Адносна трэнераў лёгкаатлеткі Крысціны Ціманоўскай пачалося міжнароднае расследаванне
Дзеянні трэнераў бягухі Крысціны Ціманоўскай Артура Шумака і Юрыя Маісевіча на Алімпійскіх гульнях у Токіа будуць расследаваць на міжнародным узроўні.
Сумесную заяву пра гэта выдалі ў Манака Міжнародны
алімпійскі камітэт, Сусветная лёгкаатлетычная асацыяцыя і Таварыства добрасумленнай
атлетыкі, піша «Свабода».
Расследаваннем зоймецца Таварыства добрасумленнай
атлетыкі, якое даследуе пытанні кшталту ўжывання допінгу, пры падтрымцы
Міжнароднага алімпійскага камітэту. Вынікі апублікуюць.
Юрый Маісевіч — галоўны трэнер нацыянальнай зборнай па лёгкай
атлетыцы на Алімпійскіх гульнях у Токіа. Артур Шумак — намеснік дырэктара
Рэспубліканскага цэнтру алімпійскай падрыхтоўкі па лёгкай атлетыцы. Міжнародны
алімпійскі камітэт падчас спаборніцтваў у Токіа пазбавіў іх алімпійскіх
акрэдытацый за ціск на Крысціну Ціманоўскую, якая публічна скрытыкавала
кіраўніцтва Міністэрства спорту і турызму Беларусі за прафесійную
некампетэнтнасць.
У часе Алімпіяды ў Токіа Крысціна Ціманоўская скрытыкавала
трэнэрскі штаб нацыянальнай зборнай і галіновае ведамства, праз халатнасць
якіх некаторыя спартоўцы не трапілі ў Токіа. У выніку атлеты мусілі выступаць у
неўласцівых ім дысцыплінах.
Пасля гэтага прадстаўнікі беларускай місіі паспрабавалі
дачасна вывезці Ціманоўскую дадому, аднак лёгкаатлетка папрасіла заступніцтва
Міжнароднага алімпійскага камітэту і ў выніку адмовілася вяртацца ў Беларусь,
накіраваўшыся ў Польшчу. Там яна заявіла, што мае намер атрымаць спартовае
грамадзянства гэтай краіны.
Чальцоў афіцыйнай дэлегацыі Юрыя Маісевіча і Артура Шумака, якія ціснулі на Крысціну Ціманоўскую, дачасна пазбавілі алімпійскай акрэдытацыі.