14 сакавіка — эканамічная сесія Усебеларускага кангрэса за незалежнасць
На 14 сакавіка ў Мінску прызначана I сесія Усебеларускага кангрэса за незалежнасць, прысвечаная эканамічным праблемам Беларусі. Рашэнне пра гэта было прынятае 1 лютага ў Мінску на чарговым пасяджэнні рады кангрэсу.
Да ўдзелу ў канферэнцыі будуць запрошаныя эканамісты — навукоўцы і практыкі, прадпрымальнікі і прадстаўнікі дзяржаўных структураў.
У парадак дня сесіі ўключаны наступныя пытанні: эканамічны стан Беларусі: праблемы і перспектывы; першыя вынікі і наступствы дамовы аб Еўразійскім эканамічным саюзе (ЕАЭС); бізнес у сучасных умовах.
Як адзначыла каардынатар рады, вядомая беларуская мовазнаўца і грамадская дзяячка Алена Анісім, сярод найбольш актуальных пытанняў эканамічнага жыцця краіны айчынныя прадпрымальнікі называюць наступныя: адсутнасць дыялогу уладаў з бізнесам; невыкананне дзяржавай дырэктывы прэзідэнта № 4 ад 31 снежня 2010 г. "Аб развіцці прадпрымальніцкай ініцыятывы і стымуляванні дзелавой актыўнасці ў Рэспубліцы Беларусь"; адсутнасць у краіне нарматыўных актаў, што бароняць прыватную ўласнасць; нежаданне ўлады развіваць прыватны бізнес; неразуменне пэўнай часткі прадпрымальніцкіх колаў, што рашэнне іх эканамічных праблем ляжыць у палітычнай плоскасці.
Затым Алена Анісім пазнаёміла сябраў рады з дэманстрацыйнай версіяй інтэрнэт-сайту кангрэса, які пачне працаваць напрыканцы лютага.
Для ўдзелу ў працы грамадскага аргкамітэту па правядзенні 25 сакавіка Дня Волі ў ягоны склад накіраваны прадстаўнік рады кангрэсу — вядомы беларускі мастак і грамадскі дзеяч Алесь Марачкін.
Наступнае пасяджэнне рады кангрэса адбудзецца 28 лютага.