«А што, зарадка раніцай будзе? Клааасна!» Што такое летнікі для дарослых
Летні лагер — традыцыйны від дзіцячага адпачынку, папулярны ва ўсім свеце. Бацькі пазбаўляюцца галаўнога болю — чым заняць дзіцё на вакацыях, а дзеці атрымліваюць новы разнастайны досвед жыцця за межамі свайго дому. Але апошнім часам набіраюць папулярнасць летнікі для дарослых.
Форма арганізацыі быццам тая ж, толькі аўдыторыя падрасла. Новы трэнд у сферы адпачынку ўжо немагчыма ігнараваць: у ЗША, дзе і з’явіліся першыя дарослыя summer camps, развіваецца цэлая індустрыя, даходы якой, паводле The Guardian, сягаюць за мільён долараў. Летнікі могуць адрознівацца падыходам да алкаголю (дзесьці на тэрыторыі працуюць кругласутачныя бары, дзесьці алкаголь пад забаронай) і да мабільнікаў і сацсетак (ёсць лагеры, свабодныя ад інтэрнэту і тэхнікі, а ў некаторых, наадварот, ухваляецца генерацыя ўражанняў і будучых успамінаў у сацсетках). Але галоўнае пазіцыянаванне ва ўсіх адно: вяртанне ў дзяцінства.
Выбуховы рост папулярнасці такога роду адпачынку спецыялісты звязваюць з уваходам у прадуктыўную частку свайго жыцця міленіялаў, але далей версіі разыходзяцца. Хтосьці звязвае гэты феномен з інфантылізацыяй новых дарослых, якія не спяшаюцца развітацца з дзяцінствам, хтосьці — з новай формай стасункаў міленіялаў з грашыма і накапленнямі: людзі ўсё часцей імкнуцца патраціць грошы не на рэчы, а на эмоцыі і ўражанні.
Мы вырашылі даведацца, як ладзяцца летнікі для дарослых і што матывуе ўдзельнікаў туды прыязджаць.
Нядаўна прайшоў беларускі летнік «ТАМ-ТАМ», які раней праводзіўся ў Беларусі, а зараз, услед за яго арганізатаркамі, перабраўся ў Польшчу. Мы паразмаўлялі з заснавальніцамі летніка кінарэжысёркай Аляксандрай Бабковай, тэатральнай рэжысёркай Яўгеніяй Давідзенка і мастачкай Ульянай Дулкінай, чаму яны вырашылі развіваць гэты кірунак.
Дзяўчаты смяюцца, што знайшлі адна адну. Кожная з іх распрацоўвала падобную ідэю, а калі яны сустрэліся разам — усё склалася.
«Я з гэтай думкай хадзіла год пяць, — кажа Яўгенія. — Мне заўсёды было цікава: бацькі ўсё даюць дзецям, а што дарослыя? Мы неяк аднойчы з татам пра гэта гутарылі, што дзецям можна і на плаванне хадзіць, і ездзіць паўсюль, і ўвогуле — усё, што хочаш — і ўсё да 18 гадоў. А як жа мы? Мы таксама хочам весяліцца і спазнаваць свет».
Ульяна і Аляксандра ад пачатку планавалі летнікі для дзяцей, але ў выніку ідэя рабіць штосьці для дарослых пераважыла і знайшла большы попыт.
Летнік арганізаваны як актыўны адпачынак: цягам дня праходзяць розныя творчыя заняткі і майстар-класы, якія дзеляцца на тры кірункі: тэатральны, выяўленча-мастацкі і кінематаграфічны. Удзельнікі працуюць з рознымі формамі і тэхнікамі ў жывапісе і маляванні, робяць тэатральныя эцюды і перформансы, здымаюць на мабільнікі фільмы і прыдумляюць свае ўласныя забаўкі. Загадзя штосьці з гэтага ўмець зусім не абавязкова: на месцы ўсё паказваюць і ўсяму вучаць.
Галоўная ідэя лагера, са словаў арганізатарак, — змясціць фокус людзей з выніку на працэс.
«Мы імкнемся данесці ідэю, — кажа Аляксандра, — што ўсё, што ты робіш, гэта каштоўна, важна і таксама з'яўляецца класнай кайфовай творчасцю. Лёгка трапіць у параўнанне сябе з іншымі — мы з гэтым моцна змагаемся, асабліва ў першыя дні лагера. Рабятам цяжка сябе папусціць і разняволіцца, і ўсе глядзяць па баках: а як робіць ён, а як малюе яна, а божа мой, я ж раблю горш. Не буду крывіць душой, я таксама часта трапляю ў гэтае становішча, і нават у лагеры, робячы заданні Ульяны, магу чапляцца за гэтыя думкі. Мы ўсе людзі, і гэта нармальна — сумнявацца ў сабе. І гэтая форма менавіта лагера, з дакладным раскладам — у цябе раніцай зарадка, днём у цябе ціхая гадзіна, а ўвечары, вядома, дыскатэка ці вогнішча — таксама дадае асаблівага шарму. Удзельнікам і весела, і ў той жа час у гэтым шмат рэфлексіі і спазнавання самога сябе».
Віталіна, удзельніца гэтага летніка ў Беларусі, так апісвае свае ўражанні: «У мяне быў круты досвед малявання адной карціны. Заданне было наступным: маляваць як дзеці, даследуючы і натхняючыся, атрымліваючы асалоду ад працэсу, а не выніку. Я накапала тушы на аркуш і расцягнула кляксы. Атрымалася вельмі прыгожа і акуратна. Ульяна падышла і сказала: «Супер! Атрымалася праўда прыгожа. Цяпер паспрабуй адысці ад акуратнасці». Я ўзяла аркуш і працягнула капаць. Вельмі мне падабалася капаць туш на аркуш. Але я трымала словы Ульяны ў галаве. Я стала капаць клей ПВА. Працэс пайшоў. Атрымлівалася ўсё роўна занадта акуратна. Я адчувала, што стараюся на шэдэўр мастацтва і ацэньваю сябе замест таго, каб факусавацца на працэсе. Я заклеіла іншым аркушам, яшчэ двума. Раскапала клей па новым палатне і навокал. Мне на вочы трапілася вечка ад гуашы. Як жа мне хацелася прыляпіць яго на аркуш. Унутры мяне гэта сапраўды было не пра прыгажосць. Вечка на палатне гэта не прыгожа, але затое як жа цікава! Тры вечка былі на палатне, аловак, ануча, пэндзаль і бутэлька таго клею. Я неверагодна кайфанула. Вышэйшае задавальненне ад парушэння правіл унутры галавы».
На пытанне, чым летнік адрозніваецца ад класічнага летняга лагера нашага дзяцінства, Яўгенія адказвае эмацыйна: «Усім! Ён адрозніваецца тым, што (выбачайце, гэта мой трыгер, гэта мая барацьба жыцця) у нас няма канкурэнцыі. Усе летнікі савецкай формы маюць узроставае дзяленне і паміж атрадамі існуе канкурэнцыя: хто лепей прыбіраецца ў пакоях, хто лепей таньчыць і гэтак далей. Мы не канкуруем абсалютна і ў нас няма прымушэння, маніфест нашага летніка: можна памачыць ножкі, а можна ўстаць па самую галаву. І хто насколькі можа сабе дазволіць, той з намі гуляе ў гэтыя гульні».
Праграма летніка часткова залежыць ад людзей, якія на яго прыязджаюць, і ад атмасферы, што складваецца ў папярэднія дні. Арганізатаркі могуць рэдагаваць праграму ў залежнасці ад таго, што больш падыходзіць і больш цікавіць менавіта гэтую купку людзей, якая сабралася гэтым разам.
А чым гэта падобна да летняга піянерскага лагера? Аляксандра кажа: «Раскладам, некаторым падзелам — ёсць важатыя, ёсць удзельнікі — хоць у нас няма пазіцыі зверху, мы такія ж удзельнікі, проста ў нас ёсць праграма, якую мы ўсім прапаноўваем. Шмат хто прыязджае менавіта па гэтую атмасферу і часам так і пытаецца: «А што, зарадка раніцай будзе? Клааасна!».
Вядома, адрозненні ад піянерлагера звязаныя яшчэ і з асаблівасцямі дзіцячай і дарослай псіхалогіі. Дарослыя людзі больш самастойныя і адказныя, і з імі можна працаваць над больш шырокімі тэмамі, якіх не магло б быць у дзіцячым лагеры. Дарослыя схільныя да рефлексіі і фідбэка, якія робяцца важным складнікам у праграме летніка. Яўгенія адзначае, што карыстаецца тымі самымі інструментамі, але дзяцей вучыць канцэнтравацца, а дарослых — быць дзецьмі: «Дзецям трэба навучыцца збіраць сябе ў кучку, а дарослым трэба вучыцца сябе разбіраць».
У летнік прыязджаюць удзельнікі з розным бэкграўндам. Гэта людзі ад 18 да 40+ гадоў, медыкі, дызайнеры, айцішнікі, бухгалтары, студэнты. «Мая любімая кагорта, — кажа Яўгенія, — людзі, якія кінулі працу — "а я ўчора вырашыла кінуць працу і прыехаць да вас!" Такіх было дзве дзяўчынкі, а трэцяя пасля летніку: "Я вырашыла, што таксама звольнюся!"».
Заснавальніцы летніка працягваюць трымаць сувязь з удзельнікамі. Па-першае, пасля лагера ў Мінску звычайна праводзілася так званае афтэпаці, дзе ўсе сустракаліся яшчэ раз, падводзілі вынікі летніка і абмяркоўвалі тыя змены, якія адбыліся з імі за час лагера, таму што вяртаючыся дадому, у сваю звыклую атмасферу, нашмат лягчэй заўважыць розніцу. Па-другое, у тэлеграме дагэтуль жывыя чаты кожнай са змен, людзі дзеляцца сваімі навінамі, падтрымліваюць адно аднаго, запрашаюць на дні народзінаў. Хтосьці з удзельнікаў нават праважаў Аляксандру, калі яна эмігравала ў Польшчу. Па факце фарміруецца такое невялікае кам’юніці людзей, якія перажылі разам станоўчы досвед і маюць жаданне надалей стасавацца між сабой.
Чаму летнікі для дарослых робяцца зараз папулярнымі і запатрабаванымі? Дзяўчаты лічаць, што гэта добрая магчымасць вырвацца з кола будзённай руціны, са сваёй звыклай сістэмы жыцця: праца, дом, паход у трэнажорку ці з сябрамі ў бар. Ствараецца ўражанне аднолькавасці дзён, якое пачынае прыгнятаць. «Калі б я пабачыла летнік для дарослых, — кажа Яўгенія, — я бы таксама паехала. У мяне дзіцячыя ўспаміны толькі светлыя — гэта такі востраў бяспекі і штосьці, што нараджае яшчэ большыя ўспаміны».
Аляксандра якраз сама мела патрэбу ў такім лагеры, уласна таму яна яго і робіць: «Мне хацелася вырвацца кудысьці на нейкую колькасць дзён і проста спрабаваць розныя творчыя практыкі, бо рабіць гэта ў сваім звыклым асяроддзі часта бывае цяжка, з прычыны бытавых спраў, ляноты, пракрастынацыі і гэтак далей. А месца, дзе ўмовы створаныя для таго, каб нешта ствараць, мне вельмі не хапала».
Мы жывем у даволі атамізаваным грамадстве, якое пасля каронавіруснага каранціну яшчэ больш алічбавалася. Можна было б меркаваць, што людзі едуць у летнікі за новымі знаёмствамі і жывымі стасункамі, але дзяўчаты, спасылаючыся на свой досвед, кажуць, што гэта далёка не асноўная матывацыя да іх прыехаць. Новыя знаёмствы з цікавымі людзьмі — гэта хутчэй бонус. Самі ўдзельнікі летніка матывуюць выбар сюды паехаць эмацыйнымі крызісамі, жаданнем заняцца творчасцю ці проста весела правесці час, як калісьці ў дзяцінстве.
«Я вырашыла паехаць у летнік, бо ў той перыяд адчувала ўнутраную заціснутасць, прыгнечанасць і жыццёвы застой, а хацелася новага творчага досведу і новых знаёмстваў, таму гэта была мая спроба змяніць нешта ў жыцці», — кажа ўдзельніца леташняга летніка Маргарыта.
А ці не ёсць гэта праявай інфантыльнасці, тое, што людзі хочуць вярнуцца назад у дзяцінства і выбіраюць формы арганізацыі жыцця, якія былі ў дзяцінстве? «Ну і цудоўна! — зноў эмацыйна адказвае Яўгенія. — Гэтае дарослае жыццё задрала: прымаць рашэнні, падпісваць паперкі, хадзіць у гэтыя ўжонды... ды немагчыма, сур'ёзна! Я бы так хацела, каб мне казалі: «А восьмай ты робіш зарадку, а дзявятай ты ясі, а першай мы ідзем з табой на пляц забаў і ты будзеш вісець на гэтай штуцы». Я бы сказала: «Добра! Я буду рабіць усё, што вы мне скажаце!» А што яшчэ трэба даросламу чалавеку? Проста хаця б тыдзень каб ён нічога не вырашаў, каб яму проста казалі, а ён перыядычна: «Не хачу!» — яму такія: «Ну калі ласка!» — «Ну лааадна...» Я радая, што мы ствараем такое месца, дзе можна нічога не вырашаць».
Ульяна таксама не згодная і лічыць зварот да свайго ўнутранага дзіцяці формай сталення: «Тое, што мы часта чуем, накшталт «спазнай сябе», адбываецца менавіта праз гэта. Паняцце даросласці і інфантыльнасці, вяртанне ў дзяцінства — вось як іх падзяляць? І ўсё ж мы вяртаемся больш не да інфантыльнасці, а да вывучэння сябе, сваіх каранёў, таго, хто ты ёсць на самай справе, які схаваўся за ўсімі гэтымі дарослымі штукамі і паходамі ва ўжонды».
Рэлакацыя праекта ў Польшчу з’яўляецца ў нейкай ступені выклікам для арганізатарак, бо ў Беларусі ўжо была напрацаваная аўдыторыя. У Польшчы каналаў для сувязі больш і выйсці на аўдыторыю, з якой яны працуюць, дзяўчынам значна складаней.
Яўгенія: «Мы яшчэ спрабуем кошт летніка зрабіць такім, каб ён быў даступны для ўсіх, бо гэта не пра бізнес і не пра заробак грошай. Я шмат працую і мне даводзіцца адсоўваць адну працу дзеля таго, каб заняцца чымсьці, што я люблю. У мяне зараз не шмат шляхоў, каб займацца тым жа тэатрам, а вось наш летнік я бясконца абажаю. І гэта быў таксама адзін з вялікіх пунктаў, калі мы вырашылі, што будзем рабіць тут летнік, каб зрабіць кошт і знайсці месца максімальна такія, каб людзі, якія знаходзяцца зараз у сітуацыі рэлакейту, маглі сабе гэта дазволіць. Мы не пра проста адпачынак і спробы чымсьці пазаймацца, мы якраз пра знаходжанне сабе падобных, пра знаходжанне сяброў, пра тое, што тыдзень ты знаходзішся ў сям'і. У нас былі суперкейсы і ў Беларусі, калі дзяўчынкі, адна з Мінска, другая з Брэста, так адна адну палюбілі, што каталіся ў госці. Я плакала, калі зразумела, што пазнаёміла соўл-сістэр. Усе па-рознаму перажываюць рэлакейт, эміграцыю — і я хачу стварыць астравок, дзе ўсім будзе цёпла, добра і кайфова разам».
Фота прадастаўленыя арганізатаркамі летніка