Знешні доўг Беларусі скараціўся на $2 млрд. Як гэта адбылося?

Знешні доўг часта разглядаюць як адзін з крытэраў устойлівасці эканомікі краіны, і вось за апошнія месяцы ён значна знізіўся. Чаму гэта адбылося? Эканоміка ўзнаўляецца? Мы, урэшце, расплачваемся па пазыках?

_hroszy___valjuta__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__1__logo.jpg


Валавы знешні доўг — гэта сукупнасць усіх даўгоў у краіне перад замежнымі крэдыторамі. Гэта значыць, у яго ўваходзяць запазычанні бізнесу, дзяржавы, банкаў, насельніцтва, інвестыцыі і гэтак далей. Па сутнасці, гэты паказчык дэманструе крэдытныя абавязацельствы Беларусі перад светам, нагадваюць адмыслоўцы праекта «Кошт Урада».

Часцей за ўсё, агучваючы чарговыя даныя і кажучы пра іх станоўчую дынаміку, мы вымушаны дадаваць: «Але з іншага боку...». Праблема ў тым, што эканоміка Беларусі існуе цяпер ва ўмовах, у якіх большасць агульнапрынятых правілаў працуюць з агаворкамі: яны не ўлічваюць такія «рэгіянальныя асаблівасці», як татальныя санкцыі, поўная залежнасць ад суседняй дзяржавы, таталітарны рэжым кіравання, мясцовая спецыфіка статыстычных органаў і іншае.

Вось і атрымліваецца, што прапаганда агучвае прыгожыя лічбы, а мы вымушаны агаворвацца: «Пры гэтым варта ўлічваць».

Такім чынам, што кажа афіцыйная статыстыка? За першы квартал 2023-га валавая замежная запазычанасць знізілася на $2 млрд або на 5%. Апошнія даныя прыведзены па стане на 1 красавіка 2023 года. Спазненне ў 2,5 месяцы абумоўлена тым, што макраэканамічныя даныя, звязаныя са знешнеэканамічнай дзейнасцю, заўсёды прыходзяць з вялікім лагам.

Па сектарах зніжэнне дзеліцца так: больш за палову прыпадае на сектар дзяржкіравання (галоўным чынам былі зроблены выплаты па каштоўных паперах). Астатняе скарачэнне падзялілі прыкладна напалову банкі і бізнес.


Калі на першага студзеня 2023 года сумарная запазычанасць па валавым знешнім доўгу складала $4319 на кожнага беларуса, то на 1 красавіка яна знізілася да $4088. Адносіны доўгу да ВУП таксама знізіліся: калі раней яны складалі 54%, то цяпер 50%. Прыгожа? Вядома, прыгожа!

А цяпер пагаворым аб паказчыках, якія нам паказваць, хутчэй за ўсё, не будуць. Так, напрыклад, нам не раскажуць, што дзярждоўг становіцца ўсё больш затратным як адносна памеру эканомікі, так і адносна беларускага знешняга гандлю. Абслугоўванне валавога знешняга доўгу адносна экспарту беларускіх тавараў і паслуг вырасла з 10% да 13,7%, а абслугоўванне доўгу адносна ВУП раней складала 6,9%, а цяпер ужо 8,8%.

Гэтага кажа пра тое, што нягледзячы на агульнае зніжэнне аб'ёму доўгу сумарная знешняя запазычанасць для Беларусі не толькі застаецца адчувальнай, але і становіцца больш цяжкай у абслугоўванні.

Падводзячы вынік: цяперашнія паказчыкі пры здаровых рынкавых і міжнародных адносінах казалі б аб умацаванні эканомікі краіны. Але калі глядзець на тое, што адбываецца ў Беларусі ў кантэксце ўсіх апошніх падзей, становіцца зразумела, што мы назіраем сітуацыю, пры якой «не было б шчасця, ды няшчасце дапамагло».

Кажучы простымі словамі: доўг стаў меншым не таму, што мы не маем патрэбы ў запазычаннях, а па прычыне таго, што ніхто нам не хоча даваць у доўг. Мы з цяжкасцю расплачваемся па даўгах старых, не набіраючы пры гэтым новых — і не дзіўна, што валавы знешні доўг пры гэтым растае.

Нагадаем, што, паводле ацэнкі рэйтынгавых міжнародных агенцтваў, эканоміка Беларусі знаходзіцца ў дэфолтным стане. У класічнай сітуацыі ўрад у падобным становішчы імкнуўся б паляпшаць яе, павышаць эфектыўнасць і прывабнасць эканомікі, працаваць над рэструктурызацыяй пазыковага цяжару для лёгкасці яго абслугоўвання. Але «ўнікальны беларускі шлях» зноў вядзе ў іншым кірунку. Пакуль мы прыйшлі да таго, што ў рэспублікі на нейкі час стала менш даўгоў, але пры гэтым застаўся фактычна адзін безальтэрнатыўны крэдытор — Расія. І яна патрабуе за сваю дапамогу зусім не толькі працэнты па крэдытах.