Ад 4 да 5,5 гадоў калоніі. Вынеслі прысуды другой партыі абвінавачаных па «пінскай справе»
6 ліпеня у судзе Маскоўскага раёна г. Брэста агучаны прысуд у дачыненні да другой партыі абвінавачаных па крымінальнай справе аб масавых беспарадках у Пінску ў ноч з 9 на 10 жніўня 2020 года, распавядае «Вясна».
Суддзя Вера Філонік прызначыла палітвязням наступныя тэрміны
пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ва ўмовах узмоцненнага рэжыму:
Аляксандру Лопуху — 5 гадоў і 6 месяцаў;
Сяргею Цібцу, Валянціну Колбу, Андрэю Хвескаўцу — 5 гадоў кожнаму;
Леаніду Германовічу, Андрэю Моцуку, Аляксандру Шандыбе — 4 гады і 6 месяцаў кожнаму;
Сяргею Волкаву, Аляксандру Шаламіцкаму, Сяргею Шаламіцкаму — 4 гады кожнаму.
Менавіта такія тэрміны запытвалі прадстаўнікі дзяржаўнага абвінавачвання Міхаіл Дайнека і Сцяпан Ляшок.
Што тычыцца пазоваў пацярпелых па кампенсацыі матэрыяльнай і
маральнай шкоды, то яны будуць разгледжаныя асобна.