Нулявая адказнасць. Нацбанк удакладніў, калі банк не верне скрадзеныя з карткі грошы
Нацбанк удакладніў пералік умоў, пры якіх банк адмовіць у звароце сродкаў, скрадзеных з карткі ў межах дзеяння прынцыпу нулявой адказнасці.
У Беларусі ўжо два гады дзейнічае так званая нулявая адказнасць для ўладальнікаў пластыкавых картак: калі ў вас з «пластыка» скралі грошы, то вы можаце на працягу 30 дзён звярнуцца ў банк, і грошы вам вернуць за 45 дзён, калі іх скралі ў Беларусі, і за 90 дзён, калі гэта здарылася за мяжой. Праўда, пры выкананні пэўных правілаў. Напрыклад, нельга перадаваць картку (і ПІН-код) iншым асобам, выкарыстоўваць картку без СМС-абвесткі і гэтак далей.
Цяпер Нацбанк удакладніў пералік умоў, пры якіх банк адмовіць у звароце сродкаў:
- калі несанкцыянаваную аперацыю здзейснілі з уводам ПІН-кода (для чыпавых і бескантактавых картак);
- калі аперацыю здзейснілі ў інтэрнэце з выкарыстаннем тэхналогіі 3D-Secure (Verified by Visa);
- калі аперацыю здзейснілі з увядзеннем лагіна і пароля ў інтэрнэт-і мабільным банкінгу;
- калі аперацыю здзейснілі пасля таго, як трымальнік карткі або кліент ініцыяваў адмену яе блакавання, якую банк вырабіў, каб прадухіліць несанкцыянаваны доступ да рахунку кліента (рахунку па ўліку крэдытаў);
- калі ў банка ёсць інфармацыя аб ашуканскіх дзеяннях трымальніка карткі;
- калі заяву аб вяртанні грошай не было пададзена ва ўстаноўлены тэрмін.
Акрамя таго, зараз каб аператыўна вырашаць падобныя пытанні, фізічныя асобы могуць падаваць у банк заявы ў электронным выглядзе. Затое з пераліку паважных прычын, якія дазваляюць падоўжыць тэрмін падачы заявы, выключылі знаходжанне ўладальніка карткі за межамі Беларусі.
Паводле tut.by