Reuters: Танкі замест камбайнаў — новая эканоміка старой Беларусі
Расіец Андрэй Сафронаў займаўся распрацоўкай мабільных гульняў у Казані, а ў вольны час маляваў 3D-мадэлі танкаў. Хобі дазволіла яму працаўладкавацца ў цэнтры IT-індустрыі, дзе кампаніі з капіталізацыяй у мільярды долараў ствараюць праграмы ўзроўню Viber і World of Tanks.
Апошнія два гады Сафронаў жыве і
працуе ў Мінску.
«Мяне
заўважылі, запрасілі, і цяпер я працую тут. Я задаволены», — распавядае Сафронаў, дэманструючы мадэлі танкаў на экране
кампутара.
World of Tanks стварылі 50 чалавек у мінскай студыі. Праз пяць гадоў у гульні ўжо больш за 100 мільёнаў зарэгістраваных карыстальнікаў і сусветнае прызнанне.
«Праект нарадзіўся фактычна на кухні, — кажа аперацыйны дырэктар Кірыл Стаднік. — Вядома, усе спадзяваліся, што ён будзе паспяховым, але ніхто не меркаваў такога».
Студыя «Гейм Стрым» кампаніі Wargaming ў Беларусі разраслася да 2.000 чалавек. Іх офіс, зіхатлівы 16-павярховы будынак пасярод маркотнай прамысловай зоны на ўскраіне Мінска — сімвал новай адкрытай эканомікі ў краіне, схільнай да ізаляцыянізму і савецкай мадэлі гаспадарання.
Мінскаму аналагу каліфарнійскай Крамянёвай даліны эксперты абяцаюць рост на чарговыя 20-25 працэнтаў у гэтым годзе, пры тым што ВУП Беларусі ў цэлым, згодна з афіцыйным прагнозам, можа дадаць толькі 0,3% пасля падзення на 3,9% ў мінулым годзе на фоне дэвальвацыі і крызісу ў старэйшым партнёры па саюзнай дзяржаве — Расіі.
«IT — гэта адзінае, што тут ёсць жывога», — сказаў 26-гадовы праграміст Слава ў каворкінг-зоне бізнес-інкубатара «Парк высокіх тэхналогій», дзе некалькі дзясяткаў маладых людзей працуюць групамі і паасобку, за сталамі, на крэслах-мяшках або проста на прыступках.
ГІСТОРЫЯ ДАВЕРУ
Ідэю інкубатара, у якім развілася ў апошнія гады беларуская IT-індустрыя, прабіў беларускі чыноўнік Валерый Цапкала.
«Калі я быў паслом у ЗША, я сустракаў беларускіх праграмістаў, якія былі паспяховыя ў Амерыцы. І я падумаў: чаму яны не могуць быць паспяховыя тут?», — сказаў ён.
Праз 10 гадоў мінскі Парк высокіх тэхналогій экспартуе камп’ютарных праграм на $700 мільёнаў у год і забяспечвае прыкладна 1,5% ВУП Беларусі.
Паўтары сотні кампаній — рэзідэнтаў парку, у якіх занятыя 24.000 чалавек, прыцягнулі ў 2015 годзе амаль $150 мільёнаў прамых замежных інвестыцый.
«Нам прапаноўвалі бюджэтныя грошы, — сказаў Цапкала. — Мы заўсёды адмаўляліся».
Дзяржава кантралюе 70% эканомікі 9,5-мільённай Беларусі і марнуе мільярды долараў на падтрымку машынабудаўнічых гігантаў і калгасаў, што захаваліся з часоў СССР. Сярэдні і буйны бізнэс у краіне традыцыйна цесна звязаны з уладамі, а незаконнае вядзенне прадпрымальніцкай дзейнасці застаецца адным з самых ужываных артыкулаў крымінальнага кодэксу.
«Парк — гэта партнёрская гісторыя. Бізнес паверыў дзяржаве, дзяржава паверыла бізнэсу», — сказаў Яраслаў Тамільчык, дырэктар па HR мінскай штаб-кватэры EPAM Systems — найбуйнейшай IT-кампаніі ў Беларусі.
«Ніхто ж не ведаў, што з гэтага атрымаецца. І гэта добрая гісторыя. Гэта — гісторыя даверу».
EPAM, чыя капіталізацыя складае $3,5 мільярда, стаў адным з першых рэзідэнтаў парку. З 20.000 работнікаў кампаніі 6.000 знахлозяцца ў Беларусі.
ІНВЕСТЫЦЫІ У ЛЮДЗЕЙ
У Беларусі апроч World of Tanks былі створаны, сярод іншага, мессенджер Viber з актыўнай аўдыторыяй у 100 мільёнаў чалавек і дадатак MSQRD, набыты ў пачатку сакавіка Facebook. Сума пагаднення не выдавалася, але эксперты рынку ацэньвалі яе ў дыяпазоне ад $35 да $150 мільёнаў.
Пачатак росту і развіццю стартапаў у Беларусі паклала Viaden Media, заснаваная ВіктарамПракапеням у 2001 годзе. На працягу 10 гадоў кампанія займалася распрацоўкай мабільных прыкладанняў, сярод якіх All-in Fitness — лідар катэгорыі Health & Fitness ў App Store. Зараз Віктар Пракапеня актыўна развівае ўласны інвестыцыйны фонд VP Capital і Fintech-стартап exp (capital).
Яшчэ некалькі гадоў таму беларускія IT-спецыялісты прапаноўвалі заходнім кампаніям танныя і якасныя паслугі. У апошні час слова «танныя» атрымліваецца апускаць.
«Ужо калі мы працавалі над Viber, фактар кошту не быў вырашальным. Зараз тым больш», — сказаў Ігар Магазінік, які выбраў Беларусь для распрацоўкі месэнджэра.
Сярэдні заробак у IT-сектары ў пяць разоў вышэйшы за сярэдні па краіне. Толькі за мінулы год штат кампаній у Парку высокіх тэхналогій вырас на 15%, тады як у цэлым у Беларусі на фоне крызісу нават афіцыйнае беспрацоўе за мінулы год падвоілася да 1 працэнта эканамічна актыўнага насельніцтва.
Беларускі «Гомсельмаш», на якім працуе 14.000 чалавек, у снежні мінулага года здолеў зрабіць толькі адзін камбайн. Архаічная эканоміка церпіць бедства, а ўлады шукаюць грошы на рэфінансаванне даўгоў не толькі ў стагнуючай і падсанкцыйнай Расіі, але і на Захадзе, карыстаючыся першым за пяцігодку пацяпленнем адносін.
Беларускі IT-сектар мог бы стаць драйверам перабудовы эканомікі, упэўнены аўтар і распарадчык Парку Цапкала.
«Дзяржава не павінна ўкладаць грошы ў прадпрыемствы, яна павінна ўкладаць грошы ў людзей. Яна магло б даваць грошы чалавеку з умовай, што гэтымі грашыма ён аплаціць сваё перанавучанне», — сказаў ён.
Падрыхтоўкай кадраў беларуская IT-галіна займаецца даўно: пры самым Парку, у беларускіх ВНУ і буйных кампаніях дзейнічаюць некалькі дзясяткаў адукацыйных цэнтраў для IT-інжынераў.
«Сацыяльная нагрузка для нашых дырэктараў заключаецца ў тым, што яны павінны выходзіць і выступаць перад моладдзю, — сказаў Цапкала. — Мы гаворым, што кожны можа дамагчыся поспеху».
«Нам удалося пераканаць нашых маладых людзей, што ім усё гэта трэба. Гэтыя людзі не выцясняюцца з краіны. Яны атрымліваюць магчымасць тут застацца».
Алена Шкаруба адвучылася ў лонданскім Kingston University і прапрацавала некалькі гадоў у Маскве. Яна вярнулася ў Беларусь, каб пачаць свой бізнэс.
З камандай з сямі чалавек у пачатку сакавіка Шкаруба запусціла інтэрнэт-платформу MeetnGreetMe, якая дазваляе людзям, якія вандруюць у іншую краіну, бясплатна або за невялікую плату знайсці мясцовага памочніка. Яна кажа, што не збіраецца прадаваць стартап і ня хоча з’язджаць.
«Гэта
бізнес, якім я хацела б займацца ўсё жыццё... і перадаць дзецям, унукам».
Паводле, Андрэй Махоўскі, Reuters