21-гадовая мінчанка зняла фільм пра беларускіх бяздомных (трэйлер)
Лізе Цімашковой 21 год. За гэтае лета дзяўчына на асабістыя сродкі зняла кароткаметражны фільм пра беларускіх бяздомных "Безназоўныя людзі".
"Безназоўныя людзі" — кароткаметражны мастацкі фільм аб праблеме бяздомнасці на вуліцах Мінска. Дакладная дата выхаду фільма яшчэ невядомая, аднак трэйлер ужо з'явіўся ў сеціве.
Дваццаціхвілінны фільм заснаваны на рэальных гісторыях сапраўдных бяздомных, што прыходзяць на выходныя на раздачу ежы валанцёрамі ў сквер каля Нацыянальнай бібліятэкі. А таксама на гісторыях валанцёраў і думках простых мінакоў пра тое, што адбываецца. У фільме расказаная гісторыя двух сяброў, якія па розных прычынах апынуліся на вуліцы. Аднаго з якіх чакае смерць, а другога — бясконцая адзінота.
Сам фільм выйдзе бліжэй да зімы, а пакуль можна паглядзець трэйлер і падпісацца на інстаграм праекта, каб не прапусціць важныя навіны. Нагадаем, што зімовы час — адзін з самых цяжкіх часоў для беларускіх бяздомных.
Па словах рэжысёра фільма Лізы (Цімы) Цімашковой, беспрытульнасць у Беларусі пакуль не такая велізарная праблема як у Германіі ці ЗША, але яна цалкам можа такой стаць, калі яе ігнараваць.
"Я паглядзела на тое, якія тэмы закранаюць сацыяльна актыўныя грамадзяне. Гэта расізм, гамафобія, ушчамленне правоў жанчын і інвалідаў, але нікога не цікавіць праблема бяздомнасці, якая можа таксама ўключаць у сябе ўсе вышэйпералічаныя, — кажа аўтар карціны. — У нас няма нейкіх буйных і добра арганізаваных праграм дапамогі, накшталт пунктаў абагрэву або раздачы ежы, як у той жа Амерыцы. Адзіныя месцы, дзе бяздомныя могуць легальна пераночыць — Цэнтры начнога знаходжання, размешчаныя ў буйных гарадах. Паесці, па меншай меры, у Мінску — на раздачу ежы FNB і ў будынку былога дзіцячага садка на вуліцы Матусевіча пры падтрымцы арганізацыі "Дапамога бяздомным". Мне здаецца, што падобная сумная сітуацыя існуе, у асноўным, з-за адсутнасці рэгулярнага і якаснага інфармавання аб праблеме. Мой фільм як раз закліканы прыцягнуць увагу, раскрыць сутнасць праблемы праз мастацтва. А дапамагаць, між іншым, таксама мастацтва".
Фота Лізы Цімашковай