«Адна з яркіх ініцыятыў». Рудкоўскі — пра заклік 27 нобелеўскіх лаўрэатаў вызваліць палітвязняў
Палітолаг Пётр Рудкоўскі — пра зварот нобелеўскіх лаўрэтаў і выклік «аўтарытарнай салідарнасці».
Днямі 27 нобелеўскіх лаўрэатаў выступілі з заклікам неадкладна вызваліць беларускіх палітвязняў: «За апошнія дзесяцігоддзі Еўропа не бачыла звязанай з палітычнымі рэпрэсіямі гуманітарнай катастрофы, у такім маштабе на душу насельніцтва, як у Беларусі».
Аўтары лiста сярод іншага заклікалі кіраўніцтва ЕС, а перадусім Польшчы, скарыстацца наяўнымі рычагамі для ціску на беларускі рэжым (як прыклад, называецца часовае прыпыненне чыгуначных грузавых перавозак у ЕС з Беларусі, у тым ліку транзіту з Расіі і Кітая).
Сярод падпісантаў адкрытага ліста — беларуская пісьменніца Святлана Алексіевіч, украінская праваабаронца Аляксандра Мацвійчук, расійскі журналіст Дзмітрый Муратаў ды іншыя.
Наколькі дзейснымі і рэалістычнымі ўяўляюцца такія меры, «Филин» папрасіў ацаніць доктара філасофіі, палітолага Пятра Рудкоўскага.
— Гэта адна з найбольш яркіх ініцыятыў у напрамку вызвалення нашых палітвязняў, і я дужа ўдзячны тым, хто даў ёй штуршок, — зазначае палітолаг. — Што ж, у дадзенай сітуацыі шанцы на поспех тут не ўзрастаюць настолькі, каб можна было казаць пра «рэальныя перспектывы». Але само вывядзенне гэтага пытання з нулёвага шанцу, вывядзенне на ўзровень, скажам, пяці ці дзесяці адсоткаў імавернасці поспеху — ужо гэта важна.
Тое, што голас быў узняты нобелеўскімі лаўрэатамі, тое, што іх аказалася цалкам унушальная колькасць і тое, што прапануюцца крокі, якія патэнцыйна адчувальныя для двух гульцоў — Кітая і ўласна самога беларускага рэжыму — гэта не абы-што.
Бо тут, дадае Пётр Рудкоўскі, прадугледжваецца не толькі ўздзеянне на саму Беларусь, але таксама на Кітай:
— А той, адчуўшы пагрозу для сваіх інтарэсаў, не
асабліва будзе зацікаўлены ў праяўленні «аўтарытарнай салідарнасці» ў дачыненні
да малазначнага і міжнародна ізаляванага «калегі-аўтакрата».