«Адток навукоўцаў павялічыцца». Доктарка навук пасля «палітычнага» звальнення з'ехала ў Германію
Доктар біялагічных навук Марына Шаптурэнка да жніўня працавала галоўным навуковым супрацоўнікам у інстытуце генетыкі і цыталогіі Нацыянальнай акадэміі навук. Марына займалася даследаваннямі ў генетыцы, яна кажа, што пайшла па гэтым навуковым шляху пад уплывам вядомага ў Беларусі вучонага, акадэміка Любові Хатылёвай, якую называе сваім настаўнікам і сябрам, распавядае «Свабода».
«Узровень крытычна думаючых людзей у нашым інстытуце заўсёды
быў адзін з самых высокіх у акадэміі, і гэта прадэманстравалі ў тым ліку
леташнія выбарчыя падзеі ў Беларусі», — заўважае Марына.
Яна згадвае, як летась у жніўні выступіла на агульным
інстытуцкім пазачарговым сходзе з адкрытым пратэстам супраць гвалту сілавікоў,
як з аднадумцамі-калегамі падпісвала зварот за новыя выбары, выходзіла на
ланцугі салідарнасці і маршы. У адказ на гэтую дзейнасць намеснік дырэктара
інстытуту па гаспадарцы, які насамрэч адказваў за ідэалогію, ужо ў верасні
пачаў выклікаць актыўных навукоўцаў на «прафілактычныя размовы», пасля чаго
некаторыя мусілі звольніцца.
На пачатку гэтага году, па звестках Марыны, з'явіўся «спіс
нядобранадзейных» супрацоўнікаў. У ім таксама аказаліся 15 чалавек, што разам
з ёю перайшлі з праўладнага прафсаюзу ў незалежны.
«Працаваць станавілася ўсё складаней, кожны крок як пад
мікраскопам», — дзеліцца тагачаснымі адчуваннямі Марына Шаптурэнка. Яна
згадвае адзін з веснавых дзён, калі ў інстытут прыйшлі людзі ў чорных масках і
павялі на допыт старшыню ячэйкі незалежнага прафсаюзу. Пасля гэтага на
кватэрах «нядобранадзейных» прайшлі ператрусы, некаторым навукоўцам у розных
формах прапанавалі звольніцца.
Да Марыны чарга дайшла ў траўні. У той месяц яна збіралася
ў адпачынак, але яе не адпусцілі. Неўзабаве «праз трэціх асобаў» даведалася,
што ў кіраўніцтве лічаць яе датычнай да арганізацыі пратэстаў сярод навукоўцаў.
«І вось падчас асабістай размовы дырэктар інстытуту Руслан
Шайко запатрабаваў ад мяне звальнення. 13 жніўня заяву напісала і пакінула
супрацоўнікам, каб аддалі пазней. У той час заставацца ў Беларусі ўжо было
проста небяспечна. Як кажуць, па сукупнасці прычын прыняла рашэнне з'ехаць.
Цяпер, па сутнасці, пачала жыццё наноў. Усё, чым жыла, давялося пакінуць:
родную Беларусь, любімую працу, сяброў і сваякоў. Мая будучыня нявызначаная,
але я не шкадую пра сваё рашэнне», — кажа Марына.
Паводле Марыны Шаптурэнкі, рэпрэсіі за грамадзянскую пазіцыю
ў Акадэміі навук найбольш закранулі Інстытут гісторыі ды Інстытут генетыкі і
цыталогіі. Агулам з іх былі звольненыя ці сышлі з працы пад ціскам больш за 20
навукоўцаў, падлічыла Марына.
«Беларусы самаарганізаваліся»
Марына Шаптурэнка не згодная з тымі, хто, як Лукашэнка, кажа, што падзеі 2020 году ў Беларусі былі спробай «каляровай рэвалюцыі», зробленай паводле сцэнару Захаду. Ніхто звонку не падштурхоўваў беларусаў да пратэстаў, гэта зрабіла ўлада ўласнымі рукамі, калі пайшла на фальсіфікацыі выбараў і гвалт супраць пратэстоўцаў, кажа Марына. І прыводзіць у прыклад саму сябе.
Да 2020 году яна была далёкая ад палітыкі, хоць прызнае, што
як чалавек інтэлектуальнай працы не магла не заўважаць працэсы, якія адбываліся
ў краіне, і рабіць адпаведныя высновы. У тым ліку — што падзеі 1996 году, калі
адбыўся рэферэндум пра зьены ў Канстытуцыю, насамрэч былі канстытуцыйным пераваротам.
«Дадатковыя паўнамоцтвы, якія тады незаконна атрымаў
Лукашэнка, сталі рычагамі, якія па сёння дапамагаюць яму захоўваць
аўтарытарную ўладу і блакаваць нармальнае развіццё эканомікі ды іншых
сацыяльных сфер», — канстатуе доктар навук Марына Шаптурэнка.
Паводле яе, падзеі 2020 году паказалі, што рэжым, які існуе
сёння ў Беларусі, катастрафічна адстаў ад часу, ён захрас у палоне старых
схем, згодна з якімі нехта ўвесь час не дае краіне нармальна развівацца.
«Беларусы дзіўным чынам нарэшце самаарганізаваліся. Гадамі
яны не цікавіліся палітыкай, а тут масава прыйшлі на выбары і гэтак жа масава
не пагадзіліся з тым, што іх падманулі. І тады выйшлі на цэнтральныя вуліцы
гарадоў. А Лукашэнка, здаецца, так і не паверыў, што пратэст нарадзіўся ўнутры
краіны і людзі ненавідзяць рэжым бясплатна», — мяркуе Марына.
Спадарыня Шаптурэнка кажа, што ў дэталях памятае кожны дзень
масавых пратэстаў 9-11 жніўня. Як у нядзелю вечарам яна пайшла на выбарчы
ўчастак, але так і не дачакалася вынікаў падліку галасоў.
«Тады я села на аўто і паехала да стэлы, дзе аказалася ў
эпіцэнтры падзей. Далей зразумела», — кажа Марына.
Яна мяркуе, што калегі-навукоўцы адказалі на падзеі ў краіне
вельмі хутка, і з гонарам прыводзіць такія лічбы. За адну ноч з 12 на 13 жніўня
1000 навукоўцаў падпісалі зварот супраць гвалту і за новыя сумленныя выбары, а ўсяго
подпісы пад зваротам паставілі 2840 вучоных і выкладчыкаў ВНУ.
Але цяпер, як мяркуе Марына, Беларусь перажывае перыяд
рэпрэсій за тую актыўнасць, а рэпрэсіі распачалі хвалю эміграцыі. Паводле
Марыны, у Германіі яе землякоў становіцца ўсё болей, яны аб’ядноўваюцца,
дапамагаюць адзін аднаму.
«У нас аптымізму болей, чым у тых, хто застаўся на радзіме,
бо тут больш свабоды», — заўважае пра таварышаў па эміграцыі Марына Шаптурэнка.
«Надзеі на хуткія перамены ў людзей расталі»
Паводле Марыны, яна працягвае кантактаваць з былымі калегамі ў Беларусі і адзначае, што настроі сярод іх пануюць сумныя.
«Надзеі на хуткія перамены расталі. Калі на тваіх вачах ні
за што звальняюць самых кваліфікаваных спецыялістаў, а ў нас дакладна 9 чалавек
звольнілі, канешне, гэта адбіваецца на тваёй працы», — перадае Марына настрой
калегаў, папярэдзіўшы, што імёнаў не назаве. А тое, што гэтыя калегі мірацца са
становішчам, якое ўтварылася ў Інстытуце генетыкі, Марына называе адсутнасцю
выбару. «Мусяць працаваць там, дзе былі».
Акрамя перажыванняў з прычыны палітыкі, на думку Марыны
Шаптурэнкі, былыя калегі па Акадэміі навук сутыкнуліся з фінансавымі
цяжкасцямі.
«Цягам больш як паўгода, што я адпрацавала сёлета,
фінансаванне па асобных праграмах выконвалася на чвэрць. А гэта азначае, што
даследаваньні не будуць своечасова выкананыя ў запланаваным аб’ёме, людзі не
атрымаюць грошай, на якія разлічвалі. Як вынік — адток навукоўцаў павялічыцца,
ужо не толькі з палітычных прычын, а і з эканамічных», — мяркуе Марына
Шаптурэнка.
Паводле Шаптурэнкі, гэта не асноўная праблема беларускай
навукі. А тое, што навукай сталі кіраваць людзі, падабраныя паводле
лаяльнасці, а не навуковых ды арганізатарскіх здольнасцяў.
Пачаўся гэты працэс, мяркуе дацэнт Шаптурэнка, калі пад
ціскам Лукашэнкі былі ўнесены змены ў статут Акадэміі навук, пасада прэзідэнта
НАН Беларусі перастала быць выбарнай, цяпер асобу старшыні зацвярджае
непасрэдна прэзідэнт.
У 2000 годзе НАН упершыню ўзначаліў не правадзейны член
(акадэмік) Акадэміі навук, а доктар эканамічных навук — былы старшыня Савету
Рэспублікі Нацыянальнага Сходу Анатоль Мясніковіч. Наконт яго Марына, праўда,
робіць агаворку. Лічыць, што Мясніковічу праз былыя сувязі ў вышэйшай
вертыкалі ўдавалася атрымліваць большае фінансаванне навуковай дзейнасці
акадэміі.
Але далей пад уплывам умяшання вертыкалі ў дзейнасць
акадэміі былі страчаныя высокапрафесійныя кадры і асобныя навуковыя школы. Да
2020 году, мяркуе Шаптурэнка, дэградацыя апарату акадэміі дасягнула свайго
піку, і прыватныя амбіцыі кіраўнікоў і страх страціць свае месца канчаткова
пераважылі чалавечае сумленне і гонар навукоўца.
З досведу Германіі Шаптурэнка мяркуе так:
«Навука тут можа паспяхова развівацца ўвогуле без Акадэміі
навук. Падыходы, стыль працы навукоўцаў, нават яе тэмпы ў Заходняй Еўропе зусім
іншыя. Фінансаванне ідзе ад тых крыніц, што наўпрост зацікаўленыя ў выніку».
Як жывецца ў Германіі
Цяпер Марына жыве на поўначы Германіі, у невялікім пасёлку
Грос-Шванзее, што ў зямлі Мэкленбург — Пярэдняя Памеранія. Тутэйшых немцаў
Марына лічыць людзьмі вельмі добразычлівымі і адзначае, што ў некаторых дамах
дзверы не зачыняюць. «Як у нашых вёсках калісьці».
Марына пераехала з малодшым сынам Мацвеем, які
ўжо вучыцца ў мясцовай пачатковай школе. Адзначае, што ніякіх пабораў на
рамонты ды іншыя патрэбы школы ў іх няма, а гурткі і факультатывы для дзетак
бясплатныя і добра ўбудаваныя ў вучэбную праграму. Можна займацца спортам,
прычым кошты не параўнальныя з беларускімі. Сын Марыны займаецца ў прыватным
футбольным клубе, і гэта на паўгода каштуе ўсяго 20 еўра, а ў Беларусі месяц
заняткаў каштаваў 25 еўра.
«Кожная сям’я, у якой ёсць непаўналетняе дзіця, атрымлівае
на яго сацыяльную дапамогу, незалежна ад грамадзянства. Тут выразна пачынаеш
разумець, што такое насамрэч сацыяльна арыентаваная дзяржава», — заўважае
Марына.
На працу Марына ездзіць на аўто, дарога ў яе займае каля
паўгадзіны. Жанчына кажа, што занадта нервуецца ад няспешнасці мясцовых
раварыстаў і асабліва аўтамабілістаў, часта людзей сталага веку, якія нават пры
дазволеных 70 кіламэтрах на гадзіну едуць з хуткасцю ўдвая меншай, чым
ствараюць праблемы на дарогах.
«Такі менталітэт, што зробіш! У іх хапае і недахопаў, немцы
самі пра іх ахвотна гавораць, але ў параўнанні з Беларуссю — гэта іншы
ўзровень, дый мне пакуль цяжка гэта ацаніць», — кажа Марына пра «нямецкую
сістэму», у якой яшчэ спрабуе разабрацца.
Дах, фарба, папера і шпацыраваць
Працу жанчына знайшла ў фірме, якая займаецца захаваннем
біялагічнай разнастайнасці. Таксама фірма перапрацоўвае садавіну, вырабляе
сокі, джэмы і якасныя спірты, робіць напоі.
«На зіму джэмаў ужо назапасіла», — хваліцца гаспадыня
Шаптурэнка. Праца Марыны заключаецца ў ацэнцы генафонду і якасці стану
разнастайнасці раслін, якія захаваліся ў старых садах рэгіёну, з якімі працуе
фірма. Ці адпавядае гэта былой навуковай дзейнасці Марыны?
«Пакуль праца цалкам прыкладнога кірунку, не навуковая», —
кажа доктар біялагічных навук Марына Шаптурэнка. Але яна лічыць, што для
пачатку новага жыцця гэта выдатны старт. А як добра авалодае нямецкай мовай,
дык зможа ўладкавацца ў лабараторыю і зноў заняцца навукай.
Што з мовай у яе атрымаецца, Марына не сумняецца, кажа, што
справы ідуць угару хутка. Былая даследчыца генетыкі ўжо высветліла, што ў
нямецкай мове шмат агульных словаў з беларускай. «Дах, папера, шпацыраваць,
фарба і шмат яшчэ новых супадзенняў даведваюся. Усё будзе добра, я
аптымістка», — кажа пра сябе Марына.
Жанчына не хавае, што калі на радзіме справы наладзяцца, яна
разлічвае вярнуцца, «каб будаваць новую дэмакратычную Беларусь».