Што рабіць беларусам з еўра?

Аналітыкі Deutsche Bank Робін Уінклер і Джордж Саравелас прагназуюць, што да 2017 года еўра абрынецца адносна долара да 85 амерыканскіх цэнтаў. Што рабіць тым беларусам, што маюць заначку  ў еўрапейскай валюце?



366227036.jpg

Паводле прагнозаў, ужо да канца бягучага года еўра дасягне парытэту з доларам, праз год еўрапейская валюта будзе каштаваць 90 амерыканскіх цэнтаў, а ў 2017 годзе — 85 цэнтаў. Нагадаем, што зараз 1 еўра каштуе 1,06 долара. Чаму еўра так імкліва губляе сваю вартасць?

З пункту гледжання фінансавага аналітыка афіцыйнага партнёра "Альпары" ў Мінску Вадзіма Іасуба, еўра можа падаць да таго часу, пакуль Еўрапейскі цэнтральны банк (ЕЦБ) будзе праводзіць палітыку колькаснага змякчэння, палітыку выкупу актываў з рынка. Прасцей кажучы, будзе працягваць друкаваць наяўныя еўра. Або, па меншай меры, пакуль ЕЦБ не заявіць пра завяршэнне гэтай аперацыі, якая акурат вось толькі і пачалася.

«Паводле першапачатковых разлікаў, ЕЦБ плануе друкаваць грошы да верасня 2016 года, прычым, як заяўляюць еўрапейскія грашовыя ўлады, пры неабходнасці гэтая аперацыя можа быць падоўжана. Сыходзячы з гэтага, я дапускаю, што ў найбліжэйшыя паўтара гады, калі нават еўра не будзе працягваць сваё падзенне, то пра ягоны рост да тых мінімумаў, да якіх ён паспее абрынуцца, казаць не даводзіцца, — адзначае эксперт. — Сыходзячы з гэтага, калі людзі маюць назапашванні ў еўра, і далягляд гэтых назапашванняў дастаткова кароткі, то бок, яны збіраюць на нешта грошы і мяркуюць іх выдаткаваць у найбліжэйшыя год-паўтара, то ў дадзеным выпадку можна толькі пашкадаваць, што яны не пазбавіліся ад еўра раней, і трэба пазбаўляцца ад еўра цяпер. Бо, верагодна, і надалей еўра будзе толькі таннець. Але калі ў кагосьці доўгатэрміновыя зберажэнні, далягляд якіх распаўсюджваецца на дзесяцігоддзі, то ў такіх выпадках мае сэнс падзяліць свае назапашванні паміж доларамі і еўра і чакаць, што ў бліжэйшыя гады еўра будзе падаць, але раней ці пазней ён пачне даражэць».

А навошта ж ЕЦБ робіць такія рэчы, абрынаючы еўрапейскую валюту? Дзеля таго, каб выратаваць і ажывіць еўрапейскую эканоміку, кажа суразмоўца.  «У еўрапейскай эканоміцы хапае праблемаў: дастаткова высокае беспрацоўе — амаль удвая болей, чым у ЗША, нізкі эканамічны рост, пагроза дэфляцыі. І дзеля таго, каб справіцца з гэтымі праблемамі, Еўрапейскі цэнтрабанк распачаў праграму колькаснага змякчэння. Гэта тая праграма, якая дала свае станоўчыя вынікі ў ЗША, часткова ў Вялікабрытаніі, зараз падобную аперацыю праводзіць Банк Японіі. То бок, дзеянні ЕЦБ знаходзяцца ў рэчышчы таго, як апошнія гады цэнтральныя банкі змагаюцца з рэцэсіяй і пагрозай дэфляцыі», — падкрэсліў Вадзім Іасуб.