У Беларусі з 28 жніўня падаражэюць званкі па гарадскім тэлефоне і паштовыя адпраўленні
"Белтэлекам" і "Белпошта" з 28 жніўня павышаюць тарыфы на некаторыя паслугі.
Пастанова Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю ад 7 жніўня 2019 года №66, якая прадугледжвае ўстанаўленне новых гранічных тарыфаў на паслугі электрасувязі (тэлефоннай сувязі) і паштовай сувязі агульнага карыстання, афіцыйна апублікавана на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
Як растлумачылі ў "Белтэлекаме", піша zviazda.by, цяпер тарыфы не забяспечваюць поўнага пакрыцця выдаткаў на аказанне паслуг. З 28 жніўня рэгуляваныя тарыфы на паслугі тэлефоннай сувязі вырастуць у сярэднім на 8,4%.
"Белтэлекам" праводзіць актыўную мадэрнізацыю сваіх сетак: састарэлыя медныя лініі сувязі замяняюць на оптавалакновыя па тэхналогіі GPON, абанентаў у гарадской і сельскай мясцовасці пераключаюць на сучасную IMS-платформу. Гэтыя мерапрыемствы спрыяюць зніжэнню сабекошту аказваемых паслуг і павелічэнню кампенсацыі затрат даходамі ад рэгуляваных паслуг мясцовай тэлефоннай сувязі", — адзначылі ў кампаніі.
Пры гэтым адзначаецца, што павышэнне рэгуляваных тарыфаў не закране іншых паслуг, якія прадстаўляюцца "Белтэлекамам", у тым ліку інтэрнэту і тэлебачання. Што датычыцца тарыфаў на паслугі паштовай сувязі, то перасылка паштовай карткі, ліста або бандэролі масай да 20 грамаў для фізічных асоб падаражэе з Br0,48 да Br0,54.
За кожныя наступныя поўныя або няпоўныя 20 грамаў масы ліста або бандэролі патрэбна будзе даплочваць не чатыры капейкі, а пяць.
Для юрыдычных асоб і ІП перасылка паштовай карткі, ліста і бандэролі да 20 грамаў падаражэе на пяць капеек — да Br0,45. За кожныя наступныя поўныя або няпоўныя 20 грамаў масы лісты або бандэролі давядзецца даплаціць 4,17 капейкі (цяпер — 3,33 капейкі).