Адбылося штомесячнае ўшанаванне ахвяраў сталінізму ў Курапатах

29 сакавіка ва ўрочышчы Курапаты, што на паўночна-ўсходнім ускрайку Мінска, адбылося традыцыйнае ўшанаванне ахвяраў масавых палітычных рэпрэсій 1920–1950-х гадоў. Нягледзячы на глыбокі снег, ва ўшанаванні пад чатырма бел-чырвона-белым сцягамі ўдзельнічалі 15 грамадскіх актывістаў і былых палітвязняў.



kurapaty_29_3_13_5.jpg

Прадстаўнікі грамадскасці агучылі амаль 200 з 5 772 вядомых імёнаў ахвяраў палітрэпрэсій 1920–1941-х гадоў, расстраляных ў Мінску і пазней рэабілітаваных. Першыя больш за 300 імёнаў ахвяр былі названыя ў Курапатах 29 кастрычніка 2012 года, далей спіс агучваўся на працягу мінулага года падчас розных мерапрыемстваў у межах правядзення Года памяці ахвяраў таталітарызму ў Беларусі, а поўны спіс будзе зачытаны ў бягучым годзе.

Удзельнікі ўшанавання ўсклалі кветкі і вянок, запалілі знічкі, хвілінай маўчання ўшанавалі памяць бязвінна палеглых людзей, праспявалі песні беларускага нацыянальнага адраджэння і правялі малебен.

kurapati_29_3_13_1.jpg

Намеснік старшыні аргкамітэту па стварэнню Руху салідарнасці “Разам” Алесь Макаеў нагадаў, што з 2006 года грамадскасць праводзіць штомесячнае ўшанаванне памяці бязвінна закаваных ахвяраў сталінізму. Паводле ягоных слоў, пакуль невялікая колькасць людзей прыходзіць у нацыянальны некропаль для правядзення гэтай мемарыяльнай цырымоніі. “Але вельмі важна, што ўшанаванне праводзіцца сістэматычна”, — сказаў Макаеў.

Сябра Партыі БНФ Зміцер Каспяровіч назваў масавыя палітычныя рэпрэсіі 1930-х гадоў на Беларусі “вайной на знішчэнне беларускага народу і пераўтварэнне яго разам з іншымі этнасамі, што насялялі СССР, у адзіны савецкі народ ”. Паводле ягоных слоў, нягледзячы на палітыку насільнай русіфікацыі, якая пачалася з канца XVIII стагоддзя, беларускі народ выжыў. “Пра гэта сведчыць і апошняя хваля беларускага нацыянальнага адраджэння, што пачалася напрыканцы 1980-х гадоў. Менавіта дзякуючы гэтай хвалі мы маем сёння незалежную Рэспубліку Беларусі і палітычны рэжым — спадкаемцу сталінскага”, — сказаў Каспяровіч.

kurapati_29_3_13_2.jpg

Лідар маладзёвага руху “Маладая Беларусь” Артур Фінькевіч адзначыў, што ўлады хочуць знішчыць памяць пра слаўнае і гераічнае мінулае Беларусі, чаго нельга дапусціць. “Вось чаму мы павінны шанаваць памяць пра тых самых выбітных барацьбітоў за свабоду і незалежнасць Бацькаўшчыны, хто складае гонар і годнасць нацыі, у тым ліку пра Тадэвуша Касцюшку, Кастуся Каліноўскага і дзеячаў БНР”, — сказаў Фінькевіч.

Сябра партыі КХП-БНФ Ніна Багінская, якая ва ўсе нацыянальныя святы выходзіць на плошчы сталіцы з бел-чырвона-белым сцягам, адзначыла: “Лозунгі паўстанцаў 1863 года “Роўнасць, вольнасць, незалежнасць” жывуць і сёння сярод нас. І за гэтыя ідэі мы павінны змагацца пад нашымі сцягамі, з беларускай моваю і айчыннай гісторыяй. Вось чаму і сёння я прыйшла сюды, каб падтрымаць нашую моладзь — будучыню Беларусі”.

kurapati_29_3_13_zavadskaja.jpg

Маці зніклага журналіста Зміцера ЗавадскагаВольга Завадская выказала задавальненне, што на ўшанаванні прысутнічае моладзь, з дзейнасцю якой звязана надзея на вольную і незалежную краіну без рэпрэсіяў, ад якіх пакутуюць беларусы. На яе думку, нацыя годная лепшага жыцця, бо яна мае вялікую гісторыю і культуру.

За ўшанаваннем наглядаў невядомы ў цывільным.

kurapati_29_3_13_3.jpg