Вадзім Іосуб: Беларусы вымушаныя здаваць валюту, каб пражыць
А вось чакаць далейшага падзення рубля ў бліжэйшы месяц не варта, лічыць эксперт.
Фота — finance.tut.by
У лютым 2015 года беларусы здалі ў абменнікі на 45% больш долараў, чым у студзені. Агулам беларусы здалі на 66,7 мільёнаў долараў больш, чым скупілі.
У каментары Еўрарадыё фінансавы аналітык афіцыйнага партнёра “Альпары” ў Мінску Вадзім Іосуб адзначыў, што гэта сведчыць аб падзенні даходаў і падобна да трэцяй стадыі анекдота пра беднасць.
Іосуб: “Тры ступені беднасці беларуса: няма грошай, зусім няма грошай і... пайшоў мяняць валюту. Мы назіраем трэцюю стадыю гэтага анекдота. Тыя людзі, якія яшчэ восенню набывалі валюту, мелі на гэта рублі. Зараз яны вымушаныя здаваць валюту, каб пражыць. Але таксама знізіліся чаканні дэвальвацыі, бо ўмацоўваецца расійскі рубель”.
Пры гэтым чакаць далейшага падзення рубля у бліжэйшы месяц не варта, прагназуе фінансавы аналітык. А курс рубля дастаткова стабільны з сярэдзіны сёлетняга студзеня.