Золатавалютныя рэзервы Беларусі дасягнулі гістарычнага максімуму

Міжнародныя рэзервовыя актывы Беларусі на 1 жніўня 2019 года, па папярэдніх дадзеных, склалі 8,628 млрд долараў (у эквіваленце), паведаміла прэс-служба Нацбанка. Гэта новы гістарычны максімум, амаль на 300 млн долараў больш, чым на 1 ліпеня 2012 года.

3b414ec40253587c301dcf87ebf4aeac.jpg

За ліпень золатавалютныя рэзервы выраслі на 337,1 млн долараў (на 4,1%) пасля росту ў чэрвені на 200,8 млн долараў (на 2,5%).
З пачатку года рэзервы выраслі на 20,5%.
У ліпені ўрад і Нацбанк выканалі знешнія і ўнутраныя абавязацельствы ў замежнай валюце на суму каля 500 млн долараў. Пры гэтым павелічэнню ўзроўню золатавалютных рэзерваў спрыялі купля Нацбанкам валюты на таргах Беларускай валютна-фондавай біржы, паступленне валюты ў бюджэт, у тым ліку ад збірання экспартных пошлін на нафту і нафтапрадукты, паступленне сродкаў ад продажу Мінфінам аблігацый, намінаваных у замежнай валюце.
Згодна з Асноўнымі напрамкамі грашова-крэдытнай палітыкі на 2019 год, аб'ём міжнародных рэзервовых актываў на 1 студзеня 2020 года павінен скласці не менш 7,1 млрд долараў.
tut.by