Расследаванне: як «кашалёк» рэжыму прадае ў Беларусі замежныя брэнды
Санкцыі прымусілі рэжым і яго памагатых праяўляць крэатыўнасць у тым, каб іх абыходзіць і працягваць зарабляць грошы па звыклых схемах. Так, напрыклад, Аляксандр Зайцаў прывозіць у Беларусь адзенне і абутак знакамітых брэндаў — нягледзячы на абмежаванні.
Уплывовы беларускі бізнэсовец Аляксандр Зайцаў сышоў у цень, але па-ранейшаму застаецца ў справе. Прайшоўшы кар'ерны шлях ад памочніка Віктара Лукашэнкі да буйнога прадпрымальніка, ён аброс мноствам «дасягненняў і рэгалій»: «гандляр зброяй», «золатаздабытчык», «уладальнік футбольных клубаў» і, у рэшце рэшт, ён — тытулаваны рыцар папскага ордэна!
Амбіцыі «кашалька» Лукашэнкі належным чынам ацанілі заходнія рэгулятары. У чэрвені 2021 года ён трапіў пад санкцыі ЕС. А пасля нападу Расіі на Украіну супраць яго ўвялі персанальныя санкцыі і ўлады ЗША.
Аднак «Бюро» высветліла, што Аляксандр Зайцаў працягвае весці свой бізнэс, але цяпер ужо таемна: афармляючы новыя кампаніі на давераных людзей, каб пазбегнуць праблем з санкцыйным заканадаўствам. Расследавальнікі расказваюць пра новы гламурны бізнэс «кашалька» Лукашэнкі, які забяспечвае прадметамі раскошы не толькі беларусаў, але і расійцаў — у абыход санкцый.
Буцік «Рузэкспедыцыі»
Карла Маркса — адна з найпрыгажэйшых вуліц Мінска, што размешчаны ў цэнтры горада і захавалі сваё даваеннае аблічча. Фешэнэбельныя рэстараны, дарагія аўто, модныя гараджане — «свецкае жыццё» кіпіць тут настолькі бурна, што ў сеціве гэты раён нават празвалі «мінскімі Патрыкамі». Там, дзе Карла Маркса перасякаюць сквер Дзяржынскага і вуліца Камсамольская, размясціўся буцік брэндавага адзення з Еўропы — «Аутлет парк». Яшчэ адна гандлёвая кропка размясцілася на праспекце Пераможцаў, недалёка ад элітных Драздоў.
«Аутлет парк» — гэта першы ў Беларусі аутлет еўрапейскага фармату са зніжкамі ад 30 да 70% на арыгінальныя вырабы ад вядучых сусветных брэндаў. Тут беларусам прапануюць набыць адзенне, абутак і аксэсуары па дэмпінгавых цэнах больш чым ад 50 сусветна вядомых гандлёвых марак, сярод якіх: «Armani», «Gucci», «Moschino», «Calvin Klein», «Tommy Hilfiger», «Diesel», «Guess», «Trussardi», «Bikkembergs», «Philipp Plein», «Michael Kors», «Baldinini», «Hugo Boss», «Paul&Shark», «Max Mara», «Dolce&Gabbana», «Valentino» і «Givenchy».
Брэнд «Аутлет парк» належыць беларускай кампаніі «Трэндхол». Пасаду дырэктара кампаніі займае Яна Леванеўская.
Ёй усяго 34 гады, але за яе плячыма вялікі паслужны спіс. У 2016 годзе яна працавала ў лагістычных кампаніях «Газ Венчуры» і «Транспетралбалтык», якія звязваюць з Аляксандрам Зайцавым і яго партнёрам па «Брэміна груп», «тытунёвым магнатам» Аляксеем Алексіным. У 2020 годзе Леванеўская стала памочніцай кіраўніка ў кампаніі «Белказтранс». Гэта актыў яшчэ аднаго набліжанага да беларускіх уладаў бізнэсоўца Мікалая Вераб'я — трэцяга саўладальніка «Брэміна груп».
Леванеўская часта суправаджала сваіх патронаў у паездках. Дзякуючы «Кіберпартызанам» журналісты «Бюро» высветлілі, што ў перыяд з 2019-га па 2021 гады яна 64 разы лётала на прыватных бізнес-джэтах «Embraer Legacy 650» з бартавым нумарам OE-ITA і «Gulfstream G450» з бартавым нумарам OE-ITE, якія ў тыя гады актыўна курсіравалі па маршруце Мінск – Кіеў – Вена.
Гэтымі авіямаршруткамі прадстаўніцкага класа на той момант актыўна карыстаўся сам Мікалай Верабей, яго сям'я і бізнес-партнёры. Расследавальнікі знайшлі ў Яны Леванеўскай супольныя пералёты з Мікалаем Вераб'ём, сям'ёй яго дачкі Кацярыны Смушковіч, топ-мэнэджарамі Вераб'я Лідзіяй Ушаковай і Алай Пінчук.
Аутлет на завышаных цэнах
Актуальныя паступленні «Аутлет парк» анансуе ў сваім тэлеграм-канале. Журналісты выбарачна параўналі некалькі пазіцый мінскага аутлета з арыгінальнымі цэнамі на сайтах вытворцаў. І калі большасць тавараў катэгорый premium і middle-up прадаюць па зніжаных цэнах, то люкс-сегмент беларускі буцік рэалізуе альбо па афіцыйных цэнах вытворцы, альбо з вялікай накруткай, і гэтыя рэчы не трапляюць на сэйлы.
«Бюро» мяркуе, што такія завоблачныя прайсы ставяць пад сумнеў пазіцыянаванне буцікаў аутлет, бо як мінімум частка прадукцыі прадаецца не толькі без заяўленых зніжак, але і вышэй за афіцыйныя цэны, устаноўленыя вытворцам. Акрамя таго, адкрытым застаецца пытанне: хто ж у Беларусі мэтавая аўдыторыя такіх дарагіх рэчаў?
Цалкам азнаёміцца з расследаваннемможна тут.