«Пераможцамі» ў «распіле» дзяржбюджэту будуць сілавікі і прапаганда
Эканаміст Аляксандр Кныровіч прааналізаваў дзяржаўны бюджэт на 2023 год і знайшоў у ім шмат цікавых лічбаў.
— За год насельніцтва Беларусі зменшылася амаль на 100 тысяч чалавек, а таксама кудысьці зніклі 23 населеныя пункты. Гэта напісана ў праекце бюджэту на 2023 год, апублікаваным Міністэрствам эканомікі, — гаворыць Аляксандр Кныровіч у новым выпуску на сваім канале.
— За год знікла сем бальніц, куды яны падзеліся — незразумела, — дадае эканаміст. — Таксама зменшылася колькасць ясляў і дзіцячых садкоў — на 39, праўда, і колькасць дзяцей зменшылася, аднак не прапарцыйна колькасці змяншэння арганізацый. І калі колькасць дзяцей у садках зменшылася, то са школамі сітуацыя іншая: колькасць дзяцей у школах расце, а колькасць саміх школ змяншаецца — за год мінус 42.
Далей даходзім да фізічнай культуры і спорту. Нягледзячы на клопат Лукашэнкі і прапаганду здаровага ладу жыцця людзей, якія займаюцца фізкультурай і спортам, за год стала на 40 тысяч менш.
Цяпер глядзім на запланаваныя даходы і выдаткі на 2023 год. Даходы запланаваны ў памеры 57 млрд, выдаткі — 60 млрд. Паміж імі ёсць дзірка прыблізна ў 3,5 млрд рублёў. Такая дзірка не нясе пагрозы бюджэту ці беларусам, таму што знаходзіцца ў рамках 2% ад ВУП — дапушчальнага дэфіцыту бюджэту з пункту гледжання нормаў ЕС. Гэтая лічба не павінна палохаць. Затое здзіўляе іншае.
Летась у нас быў план па даходах і расходах на 47,3 млрд рублёў. Мы бачым аднамомантнае павелічэнне адразу на 10 мільярдаў, ці на 20%, у гэтым годзе. Частку гэтага павелічэння можна спісаць на інфляцыю, летась яна склала 12,8%. Але нават з улікам гэтага бюджэт у нас чамусьці рэзка расце.
І калі мы зазірнём глыбей, то ўбачым, што па-за межамі нармальнага росту ў рамках інфляцыі ў нас ёсць велізарны кавалак, які мы збіраемся ў наступным годзе атрымаць ад Расіі — гэта два мільярды долараў.
Эканаміст мяркуе, што гэтыя грошы — вынік доўгіх намаганняў урада «па кленчанні ў Крамля кампенсацыі за падатковы манеўр». Некаторы час таму ў Расіі вырашылі перанесці падатковую нагрузку з продажаў (у тым ліку вуглевадародаў) на здабычу. Натуральна, у выніку гэтага падняліся кошты на нафту і газ і для Беларусі.
— Урад не мог прайсці міма і пачаў патрабаваць кампенсацыю — і вось яна запланавана ў бюджэце на 2023 год.
Куды ж мы збіраемся выдаткаваць шчасце, што нечакана звалілася на ўсіх? Калі паглядзім на расходныя артыкулы, якія маюць непасрэднае дачыненне да людзей (сацыяльная палітыка, адукацыя, ахова здароўя), то бюджэт там павялічваецца ў межах плюс-мінус інфляцыі, аднак істотных змен па гэтых артыкулах не плануецца.
Плануецца павялічыць дзяржаўныя інвестыцыі ў эканоміку на 22% — гэта істотная частка, амаль мільярд рублёў. Па-другое, плануецца павялічыць выдаткі на судовую і праваахоўную сістэмы. Там запланавана павелічэнне больш чым на 30%. Самае вялікае павелічэнне запланавана на нацыянальную абарону — больш чым на 50%. Гэта вельмі істотныя грошы, верагодна, яны адэкватныя бягучаму моманту, аднак трэба памятаць, што, у адрозненне ад міліцыі, наша армія заўсёды была недафінансаваная.
Армія заўсёды была падчаркай дзяржавы, на якую вылучаліся грошы з астатку. І калі дзяржавы NATO ставяць на мэце выдаткоўваць 2% ад ВУП на абарону, то ў Беларусі выдаткоўвалася 0,5%. Цяпер гэта будзе часткова кампенсавана, і, магчыма, нашы выдаткі на абарону нарэшце дасягнуць 1% ад ВУП.
Аднак радавацца за беларускае войска ўсё адно не выпадае — яно застаецца недафінансаваным, нягледзячы на вонкавыя пагрозы.
Пераможцамі ў гэтым бюджэтным спаборніцтве Кныровіч называе суддзяў, пракурораў і міліцыянтаў. Ён таксама робіць беларусам тонкі намёк: беражыце галаву. І вось чаму.
— На радыё і тэлебачанне запланавана павелічэнне асігнаванняў да 133 млн рублёў. Так што з кожнага грамадзяніна Беларусі на Азаронка і Мукавозчыка траціцца шэсць долараў на год. Яны, дарэчы, вельмі сумленныя ў дачыненні да сябе: у бюджэце прапісана іх мэта — дамагчыся, каб давер да дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі вырас з 41% (цікава, як яны гэта палічылі) да 42%.
Паводле «Салідарнасці».