Рэформы ў беларускай эканоміцы будуць балючымі, але патрэбнымі

Дырэктар «Цэнтра новых ідэй» Антон Раднянкоў працягвае тлумачыць, што неабходна будзе зрабіць беларусам пры новай уладзе, каб пачаць жыць добра.

Пры рэфармаванні беларускай эканомікі ад баласту «фамільнага срэбра» давядзецца адмовіцца. Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Пры рэфармаванні беларускай эканомікі ад баласту «фамільнага срэбра» давядзецца адмовіцца. Ілюстрацыйнае фота «НЧ»


Паводле апошняга прагнозу МВФ, у найбліжэйшыя шэсць гадоў толькі тры краіны ва ўсім свеце будуць развівацца павольней за Беларусь. З улікам унутрыпалітычнага крызісу, эканамічных санкцый, страты ўкраінскага рынку, абвостраных дэмаграфічных праблем і павялічанай залежнасці ад расійскай эканомікі, якая дэградуе, перспектывы эканамічнага росту ў нашай краіне застаюцца аднымі з найгоршых у свеце.

Але стагнацыя пачалася значна раней — у 2010-х рост беларускай эканомікі запаволіўся амаль да нуля. Яшчэ ў апошнім перад пандэміяй прагнозе ў кастрычніку 2019 года МВФ чакаў, што сярэднегадавы рост эканомікі Беларусі ў 2020−2024 гадах складзе 0,0%. Гэта быў найгоршы прагноз сярод усіх еўрапейскіх краін.

Без радыкальных эканамічных рэформаў Беларусь чакае стагнацыя і далейшае адставанне ад больш развітых краін рэгіёна. Аднак пакуль улада знаходзіцца ў руках рэжыму, чакаць перамен не даводзіцца. Толькі дэмакратычныя выбары дадуць магчымасць рэфармаваць палітычную сістэму і вярнуць давер грамадзян да дзяржаўных інстытутаў. А гэта ўжо створыць умовы для эканамічнай трансфармацыі.

Да чаго рыхтавацца

Невядома, у якіх умовах будзе беларуская эканоміка ў перыяд змены ўлады і якім будзе геапалітычны расклад у рэгіёне, у прыватнасці, сітуацыя ў Расіі. Тым не менш, варта ўжо рыхтаваць шляхі выхаду з крызісу. Каб развагі не былі зусім абстрактнымі, я прапаную рыхтавацца да горшага — гэта значыць да вельмі дрэннага стану эканомікі на момант сыходу Лукашэнкі і варожага стаўлення Расіі да дэмакратычных і эканамічных рэформаў у Беларусі.

Таму, калі ў Беларусі адкрыецца акно магчымасцей, будзе трэба дзейнічаць хутка. Неабходна будзе паспець правесці крытычную масу рэформаў да таго, як у краіне ўзмацніцца антырэфарматарскае лобі — папулісты, прадстаўнікі папярэдняга недэмакратычнага рэжыму, прарасійскія сілы. Напачатку ў рэфарматараў будзе шырокі крэдыт даверу, заручыўшыся якім, яны нарэшце змогуць правесці доўгачаканыя эканамічныя змены.


Яны павінны стаць вынікам інклюзіўнага нацыянальнага дыялогу, які немагчымы без свабодных выбараў. Яны павінны адлюстроўваць каштоўнасці і памкненні грамадства. Апытанні сведчаць, што беларусы разглядаюць прыватны сектар і прадпрымальніцтва як крыніцы эканамічнага росту, а ролю дзяржавы — перш за ўсё ў пастаўцы грамадскіх паслуг, такіх, як ахова здароўя і адукацыя.

Новым уладам будзе важна данесці да грамадства бачанне рэформаў, іх час і паслядоўнасць, карысць і кошты, шанцы і праблемы. Невыкананне гэтага было адной з галоўных памылак шмат каго з рэфарматараў.

Выклік для эканамічнай трансфармацыі заключаецца ў тым, каб пазбегнуць сацыяльных праблем. Узнікне патрэба фінансава падтрымаць людзей, непасрэдна закранутых зменамі. Напрыклад, рэструктурызацыя стратных дзяржаўных прадпрыемстваў прывядзе да скарачэння занятасці. Людзі, якія ў выніку гэтых працэсаў страцяць працу, мусяць пэўны час атрымліваць годны даход з боку дзяржавы і мець магчымасці для самарэалізацыі ў выглядзе стварэння ўласнага бізнесу ці пошуку іншай працы. Важна, каб людзі разумелі, што ўлады праводзяць рэформы не дзеля ўласнага ўзбагачэння, а дзеля таго, каб беларусам жылося лепш.

Эканамічныя рэформы маюць больш шанцаў на поспех, калі адначасова рэфармаваць і іншыя сферы, сярод якіх — сістэма адукацыі і судовая сістэма. Апошняя галіна істотная для абароны асноў рынкавай эканомікі: правоў чалавека, правоў уласнасці і выканання кантрактаў.

Увогуле, беларускі досвед эканамічнай трансфармацыі павінен быць больш гладкім у параўнанні з пачаткам 1990-х. Беларусь — больш адсталая ў рэформах, але можа вучыцца на памылках іншых краін і пераймаць лепшыя практыкі. Адна з найважнейшых задач — рэформа дзяржаўнага сектара. А яго доля ў эканоміцы Беларусі ўдвая меншая, чым тры дзесяцігоддзі таму, што робіць рэформу дзяржаўнага сектара лягчэйшай. Нарэшце, у прыватным сектары, на долю якога прыпадае амаль 50% занятасці ў краіне, дамінуюць адносна здаровыя фірмы, якія маглі б спрыяць рэструктурызацыі дзяржаўных прадпрыемстваў.

Як аднавіць эканоміку

Па-першае, змена рэжыму на дэмакратычны лад адкрые шлях да хуткага эканамічнага росту. Як толькі Беларусь пачне працэс дэмакратызацыі, санкцыі супраць яе будуць хутка замарожаны, а потым і цалкам адменены, бо знікне прычына парушэння правоў чалавека ў Беларусі і міжнароднага парадку. У краіне зноў пачне развівацца прыватны бізнес, вернуцца ранейшыя і прыйдуць новыя замежныя інвестары.

Па-другое, патрэбна правесці інстытуцыйныя рэформы. Іх апісанне апублікаваў у 2021 годзе «Chatham House». Гэты дакумент прайшоў абмеркаванне сярод больш як 25 беларускіх і замежных эканамістаў. Ён абапіраўся на бачанне інстытуцыйных асноў беларускай эканомікі, якое было апублікавана яшчэ ў кастрычніку 2020 года ў адкрытым лісце. Яго падпісалі больш за 60 беларускіх і замежных эканамістаў, вядомых спецыялістаў, гатовых дапамагаць сваімі ведамі дэмакратычна абранай уладзе ў Беларусі. Рэформы ў асобных сферах або галінах эканомікі Беларусі прапісаны больш падрабязна на сайце «Банка ідэй» (напрыклад, рэструктурызацыя і прыватызацыя дзяржпрадпрыемстваў, рынак працы, сямейная палітыка, сацыяльная палітыка, зялёная эканоміка, падатковая палітыка, пенсійная рэформа).


У прыватнасці, патрэбна:

  • абмежаваць ролю дзяржавы ў эканоміцы — яна павінна ў першую чаргу стаць гарантам развіцця інстытутаў і сацыяльнай інфраструктуры;
  • стварыць роўныя і спрыяльныя ўмовы вядзення бізнесу для ўсіх прадпрыемстваў незалежна ад формы ўласнасці, памеру і віду дзейнасці;
  • павысіць эфектыўнасць кіравання дзяржпрадпрыемствамі (праз змену стымулаў, раздзяленне функцый дзяржавы як уласніка і рэгулятара), правесці іх аўдыт і прыватызацыю большай іх часткі;
  • павысіць эфектыўнасць сістэмы сацыяльнай абароны: замест падтрымкі стратных калгасаў і прамысловых прадпрыемстваў лепш скіраваць рэсурсы на адрасную дапамогу;
  • павысіць эфектыўнасць і празрыстасць рынку працы, абараніць правы працоўных (праз развіццё незалежных прафсаюзаў і адыход ад кантрактнай сістэмы);
  • ачысціць банкаўскі сектар ад дрэнных крэдытаў, перадусім для дзяржпрадпрыемстваў, і развіваць фінансавы рынак;
  • інвеставаць у лічбавую інфраструктуру (e-government) для павышэння празрыстасці сістэмы дзяржкіравання і эканамічных адносін паміж грамадзянамі і дзяржавай;
  • павысіць канкурэнтаздольнасць і інавацыйнасць эканомікі праз развіццё прадпрымальніцкай ініцыятывы, стварэнне экасістэмы развіцця стартапаў і садзейнічанне развіццю венчурных інвестыцый;
  • гарантаваць энергетычную бяспеку Беларусі праз дыверсіфікацыю крыніц пастаўкі энерганосьбітаў, стварэнне рынку электрычнай энергіі і газу, інвестыцыі ў аднаўляльныя крыніцы энергіі і энергаэфектыўнасць;
  • стымуляваць развіццё зялёнай эканомікі па прыярытэтных напрамках: узнаўляльныя крыніцы энергіі, цыркулярная эканоміка, рэсурсаэфектыўная вытворчасць, экалагічны транспарт, арганічнае земляробства і захаванне біяразнастайнасці.

Па-трэцяе, міжнародная супольнасць будзе гатова аказаць падтрымку дзеля аднаўлення эканомікі. У 2021 годзе Еўракамісія падчас кансультацый з эканамічнай камандай Святланы Ціханоўскай прыняла ўсёабдымны план эканамічнай падтрымкі для дэмакратычнай Беларусі на суму €3 млрд (прыкладна 5% ВУП Беларусі) на першыя гады правядзення эканамічных рэформаў. План ЕС уключае фінансаванне для прыватнага бізнесу, буйныя інфраструктурныя праекты, развіццё трансгранічных праектаў і іншых ініцыятыў у межах «Усходняга партнёрства», падтрымку ўступлення Беларусі ў Сусветную гандлёвую арганізацыю і шмат іншага.

Ідуць перамовы наконт таго, каб свой «план Маршала» для Беларусі абвесцілі і ЗША. Да праектаў ЕС і ЗША далучыцца таксама МВФ, гатовы падтрымаць стабілізацыйную праграму, ухваленую новым беларускім урадам. Сусветны банк прафінансуе развіццё прыватнага сектара, інвестыцыі ў інфраструктуру, мадэрнізацыю сістэм аховы здароўя і адукацыі. Еўрапейскі інвестыцыйны банк і Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця прафінансуюць праекты ў энергетыцы, пераход на зялёную эканоміку і паспрыяюць прыходу стратэгічных інвестараў на беларускія дзяржаўныя прадпрыемствы.


Міжнародная падтрымка спатрэбіцца і пры рэструктурызацыі дзярждоўгу, у тым ліку рэфінансавання (перш за ўсё перад Расіяй) краінамі Захаду пад ніжэйшыя працэнты і на больш працяглыя тэрміны, з адтэрміноўкай пагашэння крэдыту ў першыя некалькі гадоў. Дапамога прыдасца і для гарантавання энергетычнай бяспекі эканомікі ў выпадку, калі Расія вырашыць распачаць энергетычны шантаж Беларусі.

Пра гэтыя і іншыя прапановы па рэфармаванні беларускай эканомікі чытайце тут.