Стваральнік Талера распавёў, колькі зарабіў на ім
Крыптавалюты — наступны этап эвалюцыі грошай пасля банкаўскіх картак, веб-мані, перакананы адзін са стваральнікаў «Талера».
Дзяніс Лаўнікевіч распавядае пра адрозненні “Талера” ад біткоіна і разважае пра ягоную будучыню ў Беларусі.
Паводле Дзяніса Лаўнікевіча, аднаго са стваральнікаў “Талера”, крыптавалюты — гэта наступны этап эвалюцыі грошай пасля банкаўскіх картак, веб-мані і г. д.
Эксперт лічыць, што цалкам пазбавіцца ад папяровых грошай не атрымаецца — «месца ў свеце знойдзецца ўсім».
«Няма сумневаў, што роля банкаў знізіцца, — кажа эксперт. — Варта памятаць, што біткоін быў адказам на банкаўскі крызіс 2009 года, каб паменшыць залежнасць людзей ад банкаўскай сістэмы, якая сябе скампрамітавала».
«Біткоін не знішчыць ані наяўныя грошы, ані банкі: хтосьці пасунецца, хтосьці знойдзе новае месца», — дадае наш суразмоўца.
Першых цягнікоў людзі таксама баяліся
«Беларусь — першая краіна ў свеце, якая ўвяла ў прававую прастору тэхналогію блокчэйну. Гэта і дзіўна, і добра. Цяпер варта паглядзець, як гэта будзе рэалізоўвацца ў нарматыўна-прававых актах. Зараз нам трэба перарабіць усё гаспадарчае заканадаўства — што мы ўбачым праз некалькі месяцаў, мы, на жаль, не ведаем. Будзем чакаць, што ўсё будзе добра», — спадзяецца Лаўнікевіч.
«Першых цягнікоў людзі таксама баяліся, як і аўтамабіляў. Новых тэхналогіяў людзі заўжды баяцца — мы ведаем з гісторыі. Дзякуючы стварэнню Талера мы засталіся ў трэндзе — і ідзем тым жа шляхам, што і ўвесь свет», — заяўляе Лаўнікевіч.
Паводле спецыяліста, тэхналагічна “Талер” нічым не адрозніваецца ад біткоіна.
«Адрозненне з тым, што гэта беларуская крыптавалюта. Калі стваральнікам біткоіна ці іншых крыптавалютаў справы да Беларусі асаблівай няма. А мы, стваральнікі Талеру, знаходзімся тут, з намі лёгка выйсці на кантакт. Мы робім так, каб ён быў запатрабаваны ў Беларусі, быў прыстасаваны да нашых умоваў, айчыннага бізнесу», — кажа госць праграмы.
«Галоўная перавага Талеру — мы робім ягоную інтэграцыю ў беларускую эканоміку», — дадае эксперт.
«Зацікаўленне Талерам — вельмі вялікае, асабліва з боку сярэдняга і малога бізнесу, які хоча ўсталяваць яго ў свае бізнес-працэсы», — прызнаецца наш суразмоўца.
Паводле Лаўнікевіча, праект Талеру — ад самага пачатку некамерцыйны і адкрыты для ўсіх беларусаў.
«Мы мелі патрэбу не толькі стварыць нешта карыснае для Беларусі, але і пацвердзіць уласныя кампетэнцыі», — дадае Дзяніс Лаўнікевіч.