7 студзеня ў храмах РПЦ адчыняць «дзверы ў Нябеснае Царства»

У дзень Нараджэння Хрыстова 7 студзеня ва ўсіх храмах Рускай Праваслаўнай Царквы будуць служыцца літургіі з адкрытымі царскімі дзвярыма.



xram.jpg

Царскія дзверы будуць адкрыты на літургіі да малітвы «Ойча наш». Такі Указ за нумарам У-01/209 ад 31 снежня 2014 г. Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла быў апублікаваны на афіцыйным сайце Маскоўскай гарадской епархіі 2 студзеня 2015.
Рашэнне адкрыць царскія дзверы ва ўсіх храмах было прынята «улічваючы асаблівае місіянерскае значэнне святочнага набажэнства», гаворыцца ва Указе.
Царскія дзверы — гэта дзверы, якія змяшчаюцца пасярэдзіне іканастаса і вядуць да алтара, самага святога месца ў храме. Царскія дзверы маюць такую назву таму, што праз іх выносяцца на літургіі Святыя Дары, гэта значыць выходзіць да вернікаў сам Бог. Адкрыццё царскіх дзвярэй сімвалізуе адчыненне Нябеснага Царства. У практыцы набажэнстваў Рускай Праваслаўнай Царквы правам служэння літургіі з адкрытымі царскімі дзвярыма ўзнагароджваюцца толькі вельмі заслужаныя святары, або такое права можа давацца кафедральнаму сабору ці манастыру.
Каментуючы дадзены Указ клірык Свята-Елісавецінскага манастыра горада Мінска дыякан Георгій Глінскі адзначае, што дадзенае распараджэнне зможа «ажывіць набажэнства Нараджэння Хрыстова. Гэта спосаб паказаць, тым людзям, што прыйшлі на Свята, што алтар існуе не сам па сабе, што святар не там дзесьці, а моліцца разам з народам. Менавіта ў гэтыя святочныя дні ў храм прыходзіць найвялікшая колькасць людзей. Гэта добрая магчымасць для місіі. Адчыненыя царскія дзверы дадуць людзям магчымасць лепш зразумець прыгажосць адпраўляемай Бажэственай Літургіі».
krynitsa.info