Прамысловасць — лідар па колькасці звольненых
Колькасць звольненых супрацоўнікаў істотна перавышае лічбу прынятых на працу. Гэтая тэндэнцыя захоўваецца з восені мінулага года. У хуткім часе плануецца аптымізацыя колькасці (чытай — звальненне) бюджэтнікаў, а выплаты па беспрацоўі абяцаюць крыху падняць.
Статыстыка сведчыць, што колькасць новых працоўных месцаў саступае колькасці звольненых з працы работнікаў, з'явілася велізарная чарга на працаўладкаванне дворнікам. Паводле апублікаваных Белстатам дадзеных, у маі на 19 тысяч чалавек, або 32%, колькасць звольненых супрацоўнікаў перавышала лічбу працаўладкаваных. У лідарах па звальненні супрацоўнікаў знаходзяцца прамысловасць (22% ад усёй колькасці звольненых), апрацоўваючая прамысловасць (17,5%), гандаль з аўта- і мотарамонтам (14,5%), сельская гаспадарка (13,8%) і будоўля (11,5%).
Гэта галіны, у якіх працуе пераважная большасць жыхароў Беларусі, таму на іх прыходзіцца такая вялікая вага колькасці звольненых. Але, калі параўнаць галіны эканомікі па колькасці прынятых на працу, то ў лідары выходзяць тыя самыя галіны — акрамя прамысловасці, дзе сітуацыя з працоўнымі месцамі выглядае найгорай. Зрэшты па паказчыку дадаткова створаныя працоўныя месцы прамысловасць выходзіць на першыя пазіцыі. Праўда, як 27 мая ў Авальнай зале на ўрадавай гадзіне заўважыла дэпутат Вольга Палітыка, план па стварэнні працоўных месцаў перавыконваецца, а беспрацоўе не зніжаецца. На гэта першы намеснік прэм'ера-міністра Васіль Мацюшэўскі адказаў, што справа не ў паказчыку: «Паказчык — арыенцір. Трэба разняволіць дзелавую ініцыятыву».
Намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Валеры Кавалькоў на слуханні ў парламенцкай камісіі па бюджэце наўпрост прызнаў, што «расце напружанасць на рынку працы». Паводле яго слоў, «наймальнік найбольш уважліва глядзіць на неабходную колькасць занятых на сваім прадпрыемстве, спрабуе неяк аптымізаваць выдаткі, у тым ліку за кошт скарачэння штату супрацоўнікаў».
Разам з тым 28 чэрвеня агенцтва БелаПАН са спасылкай на Мінпрацы паведаміла пра зніжэнне каэфіцыенту напружанасці на рынку працы (суадносіны зарэгістраваных беспрацоўных да колькасці вакансій) — з 1,7 чалавек на адно працоўнае месца летась да 1,5 — у чэрвені гэтага года.
Паводле афіцыйных дадзеных, узровень зарэгістраваных беспрацоўных у Беларусі на пачатак года складаў 1,2% да эканамічна актыўнага насельніцтва, цяпер Мінпрацы паведамляе пра скарачэнне гэтага паказчыку да 1,1%. Усяго ў маі 2016 года беспрацоўнымі былі зарэгістраваны 12,7 тысяч чалавек. Сёння памер дапамогі па беспрацоўі складае каля 260 тысяч рублёў, што зніжае матывацыю людзей рэгістравацца на біржы. Мяркуецца, што ў бліжэйшы час памер выплат па беспрацоўі будзе павялічаны, але чыноўнікі не кажуць пра тэрміны.
На гэты час ва ўрадзе разглядаецца канцэпцыя ўвядзення абавязковага дзяржаўнага страхавання па беспрацоўі, якое мусіць быць дадатковым зборам да адлічэнняў у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва. На Усебеларускім народным сходзе агучаны арыенцір на «абнаўленне сістэмы кіравання эканомікай» (эўфемізм замест забароненага слова «рэформа»), а таксама «аптымізацыя дзейсных працоўных месцаў» (чытай — скарачэнне занятых). Апошняя ініцыятыва тычыцца найперш бюджэтнай сферы.