Сяргей Чалы: У прэзідэнцкі фонд лезуць напярэдадні крызісу
Вылучэнне 206,53 млн. рублёў з рэзервовага фонду кіраўніка дзяржавы на падвышэнне заробкаў бюджэтнікам гаворыць пра тое, што грошай у бюджэце становіцца ўсё менш. Пра гэта распавёў незалежны аналітык Сяргей Чалы, паведамляе «Еўрарадыё».
— У нас было не так шмат выпадкаў, калі залазілі ў гэты рэзервовы фонд прэзідэнта, памеру якога не ведае нават Мінфін. Першы такі выпадак датуецца 2009 годам.
Тады трэба было скончыць год без дэфіцыту бюджэту, каб праграма супрацоўніцтва МВФ з Беларуссю была ўхваленая.
— Для таго каб гэта адбылося, частка даходаў прэзідэнцкага рэзервовага фонду была ўключаная ў даходы бюджэту. І гэта дазволіла збалансаваць макраэканоміку. Таму сярод іншага 2009 год прайшоў у нас ласкава, нягледзячы на крызіс па ўсім свеце.
Выкарыстанне такіх рэзерваў гаворыць пра крызісную сітуацыю, лічыць аналітык.
— Гэта спроба выкарыстаць такі інструмент як апошні інструмент фінансавання выпадаючых бюджэтных даходаў.
Сяргей Чалы адзначае, што, паколькі надбаўкі ў асноўным прадугледжваюцца для работнікаў медыцынскай сферы, то выкарыстанне сродкаў фонду не павінна быць разавым.
— Нягледзячы на ўсталяваныя сумы, пытанне — што будзе, калі гэтыя сродкі скончацца. Мабыць, яны [ўлады. — Заўв. рэд.] разлічваюць, што неабходнасць у надбаўках, звязаных з лячэннем каронавіруса, знікне. Разглядаецца, мабыць, распрацоўшчыкамі гэтага ўказа, што гэта не так надоўга спатрэбіцца. Добра, паглядзім. Мы ж ведаем, што Беларусь вельмі моцна адстае па тэмпах вакцынацыі і небяспека распаўсюджвання новага штама па-ранейшаму высокая, — кажа Сяргей Чалы.
Згодна з пастановай Саўміна №460 ад 12 жніўня 2021 года, Мінфін выдзяліць 206,53 млн. на павышэнне заробкаў бюджэтнікам. Ва ўмовах дэфіцыту бюджэту гэтыя грошы будуць узятыя з рэзервовага фонду прэзідэнта Беларусі.
Сродкі будуць накіраваныя ў тым ліку Рэспубліканскаму шпіталю і абласным медслужбам Дэпартамента фінансаў і тылу МУС, рэспубліканскім навукова-практычным цэнтрам, вайсковым часцям і медустановам Мінабароны, рэспубліканскім установам аховы здароўя.