«1937-ы таксама не адразу здарыўся». Што чакае простых беларусаў?

Беларускі праваабаронца Сяргей Усцінаў у сваім каментары спецыяльна для DW падзяліўся меркаваннем пра тое, як улада помсціць актывістам і бізнесу і ці трэба баяцца ўсім астатнім.

Ілюстрацыйнае фота. Аўтар Дзмітрый Дзмітрыеў

Ілюстрацыйнае фота. Аўтар Дзмітрый Дзмітрыеў

Пасля 9 жніўня ў краіне наступіла чорная паласа для любой актыўнасці, пачынаючы з грамадзянскай і заканчваючы бізнесам. Рэжым заняўся такімі зачысткамі грамадзянскай супольнасці, якіх яшчэ не было ў сучаснай Беларусі. Але ўсё гэта здарылася не на пустым месцы.

Прычыны ціску на актыўных беларусаў

Многія выдатна памятаюць палітычныя выкраданні і забойствы Ганчара, Красоўскага, Захаранкі і Завадскага. Усе ведаюць, хто за гэтым стаіць, аж да прозвішчаў. Аднак з часам здарылася тое, што здарылася: даравалі, забыліся і змоўклі. Тое ж самае тычыцца і заходніх палітыкаў. Гульня рэжыму ва «ўзяцце закладнікаў, гандаль, вызваленне закладнікаў», відаць, задавальняла Захад.
Мэтанакіраванае знішчэнне ўсяго, што можа перашкодзіць праўленню аднаго чалавека, стала галоўнай задачай любых дзяржорганаў. Усе сілавікі і дзяржслужачыя падпарадкаваны і падсправаздачны толькі прэзідэнту. Прэзідэнт можа за два дні змяніць любы закон, які падтрымае парламент.
Аб працы вертыкалі і хлусні ў дзяржаўных СМІ мы маглі меркаваць па мерах, што прымаюцца ў сувязі з пандэміяй каронавіруса. Людзі зразумелі, што іх жыцці не хвалююць рэжым, а іх смерці ад COVID-19 будуць хавацца за ілжывай статыстыкай. На фоне ўсяго гэтага жаху адбыліся выбары.

Узровень рэпрэсій 2020-2021

Яшчэ да выбараў рэжым пайшоў на беспрэцэдэнтныя крокі: на крымінальная справу і арышт Віктара Бабарыкі. Да гэтага, пасля цынічнай правакацыі ў Гродне, быў затрыманы і абвінавачаны ў крымінальным злачынстве Сяргей Ціханоўскі. У ліпені акцыі пратэсту пачалі разганяць з ужываннем сілы і спецсродкаў. Аднак людзей гэта ўжо не спыняла, усе чакалі 9 жніўня.

Сяргей Усцінаў

Сяргей Усцінаў


Дзень выбараў стаў адпраўным пунктам ператварэння Беларусі ў краіну масавых катаванняў і рэпрэсій. Як мінімум чатыры чалавекі загінулі. Фотаздымкі вячэрняга Мінска нагадвалі поле ваенных дзеянняў. Уначы 13 жніўня сталі выпускаць затрыманых на пратэстах, і свет абляцелі страшныя фотаздымкі скалечаных людзей. Свет плакаў разам з беларусамі. Толькі намеснік міністра МУС Аляксандр Барсукоў заявіў: «Здзекаў ніякіх не было. Я перагаварыў з кожным». Нахабная хлусня на афіцыйным узроўні даўно стала апорай рэжыму.

Беларусь: выпаленая зямля

Праз некалькі тыдняў пасля катаванняў і жорсткага абыходжання з затрыманымі ў першыя дні пратэстаў усё ж было адчуванне магчымай перамогі. Людзі масава выходзілі на вуліцы, рабочыя вылучалі свае патрабаванні, спыняючы працу. Як аказалася, рэжым усяго толькі зрабіў крок назад, каб перагрупавацца і ўдарыць з небывалай сілай.
Ужо з верасня сілавікі пачалі збіваць пратэстоўцаў і заводзіць крымінальныя справы на актыўных стачкамаўцаў прадпрыемстваў. Узбуджаліся крымінальныя справы за акцыі пратэсту 9-13 жніўня. Затое пацярпелым ад катаванняў адмаўлялі ва ўзбуджэнні крымінальных спраў супраць сілавікоў. Рука не здрыганулася кідаць святлашумавыя гранаты і труціць газам пратэстоўцаў пенсіянераў. Рэжым пачаў ціснуць усіх без выключэння, знішчаючы пад корань любую актыўнасць. Восенню 2020-га многія былі вымушаныя пакінуць Беларусь, у людзей проста не было выбару — альбо турма, альбо эміграцыя. І пытанне збору валізак часам нават не стаяла, людзі ўцякалі літаральна з адной торбай у руках.
У той жа час з'явілася інфармацыя аб прымяненні катаванняў у дачыненні да затрыманых па палітычных матывах. У лютым пачаліся нападкі на праваабаронцаў, распачалі крымінальную справу на дырэктара і юрыста «Офіса па правах людзей з інваліднасцю» Сяргея Драздоўскага і Алега Граблеўскага. 16 лютага прайшлі масавыя ператрусы ў праваабаронцаў «Вясны». 9 сакавіка 2021 да праваабаронцы Міжнароднага камітэта па расследаванні катаванняў у Беларусі Івана Краўцова ўварваліся з ператрусам сілавікі і падвергнулі катаванням, каб атрымаць доступ да інфармацыі на кампутары і тэлефоне. Іх цікавіла інфармацыя аб працы Міжнароднага камітэта па расследаванні катаванняў у Беларусі.
З'яўляючыся сузаснавальнікам Міжнароднага камітэта па расследаванні катаванняў у Беларусі, я разумеў, што сілавікі капаюць пад мяне і маю калегу Вікторыю Фёдараву (пазней гэтая інфармацыя пацвердзілася). Намі было прынята рашэнне з'ехаць з Беларусі, як пазней аказалася, нездарма. 6 красавіка 2021 па справе Міжнароднага камітэта па расследаванні катаванняў у Беларусі сілавікі правялі ператрус у кватэры праваабаронцы Эніры Браніцкай і ў яе бацькоў. 5 красавіка 2021 з ператрусам прыйшлі да праваабаронцы Таццяны Гацуры-Яворскай. 12 красавіка 2021 мужа Таццяны Гацуры-Яворскай Уладзіміра Яворскага катавалі на допыце і патрабавалі даць паказанні.
Мала хто разумее, што, зачышчаючы няўрадавыя арганізацыі і бізнес (дастаткова ўзяць нядаўнія падзеі з бізнес-клубам «Імагуру»), рэжым не спыніцца, пакуль не адпомсціць усім беларусам. Рабочых, дарэчы, ужо часткова зачысцілі, але асноўная чыстка яшчэ наперадзе. 1937-ы таксама не адразу здарыўся.

Міжнародная рэакцыя. Што рабіць?

Ужо, напэўна, кожны беларус усміхаецца, калі чытае аб чарговай заклапочанасці або глыбокай занепакоенасці ААН, АБСЕ, асобных заходніх палітыкаў. Аднак трэба памятаць, што генацыд у Руандзе ў 1994 годзе праходзіў пад тыя ж самыя глыбокія заклапочанасці. Беларусы павінны зразумець, што ніхто акрамя іх саміх не дапаможа. Спадзявацца на санкцыі можна, але санкцыі не перамогуць рэжым.
Так, усе баяцца выходзіць на вуліцу, бо цябе могуць проста забіць ці пакалечыць, але за нявыхад на працу цябе не заб'юць, не пакалечаць і не пасадзяць у турму. Масавы страйк — вось чаго баяўся рэжым у жніўні і ў кастрычніку, ён гэтага баіцца і сёння. Пакуль людзі гэта не зразумеюць, то будуць жыць у гэтым жаху і страху, кожны дзень чытаць пра чарговы арышт або суд. А законы для «кожнага можна пасадзіць» ужо прынятыя.
З'язджаць ці не — кожны вырашае сам для сябе. Калі б мне не «свяціла» крымінальная справа, я б не з'ехаў і працягваў бы працаваць для абароны правоў чалавека ў Беларусі. Але пакуль даводзіцца працаваць за межамі радзімы.