Рассельгаснагляд абвінаваціў беларускую ветэрынарную службу ў датычнасці да махлярскіх схем
Пра першыя вынікі інспекцыі шасці беларускіх прадпрыемстваў па вытворчасці прадукцыі жывёльнага паходжання (19–23 сакавіка) паведаміў Рассельгаснагляд.
У ліку правераных было вытворчае ўнітарнае прадпрыемства «Мсціслаўмалако» (гандлёвая марка «Бабулін гладыш»). Устаноўленая адсутнасць у яго абсталявання для вытворчасці сухой малочнай прадукцыі і масла. Пры гэтым указаная прадукцыя была адгружаная як вырабленая прадпрыемствам і суправаджалася ветэрынарнымі дакументамі, аформленымі ветэрынарнай службай Мсціслаўскага раёна (Магілёўская вобласць).
Акрамя таго, выяўлены факт паставак гэтым прадпрыемствам у РФ у 2017 годзе сухога малака невядомага паходжання агульнай вагой 2,5 тыс. тон. У Рассельгаснагляда «ёсць падставы меркаваць, што гэтая прадукцыя была ўвезеная ў Рэспубліку Беларусь з інтэрвенцыйнага фонду Еўрасаюза і затым незаконна перамешчаная на тэрыторыю Расіі». «Ветэрынарная служба Рэспублікі Беларусь не здолела даць спецыялістам Рассельгаснагляда інфармацыю аб сапраўдным паходжанні гэтай прадукцыі. Гэта сведчыць пра адсутнасць кантролю з боку ветэрынарнай службы Рэспублікі Беларусь пры вытворчасці малочнай прадукцыі, наступным экспарце і яе ўдзеле ў схемах махлярства пры вытворчасці прадукцыі жывёльнага паходжання і легалізацыі незаконнага бізнесу», — сцвярджаецца ў рэлізе.
Інспекцыя беларускіх прадпрыемстваў была адной з умоў, на якіх РФ не стала забараняць пастаўку малочнай прадукцыі з Беларусі.
Паводле Радыё Рацыя