Расія забараніла ўвоз свініны з Віцебшчыны

Рассельгаснагляд апавясціў дэпартамент ветэрынарнага і харчовага нагляду Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі пра тое, што ў сувязі з успышкай афрыканскай чумы свіней у Віцебскай вобласці ўводзяцца часовыя абмежаванні на ўвоз з тэрыторыі гэтай вобласці ў Расію свіней, спермы кныроў, свініны і сырых свіных мясапрадуктаў, вырабаў са свініны і кармоў для свіней. Пра гэта гаворыцца ў паведамленні расійскага ведамства.



no_pigz.jpg

Акрамя таго, павінна быць прыпынена сертыфікацыя прадукцыі са свініны, вырабленай з выкарыстаннем мясной сыравіны з Віцебскай вобласці.

Як паведамлялася раней, у філіяле «Лучоса» ААТ «Віцебскі камбінат хлебапрадуктаў» выяўлены генетычны матэрыял узбуджальніка афрыканскай чумы свіней (АЧС). Узбуджальнік выяўлены 2 ліпеня Беларускім дзяржаўным ветэрынарным цэнтрам у паталагічным матэрыяле, адабраным ад пяці трупаў свіней, якія належаць філіялу «Лучоса». 3 ліпеня дыягназ быў пацверджаны ў Дзяржаўнай навуковай установе «Усерасійскі навукова-даследчы інстытут ветэрынарнай вірусалогіі і мікрабіялогіі» (Пакроў, Расійская Федэрацыя), які з’яўляецца рэферэнтным цэнтрам Міжнароднага эпізаатычнага бюро.

«Дзяржаўнай ветэрынарнай службай Рэспублікі Беларусь праводзіцца комплекс мерапрыемстваў па ліквідацыі ачагу і недапушчэнні распаўсюджвання захворвання», — гаварылася ў паведамленні дэпартамента ветэрынарнага і харчовага нагляду Мінсельгасхарча.

 

Нагадаем, успышка захворвання АЧС была зарэгістраваная ў канцы чэрвеня ў Іўеўскім раёне Гродзенскай вобласці.

2 ліпеня Мінсельгасхарч паведаміў аб прыпыненні «экспарту свойскіх і дзікіх свіней, мяса і прадуктаў зарэзу ад іх, усіх відаў харчовых прадуктаў, атрыманых ад такіх жывёл», з тэрыторыі Віцебскай вобласці ў сувязі з «павышаным захворваннем пагалоўя свіней у філіяле «Лучоса» ААТ «Віцебскі камбінат хлебапрадуктаў» і неабходнасцю ўдакладнення дыягназу.

 

Часовую забарону на ўвоз свіней і свініны з Беларусі ўвялі Расія, Украіна, Польшча, Літва і Латвія. Кіраўнік літоўскай ветэрынарна-харчовай службы Ёнас Мілюс назваў сітуацыю з распаўсюджваннем АЧС у Беларусі «практычна некіраванай».

 

Марына Носава, БелаПАН