Улады не збіраюцца амніставаць капіталы

Ажыццяўляць амністыю капіталу ў Беларусі ў межах дзейнага заканадаўства немагчыма. Калі ж рашэнне аб правядзенні падобнае акцыі будзе прынятае, то дзеля гэтага запатрабуецца маштабная падрыхтоўчая праца, заявіў у інтэрв’ю БЕЛТА старшыня Вышэйшага гастападчага суда нашай краіны Віктар Камянкоў.  



thumbnail_1351063257.jpg

«Тэма эканамічнай амністыі робіцца актуальнай для краінаў, якія знаходзяцца ў крызіснай сітуацыі, альбо там, дзе фармаванне дабрабыту пэўны час адбывалася на звышпрыбытках. Гэты працэс у свой час перажылі ЗША, Францыя, Турцыя, Казахстан», — адзначыў Камянкоў.

На думку ж айчынных экспертаў, пытанне амністыі капіталу ў Беларусі трэба было ўздымаць раней, а сёння гэтая праблема ўжо не ёсць актуальнай для беларускай рэчаіснасці.

Як мяркуе эканаміст і прадпрымальнік Леў Марголін, амністыя цікавая ў выпадку, калі, як у 90-х гадах мінулага стагоддзя, меў месца перыяд «дзікага накаплення капіталу», і ўзнікала патрэба вяртання гэтага капіталу ў краіну дзеля «запуску вытворчасці».

«Тады людзям, калі яны перайшлі да больш цывілізаванага ладу разумення, можна прапанаваць, каб яны заплацілі падаткі, вярнулі капітал, і тады іх ніхто не будзе пераследаваць. Ад таго часу мінула ўжо больш за дваццаць гадоў. Тыя, хто гэтага хацеў, ужо без усялякай амністыі запускаюць сюды свае капіталы. А той, хто гэтага не зрабіў раней, не зробіць гэтага да таго часу, пакуль у Беларусі не зменіцца ўлада, не зменіцца судовая сістэма. То бок, пакуль чалавек не адчуе, што ў яго не адбяруць ягоны капітал. У беларускіх варунках правядзенне амністыі капіталу было б немэтазгодным і неэфектыўным», — упэўнены Леў Марголін. Таму што, па словах эканаміста, амністыя ёсць добрай у тым выпадку, калі яна дае відавочны вынік.

Зараз, адзначае эксперт, ёсць шмат іншых спосабаў рэінвеставання капіталу. «Недарэмна ў нас адным з асноўных інвестараў з’яўляецца Кіпр. Зразумела, што не кіпрыёты інвестуюць сюды грошы, а нашы беларусы, якія ў свой час вывезлі адсюль капітал і змясцілі яго на Кіпры. Іншымі словамі, тыя, хто хоча гэтым займацца, знойдуць шмат больш бяспечных магчымасцяў, а той, хто да гэтага не саспеў, ніколі не будзе гэтага рабіць», — рэзюмаваў Леў Марголін.