2016. Год пустаты
Ад прагнозаў на наступны год робіцца крыху вусцішна. Бо няма ніякіх прагнозаў. Быццам усё пушчана на самацёк, аддадзена на волю лёсу і ніхто нават не спадзяецца, што тая воля будзе добрай.Ад прагнозаў на наступны год робіцца крыху вусцішна. Бо няма ніякіх прагнозаў. Быццам усё пушчана на самацёк, аддадзена на волю лёсу і ніхто нават не спадзяецца, што тая воля будзе добрай.
svaboda.org
«Цяжкі, як ніколі, год» аб’яўлены годам культуры. Не беларускай культуры, не годам Мулявіна ці годам Шамякіна, не годам замірэння дзяржавы з незалежнай культурай, а проста — культуры. А што такое культура? Чыстыя вуліцы, не лаяцца матам, правільна змазаны аўтамат — усё, куды ні кінь, культура. Проста ўсё. А проста ўсё — гэта проста нішто. Пустата.
А можа я чапляюся і насамрэч у год культуры запланавана нешта нешараговае і амбітнае, нешта незвычайнае, што прыцягне да Беларусі ўвагу ўсяго свету?
Вось пералік мерапрыемстваў. «Гэта будзе год знакавых юбілеяў». Гм. Кожны год — год знакавых юбілеяў, гэтую тайну адрыўныя календары даўно ўжо перадалі Вікіпедыі. Нават кожны дзень цяпер лёгка апісаць чым-небудзь знакавым. І што ж прыдумалі ў мінкульце? Канцэрт з нагоды 75-х угодкаў Уладзіміра Мулявіна, юбілейны «Славянскі базар», пройдуць акцыі «Чытаем Багдановіча разам» — гэта да 125-х угодкаў любімага паэта. У Слуцку паставяць помнік княгіні Анастасіі… Усё? Усё.
Ясна, што год культуры патрэбны найперш міністэрству культуры для фінансавання сябе самога. Але ж хоць бы скрэатывілі чыноўнікі, ну хоць штосьці, каб новы год не выглядаў у параўнанні з іншымі так блякла і нецікава, асабліва ў культурным плане.
Праблема краіны ў тым, што культура глыбока расколатая на прыўладную абслугу і ўласна беларускую культуру з яе асобнай ад дзяржавы літаратурай, паўзабароненымі музыкамі і мастакамі. Ясна, што пры гэтай уладзе, якая гэты раскол стварыла, ён пераадолены быць не можа. Але ж ні намёку, што «там» нехта гэтага хоча. У інтарэсах краіны. У 2016 у глыбінную расколіну запампуюць чарговую порцыю пустаты пад назваю «Год культуры».
На маю думку, чарговая прафанацыя не вартая ніякіх бюджэтных сродкаў, а недзяржаўная культура, па якой нас і ведаюць у свеце і ў якой ёсць рэальная аўдыторыя ў краіне, будзе жыць без дзяржаўнай падтрымкі, як і жыла дагэтуль.
Будзь мая воля, я б абвясціў 2016-ты годам культурнай мабілізацыі. Рэч у тым, што праз год, у 2017-м споўніцца 500 гадоў беларускай кнізе. Сімвал нашай краіны і нацыі ў эпоху Адраджэння вымагае сапраўднага адраджэння краіны і нацыі ў сучаснасці. Гэта падзея сусветнага маштабу і адзначаць яе будуць па ўсім свеце. І будзе надзвычай крыўдна, калі цэнтрам юбілею стане не Беларусь, калі Беларусь у дачыненні да культурнага подзвігу Францішка Скарыны застанецца пры сваіх «Славянскіх базарах» — у пустаце. Год на падрыхтоўку да юбілею беларускага кнігадруку — зусім няшмат, але не так і мала, калі абвясціць культурную мабілізацыю, прычым для ўсіх беларусаў, бо Скарына непадзельны для ўсіх.
На жаль, даводзіцца канстатаваць, што Адраджэнне, нацыя, Скарына — занадта вялікія, глабальныя з’явы для разумення чыноўнікаў мінкульту — па-сутнасці афіцыянтаў, якія не сягаюць думкай далей за «культурную» сервіроўку барскага стала.
Сяргей Дубавец, Радыё Свабода