Сяргей Балыкін: Касметычныя змяненні не палепшаць дзелавы клімат

Касметычныя змяненні парадку рэгістрацыі арганізацый з замежнымі інвестыцыямі не прывядуць да павышэння інвестыцыйнай прыцягальнасці Беларусі. Такую думку выкзааў БелаПАН кіраўнік Асацыяцыі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва юрыст Сяргей Балыкін, каментуючы дэкрэт прэзідэнта № 3, які ўнёс дапаўненні і змяненні ў дэкрэт № 1 ад 16 студзеня 2009 года. Дакумент, падпісаны кіраўніком дзяржавы 21 лютага, быў афіцыйна апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале 25 лютага.



balykin_siarhiej.jpg

Сяргей Балыкін

"Максімальнае скарачэнне адрозненняў паміж камерцыйнымі арганізацыямі з замежнымі інвестыцыямі і камерцыйнымі арганізацыямі з чыста беларускім капіталам з'яўляецца прагрэсіўным, хоць крыху запозненым крокам", — мяркуе эксперт.
 

Перш за ўсё ён звярнуў увагу на тое, што вызначэнне памеру статутнага фонду камерцыйных арганізацый з замежнымі інвестыцыямі ў беларускіх рублях здымае праблему ўліку курсавых розніц. Раней статутны фонд такіх арганізацый указваўся ў доларах ЗША, і гэта стварала некаторыя праблемы пры складанні гадавых балансаў.
 

Апрача таго, паводле слоў Балыкіна, зусім незразумела, чаму статутны фонд юрыдычнай асобы, зарэгістраванай у Беларусі ў адпаведнасці з айчынным заканадаўствам, раней указваўся ў валюце іншай дзяржавы.
 

"Магчымасць указваць статутны фонд у нацыянальнай валюце пашырыць магчымасці беларускіх удзельнікаў арганізацый з замежнымі інвестыцыямі па набыцці доляў замежных партнёраў і ператварэнні міжнародных праектаў у нацыянальныя. Таксама гэта пашырае магчымасці арганізацый з чыста беларускім капіталам прыцягваць у склад удзельнікаў інвестараў з-за мяжы", — канстатаваў эксперт.
 

Ён спадзяецца, што ў далейшым лагічным крокам стане адмова ад неабходнасці ўказваць крыніцу інвестыцый у фірменных найменнях камерцыйных арганізацый.
 

"Разам з тым хачу зазначыць некаторую супярэчлівасць і непаслядоўнасць палітыкі беларускіх улад у сферы рэгістрацыі суб'ектаў гаспадарання", — сказаў эксперт.
 

Ён звярнуў увагу на тое, што ў маі мінулага года ўступілі ў сілу змяненні ў палажэнні аб дзяржрэгістрацыі і ліквідацыі суб'ектаў гаспадарання, якія "нязначна палепшылі асобныя элементы працэдуры рэгістрацыі і ліквідацыі і разам з тым пагоршылі прававое становішча заснавальнікаў, удзельнікаў і кіраўнікоў некаторых відаў арганізацый".
 

"Мне таксама хацелася б зазначыць, што лакальнае паляпшэнне асобных бюракратычных працэдур у Беларусі зусім не азначае пацяпленне дзелавога клімату ў Беларусі, і, на мой погляд, змяненне працэдуры рэгістрацыі камерцыйных арганізацый з замежнымі інвестыцыямі само па сабе не павысіць цікавасць замежных інвестараў да Беларусі", — падкрэсліў эксперт.

Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН