15 сутак — за «пікетаванне шляхам выказвання грамадска-палітычных поглядаў на выпускным»

У судзе Ленінскага раёна завяршыўся працэс над выпускніцай юрфака Белдзяржуніверсітэта Кацярынай Віннікавай, якая на ўручэнні дыплома прыгадала Максіма Знака, паведамляе «Свабода».

vinnikava_1.jpg

У судзе Ленінскага раёна завяршыўся працэс над выпускніцай юрфака Белдзяржуніверсітэта Кацярынай Віннікавай, якая на ўручэнні дыплома прыгадала Максіма Знака.

29 чэрвеня на ўручэнні дыплома яна выступіла з прамовай, у якой падзякавала юрыстам, з якіх брала прыклад, у тым ліку палітвязню Максіму Знаку.

У раскладзе судовых пасяджэнняў Ленінскага суда на 2 ліпеня справы Віннікавай не было. Людзі доўга чакалі пачатку працэсу. Ва ўсіх, хто прыйшоў падтрымаць Кацярыну, перапісалі пашпартныя звесткі.

Кацярыну судзілі па скайпе, яна знаходзіцца на Акрэсціна. Суддзя Марына Клімчук. Яна пакарала дзяўчыну 15 суткамі зняволення.

Аднакурснікі, калегі, выкладчыкі юрфака былі агаломшаныя рашэннем суду і сказалі, што Кацярына ні ў чым не вінаватая і што ў гэтай краіне чалавека могуць пасадзіць нават за тое, што ён нічога проціпраўнага не здзяйсняў.

У чым абвінавацілі Кацярыну Віннікаву

Выпускніцы юрфака БДУ Кацярыне Віннікавай паставілі ў віну артыкул 24.23 («Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў») — нібыта за пікетаванне шляхам выказвання грамадска-палітычных поглядаў на выпускным вечары.

Пры адвакаце быў складзены яшчэ адзін пратакол — паводле артыкула 24.3 («Непадпарадкаванне законнаму распараджэнню альбо патрабаванню службовай асобы»).

Кацярыну Віннікаву на судзе абвінавачваюць у тым, што 29 чэрвеня ў 20.20 на сцэне Ліцэя БДУ яна выказала свае грамадска-палітычныя інтарэсы з мэтай сваёй нязгоды з крымінальным пераследам юрыста Максіма Знака. Тым самым нібыта правяла пікет, на які не быў атрыманы дазвол Мінскага гарвыканкама.

Віннікава, якая скончыла юрфак з чырвоным дыпломам, дае тлумачэнні, што сэнс прамовы — падзяка выкладчыкам, а не нязгода з крымінальным пераследам Максіма Знака.

На сцэну Кацярына Віннікава была запрошаная як выдатніца — для выказвання падзякі выкладчыкам. Прозвішча Знака гучала як адно з прозвішчаў паважаных выкладчыкаў.

 

Што гавораць сведкі

На суд запрошаныя 6 сведкаў. Выкладчыца юрфака Юлія Гаўрыльчык пацвердзіла, што гэта сапраўды была прамова падзякі — Кацярына казала пра выбітных юрыстаў, яна працытавала Віктара Гюго — пра тое, наколькі важнае права. Усе выкладчыкі фігуравалі ў прамове толькі ў рэчышчы падзякі. І прозвішча Знака было згаданае выключна як прозвішча выкладчыка.

Кацярыну выкладчыца характарызуе як разумную таленавітую студэнтку, да якой можна звярнуцца па любым пытанні. Віннікава ўдзельнічала ў шматлікіх навуковых канферэнцыях, у яе ўжо ёсць публікацыі, што важна для студэнтаў. У яе адзін з самых высокіх балаў на факультэце, яна вельмі выхаваная.

Другая сведка, выкладчыца юрфака Кацярына Ульянава, таксама характарызуе Віннікаву як добрасумленную, актыўную, выбітную студэнтку, якая перамагала ў шматлікіх юрыдычных спаборніцтвах. Сведка Ксенія Філіповіч, памочніца адваката з кампаніі «Гарэцкі і партнёры» знаёмая з Кацярынай каля двух гадоў. Яна трэніравала каманду студэнтаў-юрыстаў, якія ўдзельнічалі ў міжнародным конкурсе ў Маскве. «Каця — выбітная студэнтка з высокай самадысцыплінай, яна прадстаўляла Беларусь на міжнароднай арэне», — кажа Філіповіч.

Аднакурсніца Віннікавай Тамара Бабіна падкрэсліла, што прамова Кацярыны была ў праграме, ёй як выдатніцы і найлепшай студэнтцы спецыяльнасці «Эканамічнае права» прапанаваў выступіць прафкам БДУ. А Максім Знак згадваўся разам з іншымі выкладчыкамі. Аднагрупніца Юлія Багданава таксама пацвердзіла словы іншых сведак і адзначыла, што галоўны пасыл прамовы Кацярыны — падзяка выкладчыкам, якія далі якасную адукацыю студэнтам і змагаюцца за права і справядлівасць.

 

Што запісана ў пратаколе

У пратаколе Ленінскага РУУС Мінска, які агучылі ў судзе, адзначана, што падчас маніторынгу тэлеграм-каналаў у тэлеграм-канале «Нашай Нівы» было знойдзена адпаведнае відэа. Да матэрыялаў справы далучаныя скрыншоты з тэлеграм-канала «Нашай Нівы». Адвакат просіць далучыць скрыншот з інтэрнэт-крамы, дзе Кацярына набыла сукенку, і таксама раздрукоўку з сайта Беларускай федэрацыі хакея, дзе хакеісты былі ў такой жа колеравай гаме. Суддзя адмовіла, бо, маўляў, Віннікаву не вінавацяць ў нашэнні сукенкі.

 

Пазіцыя адваката

Паводле адваката Сяргея Хмылко, у матэрыялах справы няма стэнаграмы прамовы, няма самога відэа, а скрыншот з тэлеграм-канала «Нашай Нівы» сведчыць выключна пра пазіцыю журналістаў. У Кацярыны няма аніводнага адміністрацыйнага правапарушэння, нават за пераход дарогі не ў тым месцы. Адвакат просіць спыніць справу.

30 чэрвеня на ўручэнні дыпломаў будучым юрыстам выпускніца юрфака БДУ Кацярына Віннікава выступіла з запамінальнай прамовай, у якой падзякавала адвакату Максіму Знаку, які амаль год знаходзіцца на «Валадарцы», і звольненым выкладчыкам.

На наступны дзень дзяўчыну затрымалі, правялі ператрус, забралі ноўтбук.

Увечары 1 ліпеня тэлеграм-канал «Міліцыя Мінска» паведаміў, што «дзяўчына з’явілася ў тэрытарыяльнае ўпраўленне ўнутраных спраў Мінска для разбіральніцтва. Цяпер праводзіцца праверка».

 

Што сказала Кацярына Віннікава ў сваёй прамове

«Хочацца сказаць дзякуй тым, у каго можна было сапраўды шмат чаму навучыцца. А менавіта выкладчыкам юрфака БДУ, прысутным тут у залі, а таксама тым, хто, на жаль, сёння знаходзіцца не тут. Выкладчыкам паводле паклікання.

Нізкі паклон

Алене Уладзіміраўне Лаеўскай,

Кацярыне Віктараўне Новікавай,

Аляксею Іванавічу Сахарчуку,

Алене Іванаўне Басалай,

Максіму Аляксандравічу Знаку.

Дзякуй за тое, што паказалі сваім прыкладам, хто такі юрыст і што такое права!

Шмат чаму навучыцца можна было таксама ў нядаўніх студэнтаў, а цяпер — маладых перспектыўных юрыстаў. Напрыклад, такую магчымасць дае moot court рух («moot court» — навучальны, гульнявы судовы працэс. — Заўв. рэд.), ва ўдзельнікаў якога на слыху імёны найталенавіцейшых юрыстаў Ксеніі Вячаславаўны Лапуцкай, Іллі Салея, Ксеніі Філіповіч, шмат якіх іншых выпускнікоў юрфака і ФМА».

«Усім нам я зычу любіць і бараніць права з гонарам і годнасцю сапраўднага юрыста, нягледзячы на цяжкасці, якія ёсць і будуць. І тады, як сказаў Віктор Гюго, для мяне не важна, на чыім баку сіла. Для мяне важна, на чыім баку права».

«І памятайце, калі ласка, усе, хто збіраюцца працаваць юрыстамі або працуе юрыстамі: права — гэта мастацтва дабра і справядлівасці. А дабро, розум і чалавечая годнасць у сукупнасці заўсёды перамагаюць», — сказала Кацярына Віннікава.