Расія ізноў абвінаваціла Беларусь у кантрабандзе «санкцыйных» прадуктаў
Плодаагароднінная прадукцыя з краін ЕС, у дачыненні да якіх Расія ўвяла эмбарга, «прасочваецца» на расійскі рынак праз Беларусь. Гэта вынікае з паведамлення, размешчанага на афіцыйным сайце Рассельгаснагляда.
«Кантроль прадукцыі ажыццяўляецца ў межах праверак рынкаў, агароднінных баз, месцаў рознічнай рэалізацыі, а таксама на спецыяльна арганізаваных Рассельгаснаглядам фітасанітарных кантрольных пастах на адміністрацыйнай мяжы паміж Расіяй і Беларуссю», — гаворыцца ў паведамленні расійскага ведамства.
«На кантрольных пастах пасля ўвядзення Расіяй спецыяльных эканамічных мер Рассельгаснаглядам спынена больш як 80 спробаў незаконнага ўвозу расліннай прадукцыі краін Еўрасаюза з тэрыторыі Беларусі. Такую прадукцыю найбольш часта спрабуюць правезці абязлічана, без фітасанітарнай дакументацыі, аднак экспертыза ўпакоўкі часта дазваляе ўстанавіць яе паходжанне. Затрымліваецца і поўнасцю абязлічаная прадукцыя, якая прыбывае і без дакументаў, і ў тары без якойсьці маркіроўкі. Выяўляюцца і выпадкі, калі прадукцыя трэціх краін суправаджаецца фітасанітарнымі сертыфікатамі, выдадзенымі службай каранціну і аховы раслін Беларусі, якія сведчаць яе нібыта беларускае паходжанне», — зазначае Рассельгаснагляд.
У прыватнасці, паведамляе ведамства, праверкі, праведзеныя 27 жніўня і 12 верасня ў Маскве, Маскоўскай і Тульскай абласцях, «выявілі рэалізацыю шырокага асартыменту плодаагародніннай прадукцыі, увезенай з шэрагу краін Еўрасаюза, уключаючы Іспанію, Грэцыю, Польшчу».
«Таварасуправадажльныя дакументы на такую прадукцыю ні ў адным выпадку паказаны не былі, аднак упаковачная маркіроўка сведчыла як пра сапраўднае паходжанне прадукцыі, гэтак і пра яе рээкспарт праз Беларусь. Пры гэтым юрыдычнае патрабаванне абавязковага апавяшчэння Расельгаснагляда аб прыбыцці партыі падкаранціннай прадукцыі яе ўладальнікамі ігнаравалася», — гаворыцца ў паведамленні.
Прадукцыя, якая «прасочваецца» з Еўрасаюза праз Беларусь, са складскіх памяшканняў і аптовых баз перамяшчаецца ў гандлёвыя пункты. «На прылаўках магазінаў, у тым ліку тых, што належаць буйным гандлёвым сеткам, Рассельгаснгяглядам выяўляецца значная колькасць прадукцыі, забароненай да ўвозу», — падкрэсліваецца ў прэс-рэлізе.
Пры гэтым у Рассельгаснагляда «выклікае занепакоенасць бяспека такой прадукцыі». Сцвярджаецца, у прыватнасці, што «ў пяці пробах выяўлена ўсходняя пладажэрка, у чатырох — тутавая шчытоўка, у адной — заходні (каліфарнійскі) кветкавы трыпс. У прадукцыі таксама ўтрымліваліся пестыцыды, нітраты, нітрыты, солі цяжкіх металаў».
Некалькі дзён таму кіраўнік Рассельгаснагляда Сяргей Данкверт заявіў агенцтву ІТАР-ТАСС пра намер узмацніць маніторынг беларускай прадукцыі з-за незвычайнага росту імпарту прадуктаў харчавання, перш за ўсё «санкцыйных» груп.
Нагадаем, 6 жніўня прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін падпісаў указ, які забараняе ўвоз у Расію харчавання з ЕС, ЗША, Канады, Японіі і Аўстраліі. Гэта рашэнне стала адказам на заходнія санкцыі ў дачыненні да расійскіх чыноўнікаў і арганізацый. У спіс забароненых тавараў трапілі ялавічына, свініна, птушка, садавіна, агародніна, сыры і малочная прадукцыя, арэхі і іншыя прадукты.
Каментуючы наступным днём рашэнне Масквы, першы намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі Леанід Марыніч заявіў: «Для нас гэта Кландайк. Мы гатовы замяніць заходнія краіны па многіх пазіцыях у частцы харчавання».
Паводле інфармацыі беларускага Мінсельгасхарча, у жніўні Беларусь экспартавала сельгаспрадукцыі больш чым на 325 млн. долараў. У параўнанні са жніўнем 2013 года рост склаў 107,2%. У параўнанні з ліпенем гэтага года экспарт павялічыўся на 61 млн. долараў. 99% беларускага экспарту прыпала на Расійскую Федэрацыю.