Абяцанага Лукашэнкам рэферэндуму не будзе? У Брэсце рыхтуюцца запусціць акумулятарны завод

«Па акумулятарным як вырашыце, так і будзе. Я вам гэта гарантую і абяцаю», — Аляксандр Лукашэнка пераконваў, што лёс прадпрыемства, якое стала скандальным яшчэ на стадыі будаўніцтва, вырашаць на мясцовым рэферэндуме. DW высвятляе, чаму цяпер завод рыхтуюць да працы без гэтай працэдуры.

56775859_403.jpg

Кажуць, што акумулятарны завод пад Брэстам запрацуе ў сакавіку-красавіку 2021 года.

Падчас пасяджэння гаспадарчага актыву горада Брэста нядаўна прызначаны старшыня мясцовага аблвыканкама Юрый Шулейка 1 сакавіка распавёў журналістам, што пусканаладачныя работы на акумулятарным заводзе каля Брэста выйшлі на завяршальную стадыю, а прадпрыемства будзе знаходзіцца «на самым жорсткім экалагічным кантролі» ўлад.

 

Дазвол на шкодныя выкіды

Шулейка заявіў пра гэта пасля таго, як стала вядома, што Рэспубліканскі цэнтр дзяржаўнай экалагічнай экспертызы выдаў заключэнне аб адпаведнасці пабудаванага завода патрабаванням экалагічнай бяспекі.

Паводле слоў старшыні Брэсцкага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Яна Вянсковіча, яшчэ ў красавіку мінулага года прадпрыемству выдалі дазвол на выкіды забруджвальных рэчываў у атмасфернае паветра. «Мы адсочвалі захаванне нарматываў дапушчальных выкідаў: было праведзена 146 адбораў проб і вымярэнняў, а перавышэнняў выкідаў ні па свінцы, ні па сернай кіслаце не выявілі», — паведаміў Ян Вянсковіч.

Ён дадаў, што камітэт прыродных рэсурсаў працягвае весці маніторынг падчас пусканаладачных работ на акумулятарным заводзе да выхаду прадпрыемства на праектную магутнасць.

Пратэст даўжынёй у тры гады

Пра дакладныя тэрміны ўводу гэтага завода ў эксплуатацыю брэсцкія ўлады кажуць вельмі асцярожна. Першапачаткова прадпрыемства па выднак творчасці акумулятарных батарэй павінна было пачаць працу яшчэ ў 2018 годзе, адата неаднаразова змянялася — і цяпер неафіцыйна называюць сакавік-красавік гэтага года.

 

Кармленне галубоў — адна з форм пратэсту ў Беларусі

Кармленне галубоў — адна з форм пратэсту ў Беларусі

Прычынай адтэрміновак сталі пратэсты жыхароў Брэста і прылеглых вёсак, якія настойваюць: акумулятарны завод будаваўся са шматлікімі парушэннямі, нясе пагрозу здароўю людзей і навакольнаму асяроддзю. Барацьба супраць экалагічна небяспечнай вытворчасці вядзецца на працягу трох гадоў і да пачатку прэзідэнцкай кампаніі ў Беларусі мінулым летам была адным з самых запамінальных пратэстных рухаў у краіне.

Жыхарам Брэста і актывістам экалагічных арганізацый удалося дамагчыся таго, што мясцовыя ўлады прыпынілі будаўніцтва завода да ліквідацыі недахопаў. Больш за тое, старшыня Брэсцкага гарвыканкама Аляксандр Рагачук прызнаўся, што «акумулятарны завод — самы вялікі гемарой для горада».

Яшчэ адной важнай асаблівасцю пратэстаў стаў той факт, што прадпрыемства вымушанае было змяніць гаспадароў. Сярод новых уладальнікаў аказаўся Дзмітрый Баскаў — трэнер хакейнай каманды Аляксандра Лукашэнкі і цяперашні кіраўнік федэрацыі хакея Беларусі.

 

Рэферэндум абяцаны і забыты

Сам Лукашэнка таксама не абышоў увагай вострую для Брэсту тэму. Падчас выбарчай кампаніі летам 2020 года ён наведваў гэты горад і заявіў, што гатовы правесці першы ў Беларусі мясцовы рэферэндум, на якім вырашаўся б лёс завода.

«Мы прынялі рашэнне. Хай вырашаць жыхары. Па акумулятарным як вырашыце, так і будзе. Я вам гэта гарантую і абяцаю. Я займу нейтральную пазіцыю, арганізую рэферэндум», — сказаў тады Лукашэнка, размаўляючы з актывістамі.

56775925_303.jpg

 Будынак акумулятарнага завода пад Брэстам.

Аднак абяцанне так і не было выканана. На фоне масавых пратэстаў пасля прэзідэнцкіх выбараў Аляксандр Лукашэнка гэтае пытанне больш не каментаваў, а мясцовыя ўлады і адміністрацыя завода (ТАА «Акумулятарны Альянс») лічаць яго неактуальным. На думку дырэктара прадпрыемства Дзмітрыя Бутава, «для людзей тэма рэферэндуму не цікавая: ім цікава паглядзець завод і што там унутры, каб ён быў бяспечным».

У выніку кіраўніцтва Брэсцкага аблвыканкама скасавала ўласнае распараджэнне пра прыпыненне будаўніцтва завода, а «Акумулятарны Альянс» атрымаў неабходныя дакументы для правядзення пусканаладачных работ.

 

Заводу тут не месца

З такім ходам падзей пагадзіліся не ўсе. Як распавёў DW праваабаронца Раман Кісляк, у Тэльмінскім сельсавеце (на яго тэрыторыі ў прыгарадзе Брэста і пабудаваны завод) сфарміравана ініцыятыўная група па правядзенні мясцовага рэферэндуму і пададзеныя дакументы на яе рэгістрацыю. Такая ж ініцыятыўная група ствараецца і ў Брэсце.

«Усе гэтыя людзі гатовыя працягваць барацьбу, — запэўнівае Кісляк. — У мінулым годзе падрыхтоўку да рэферэндуму давялося адкласці спачатку з-за сітуацыі ў краіне пасля выбараў, а потым пасля пагаршэння сітуацыі з каронавірусам».

Актывісты па-ранейшаму перакананыя, што знаходжанне акумулятарнага завода на цяперашняй тэрыторыі можа прывесці да экалагічнай катастрофы. «Мы не супраць самой вытворчасці, але не хочам, каб яна размяшчалася ў такім месцы, дзе побач — бальніцы, санаторыі, пашы, цяпліцы», — кажа берасцейка Ніна.

Паводле www.dw.com

Пераклад НЧ