрафа ў памеры 1000 базавых — 25 500 рублёў.

Пазоўнікі ўзгадалі Біблію і Фэйсбук, але пры чым тут Золатава?

Калі Юлія Харчэйкіна выкарыстоўвала ў сваёй прамове юрыдычна-канцылярскія тэрміны, то ў супрацьвагу ёй прадстаўнік пазоўніка адвакат Панькоў апеляваў да Бібліі, маўляў, прынцып «не скрадзі» — Божая запаведзь. Потым адвакат чамусьці накінуўся на Фэйсбук — маўляў, у рэдкай краіне гэтая сацсетка не каралася штрафамі. На гэтым суддзя папрасіў прадстаўніка пазоўніка быць бліжэйшым да справы, і той папрасіў пакінуць у сіле прад’яўлены раней пазоў у 6 000 рублёў, якія БелТА патраціла на паслугі адваката. Калега Панькова адвакат Лісоўскі выказаў здзіўленне, чаму «справа БелТА» атрымала такі грамадскі рэзананс. Для сябе ён знайшоў тлумачэнне: аказваецца, сам TUT.BY раздзьмувае шум «да неверагодных памераў, спрабуючы апраўдаць паведзіны свайго супрацоўніка». Вось тут спадар Лісоўскі па-сапраўднаму даў маху, бо для TUT.BY, дый для БелТА, было б лепей, каб гэтая справа ўвогуле не дайшла да суда. Магчыма, працэс не меў бы такога розгаласу, калі б на лаве падсудных не сядзела галоўная рэдактарка найбуйнейшага медыя краіны. І гэта найбольш яскрава дэманструе, якія СМІ ў Беларусі валодаюць найбольшым уплывам і папулярнасцю.

Абаронца: шукай, каму выгадна

Але самае галоўнае пытанне працэсу агучыла адвакатка Золатавай Марына Вараб’ёва: каму ўвогуле выгадная ўся гэтая справа? За час папярэдняга следства і больш за тыдзень судовага пасяджэння мы так і не даведаліся, хто стаіць за «справай БелТА». Абаронца таксама звярнула ўвагу на беспадстаўнасць і недапушчальнасць праслухоўвання тэлефонных размоў галоўнай рэдактаркі TUT.BY. «Толькі цяпер мне становіцца зразумела, чаму следства спыніла крымінальную справу з прыцягненнем да адміністрацыйнай адказнасці. Калі ўсе, каму прад’яўлена абвінавачванне, дойдуць да суда, яны пачнуць аспрэчваць і акажацца, што ніхто злачынства не здзяйсняў», — выказала Марына Вараб’ёва меркаванне аб спыненні крымінальнага пераследу астатніх фігурантаў «справы БелТА».
Яна перакананая, што не можа ісці гаворкі пра карысць і асабістую зацікаўленасць супрацоўнікаў TUT.BY у чытанні платнага кантэнту БелТА — падчас суда неаднаразова гучала, што яны рабілі гэта па звычцы.
Па словах адвакаткі, шкода, выстаўленая Марыне Золатавай, выклікае вялікія сумневы. Да таго ж усе фігуранты справы сплацілі запатрабаваныя ад іх сумы. «Кожны супрацоўнік адказвае сам за сябе, і ні з пушчы ні з поля ўсе гэтыя лічбы складваюцца і выстаўляюцца адной Золатавай», — зазначыла Вараб’ёва.
За захаванне і падтрыманне аўтарытэту БелТА і СБ павінна несці адказнасць не Марына Золатава, а службовыя асобы гэтых арганізацый. Менавіта яны павінны абараняць інфармацыю і кантраляваць, каб паролі не станавіліся ўласнасцю трэціх асоб. Золатава ж, на думку адваката, ніякіх службовых абавязкаў і нормаў заканадаўства не парушала.  
«Высновы абвінавачвання абсурдныя і зробленыя, відаць, ад таго, што ўвогуле не было чаго напісаць», — пракаментавала Марына Вараб’ёва заяву абвінавачвання, што Золатава не заключыла дамову з БелТА, каб выплаціць большыя прэміі сваім супрацоўнікам. Адвакатка перакананая, што ніводзін факт службовага бяздзейнічання Золатавай не знайшоў свайго пацверджання ў ходзе судовага разбіральніцтва, і настойвае на неабходнасці апраўдаць падсудную.

Золатава: «Той, хто прыдумаў гэты працэс, не ўяўляў сабе яго наступстваў»

Затым, без перапынку на абед, Марыне Золатавай прадаставілі права выступіць з апошнім словам. У выступе яна падагульніла тое, пра што казала на папярэдніх пасяджэннях. Прыводзім асноўнае з яе выказвання: «Я не зазіраю ў чужыя маніторы і нават фізічна са свайго месца не магу гэтага рабіць. «Мне стала вядома» пра доступ да БелТА — гэта фармулёўка следчага. Я тады не звяртала ўвагу на гэта, бо гэта быў мой першы ў жыцці допыт у якасці абвінавачанай. Далей я выкарыстоўвала фармулёўку «здагадвалася». Я не давала Ганне Калтыгінай задання правесці маніторынг мэтазгоднасці падпіскі на БелТА – Ганна прапанавала гэта зрабіць сама. Ажыятаж вакол гэтай справы ўзнялі не мы, першыя публікацыі па ёй дазволілі сабе дзяржаўныя СМІ.
Нельга карыстацца паролямі, якія табе не належаць — гэта відавочна. Калі я даведалася, што ў аднаго з супрацоўнікаў ёсць пароль ад платнай падпіскі БелТА, я, сапраўды, не надала гэтаму належнага значэння. Я сказала, што гэта кепска. У мяне не было інфармацыі пра тое, што нехта з супрацоўнікаў карыстаецца платнай падпіскай БелТА. Ці з’яўляецца ў такім выпадку мая віна больш сур’ёзнай, чым віна асоб, якія зрабілі магчымай такую сітуацыю?
Я ніколі не давала згоды на выкарыстанне інфармацыі з платнай падпіскі БелТА. Ніякай выгады ад гэтага ні я, ні нашы супрацоўнікі не атрымлівалі. Апублікаваныя намі матэрыялы БелТА (акрамя двух) выходзілі не раней, чым яны з’яўляліся на сайце інфармагенцтва — гэта пацвярджае маніторынг, які мы правялі. Мы цягам некалькіх месяцаў амаль не выкарыстоўваем інфармацыю БелТА нават з адкрытых крыніц — і наша наведвальнасць толькі расце. Мы б увогуле адмовіліся ад інфармацыі БелТА, але гэта інфармагенцтва валодае манаполіяй на размяшчэнне звестак пра дзейнасць дзяржорганаў.
Я не згодная з тым, што павінна была забяспечыць падпіску на БелТА, бо свабодная ў заключэнні дамоваў, да таго ж нам хапае інфармацыі з адкрытага доступу. А калі б інфармацыя аб дзейнасці дзяржорганаў выходзіла з затрымкай ці прадастаўлялася б за грошы, гэта супярэчыла б Канстытуцыі.
Я не разумею, чаму я павінна несці адказнасць за дзеянні, пра якія нават не ведала.
Нагодай для гэтага крымінальнага працэсу стала па невядомай падставе праслуханая тэлефонная размова, якая адбылася ў сакавіку 2018 года. Пытанне, якое можна было б урэгуляваць у межах грамадзянска-прававых адносін, суправаджалася вобшукамі і затрыманнямі. БелТА, апелюючы да маральных нормаў, сама дазваляе сабе ставіць матэрыялы без указання першакрыніц і публікацыі навін сусветных інфармагенцтваў, не афармляючы падпіску. У выніку гэтага працэсу паміж дзяржаўнымі і недзяржаўнымі СМІ вырасла сцяна. Гэта сведчыць, што той, хто прыдумаў гэты працэс, не ўяўляў сабе яго наступстваў».
Суддзя Аляксандр Петраш агучыць рашэнне па справе 4 сакавіка ў 12.30.