Адкрытыя чарговыя імёны ахвяраў камунізму
Эксперты шукаюць целы камандуючага Арміі Краёвай генерала Аўгуста Фільдорфа і маёра Зыгмунта “Лупашкі” Шэндзеляжа.
Генерал Аўгуст Фільдорф
Эксперты Інстытуту нацыянальнай памяці Польшчы высветлілі імёны чарговых чатырох ахвяраў камуністычных рэпрэсіяў. Іх целы былі эксгумаваныя летам 2012 году на Паванзкоўскіх могілках у Варшаве. Спецыялісты ідэнтыфікавалі падпалкоўніка Станіслава Кашніцу, шараговага Балеслава Будэлеўскага, паручніка Тадэвуша Пеляка, а таксама жаўнера Станіслава Абрамоўскага. Усе яны ў часы вайны змагаліся ў антыфашысцкім падполлі, а пасля яе дзейнічалі ў антыкамуністычным партызанскім руху, за што былі расстраляныя камуністычнымі ўладамі.
На Паванзкоўскіх могілках летам мінулага года былі знойдзены целы 117 вайскоўцаў, якія сталі ахвярамі камуністычнага тэрору. Гісторыкі спадзяюцца знайсці сярод гэтых целаў камандуючага Арміі Краёвай генерала Аўгуста Фільдорфа і маёра Зыгмунта Шэндзеляжа, вядомага пад псеўданімам “Лупашка”.
Маёр Зыгмунт Шэндзеляж, вядомы пад псеўданімам "Лупашка"