20 гадоў таму выйшла ў свет першая паштовая марка незалежнай Беларусі

20 гадоў таму выйшла ў свет першая паштовая марка незалежнай Беларусі. Пра гэта паведаміў вядомы беларускі грамадска-палітычны дзеяч, кандыдат гістарычных навук Алег Трусаў.



195f15384c2a79cedf293e4a847ce85c.jpg

20 гадоў таму выйшла ў свет першая паштовая марка незалежнай Беларусі. Пра гэта паведаміў вядомы беларускі грамадска-палітычны дзеяч, кандыдат гістарычных навук Алег Трусаў.
Паводле яго слоў, БССР, як заснавальніца ААН, фармальна мела права выпускаць свае паштовыя маркі яшчэ пад час знаходжання ў складзе СССР. Але савецкае кіраўніцтва рабіла ўсё мажлівае, каб БССР, як і УССР, не выпускалі сваіх знакаў паштовай аплаты, сказаў Трусаў. Паводле яго слоў, замест гэтага усе саюзныя рэспублікі мелі права прадстаўляць свае нацыянальныя сюжэты на савецкіх паштовых марках, пры гэтым у афармленні філатэлістычных мініяцюр разам з рускай выкарыстоўвалася і адпаведная нацыянальная мова. Такім чынам выйшла каля 30 савецкіх знакаў паштовай аплаты з беларускімі тэмамі і беларускай мовай.
“І вось у 1990 годзе, калі я стаў дэпутатам Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь XII склікання, у айчыннай прэсе паднялася хваля патрабаванняў выпускаць беларускія  паштовыя маркі згодна з правам, якое мела БССР ў складзе СССР, як краіна — заснавальніца ААН. І я па гэтым пытанні не раз выступаў з парламенцкай трыбуны. Але прэм’ер-міністр краіны Вячаслаў Кебіч быў катэгарычна супраць, матывуючы між іншым і тым, што ў краіне няма адпаведнага спецыяльнага абсталявання. “Аднак трэба заўважыць, што як толькі літоўцы аб’явілі аб выхадзе з Савецкага Саюза, яны адразу, яшчэ ў сакавіку 1990 года, пачалі выпускаць свае паштовыя маркі на кепскай друкарскай паперы і прадаваць іх у сваім парламенце. І хаця ніхто ў свеце гэтыя знакі паштовай аплаты не прызнаваў, літоўцы клеілі іх на канверты побач з савецкімі маркамі і, такім чынам, распаўсюджвалі па ўсім свеце, як візітоўку сваёй будучай незалежнай краіны, — сказаў Трусаў.
Як толькі Беларусь стала незалежнай, ён зноўку пайшоў да Кебіча. “І ён зрэшты даў загад міністру сувязі выйсці на Маскву і пачаць друкаваць беларускія паштовыя маркі. Тым больш, што яшчэ напрыканцы 1991 года Расія пачала выпускаць свае знакі паштовай аплаты з нацыянальнай сімволікай і выявамі першых герояў Расіі, — адзначыў Трусаў.
На пачатку 1992 года ў парламенцкую камісію па адукацыі, культуры і захаванню гістарычнай спадчыны, намеснікам старшыні якой быў Трусаў, былі прадстаўлены ўзоры першай паштовай маркі незалежнай Беларусі. Гэта была мініяцюра наміналам 20 капеек, прысвечаная народнаму артысту СССР Рыгору Шырме. “Я звярнуў увагу на тое, што ўсе нармальныя краіны на сваіх марках назву валюты стараюцца не пазначаць, а указваюць толькі намінал. Разам з тым, ва ўмовах інфляцыі гэтыя маркі наміналам у 20 капеек адразу прыйдзецца выкідаць ў сметніцу. Акрамя таго, нельга пачаць выпуск айчынных паштовых марак з выпадковага сюжэта, нягледзячы на ўсю маю павагу да постаці Шырмы. А паколькі другой паштовай маркай незалежнай Беларусі павінна была стаць мініяцюра з крыжам Еўфрасінні Полацкай, я звярнуўся да ўладыкі Філарэта і Кебіча з прапановай, каб менавіта гэтая паштовая марка стала першым айчынным знакам паштовай аплаты. І 20 сакавіка 1992 года ў серыі “Старажытнае мастацтва Беларусі выйшла марка наміналам ў адзін рубель з выявай сімвала Беларусі — крыжа Еўфрасінні Полацкай і нацыянальнай чырвона-белай каларыстыкай. Сюжэт гэтай маркі, створанай паводле эскіза расійскага мастака Германа Комлева і надрукаванай накладам два мільёны экзэмпляраў, потым неаднаразова паўтараўся на іншых айчынных знаках паштовай аплаты, у тым ліку, на марцы і на першым беларускім паштовым блоку, прысвечаных 1000-годдзю Беларускай праваслаўнай царквы. Апошні раз гэты сюжэт быў увасоблены на блоку, які выйшаў у мінулым годзе і быў прысвечаны 850-годдзю стварэння крыжа Еўфрасінні Полацкай, — паведаміў Трусаў.     
Паводле яго слоў, 21 сакавіка ў 17.30 ў сталічнай сядзібе РГА “Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны адбудзецца вечарына па тэме “Маркі незалежнай Беларусі. 20 год з выхаду першай беларускай паштовай маркі.