50 базавых штрафу — за чырвоную паласу на прыпынку
Абвінавачванне настойвала, што Віктар Лагуцін намаляваў чырвоную паласу на прыпынку ў вёсцы Смагароўка ў Чэрвеньскім раёне, што "істотна знізіла эстэтычныя каштоўнасці прыпынку". Матэрыяльную шкоду ацанілі ў 8 рублёў 84 капейкі.
У судзе Чэрвеньскага раёна 29 студзеня разглядалася крымінальная справа, распачатая супраць мінчука Віктара Лагуціна па артыкуле 341 Крымінальнага кодэксу (Апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці). Лагуціна абвінавацілі ў тым, што намаляваў на прыпынку паласу чырвонага колеру.
Справу разглядаў суддзя Анатоль Чаркоўскі. Пракурор — Васіль Вярбіцкі.
Згодна з абвінавачваннем, Віктар Лагуцін 5 снежня 2020 года намаляваў чырвоную паласу на прыпынку ў вёсцы Смагароўка ў Чэрвеньскім раёне, што "істотна знізіла эстэтычныя каштоўнасці прыпынку". Матэрыяльная шкода, нанесеная дзеяннямі Лагуціна, была ацэнена ў 8 рублёў 84 капейкі.
Віктар віну цалкам прызнаў, таму суд прайшоў вельмі хутка — усяго за 25 хвілін. Да суда абвінавачаны знаходзіўся на волі.
Пракурор прасіў пакараць Лагуціна штрафам у памеры 50 базавых велічынь (1450 рублёў). Адвакатка Віктара падчас спрэчак звярнула ўвагу на змягчаючыя абставіны: Віктар мае траіх дзяцей, у тым ліку з інваліднасцю, не прыцягваўся раней да адміністрацыйнай адказнасці (акрамя парушэнняў ПДД).
У выніку суддзя Чаркоўскі вынес такі прысуд, як і прасіў пракурор: 50 базавых велічынь штрафу (1450 рублёў).