Адваката-палітвязня Віталя Брагінца абвінавачваюць паводле 4 артыкулаў КК
Суд над Віталём Брагінцам, які калісьці абараняў Алеся Бяляцкага, пачнецца праз тыдзень.
Віталя Брагінца затрымалі 23 траўня. Пасля затрымання яго даставілі ў Партызанскі РУУС "для праверкі на дачыненне да пратэстнай дзейнасці". Адтуль ён, як сцвярджалася ў судзе, "паспрабаваў сысці". У гэтым і выявілася непадпарадкаванне. На яго склалі пратакол па арт. 24.3 КоАП і арыштавалі на 15 сутак. Пазней арышт працягнулі яшчэ на на 15 сутак. Пазней стала вядома, што Віталь затрыманы па крымінальнай справе за ўдзел у пратэстах.
Цяпер стала вядома, што яго абвінавачваюць паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэкса: ч. 3 арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці), ч. 3 арт. 361 КК (заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы), ч.1 арт. 361-1 (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання альбо ўдзел ў ім) і ч. 1 арт. 342 (актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак).
Віталь Брагінец абараняў некаторых палітвязняў, у тым ліку старшыню Праваабарончага цэнтра "Вясна" Алеся Бяляцкага. Справу самога лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру пачнуць разглядаць сёння, 5 студзеня, у судзе Ленінскага раёна Мінска.
5 жніўня 2022 года Кваліфікацыйная камісія пазбавіла Брагінца ліцэнзіі "ў сувязі з прымяненнем да адвакатаў дысцыплінарных спагнанняў у выглядзе выключэння з Мінскай абласной калегіі адвакатаў за ўчыненне правін, несумяшчальных са званнем адваката".
Справу будуць разглядаць у Мінгарсудзе 16 студзеня. Працэс будзе весці суддзя Алена Ананіч.
Падтрымайце палітвязня: СІЗА-1, 220030, Мінск, Валадарскага, 2, Віталь Фёдаравіч Брагінец